Яе ўздым адбыўся ў 1990-я, мяжа ХХ—ХХI стагоддзяў вывела праект «Хельсінская школа» ў пазнавальны сусветны брэнд. Аднак дагэтуль выставы прадстаўнікоў фатаграфічнай эліты ў Мінску — рэдкасць, і экспазіцыя Юсі Аалта стала першым рэтраспектыўным паказам фінскага аўтара.
На выставе прадстаўлены працы розных перыядаў. Каля 160 фатаграфій сабраны ў 12 раздзелаў, у тым ліку падборка з класічных серый «Прэзідэнты Фінляндыі» (1976—2002) і «Людзі Фінляндыі» (2012—2013).
Юсі Аалта — класік, мадэрніст і рамантык. Спрабаваў сябе ў рэпартажнай, фэшн-, рэкламнай і канцэптуальнай фатаграфіі. Працаваў у буйным часопісе «Kameralehti» Хельсінкскага фатаграфічнага клуба. Стаў адным з першых выкладчыкаў фатаграфіі ва Універсітэце прамысловага мастацтва, заснаванага ў 1973 годзе.
Сваю кар’еру Аалта пачаў у 1960-х, гэты перыяд вызначыўся афіцыйным стартам вывучэння мастацтва фатаграфіі ў Фінляндыі. А ў 1970 годзе быў заснаваны Музей фінскай фатаграфіі, што займаўся зборам і даследаваннем, а таксама выставачнай дзейнасцю.
Захапленне партрэтам, чорна-белым, а пасля і каляровым, Аалта пранёс праз усё сваё творчае жыццё. У ранніх працах адчувальны ўплыў Рычарда Аведона, Аўгуста Зандэра, Ірвіна Пена, Анры Карцье-Брэсона і іншых, пасля прыйшоў уласны досвед і пачалося інтэграванне розных падыходаў знакамітых заходніх аўтараў у арсенал уласных сродкаў.
Аалта выкарыстоўвае фатаграфію як дасканалую ўніверсальную мову, з дапамогай якой транслюе гісторыю сваёй краіны. Ягоны аповед, вытканы з фрагментаў жыцця сучаснікаў, дапоўнены серыяй выяў гарадскіх скульптур, што расказваюць пра мінулае краіны. «Кароткая гісторыя Фінляндыі» — серыя зімовых здымкаў, «двайнікоў» статуй у Хельсінкі, якія адлюстроўваюць важных людзей у гісторыі і культуры Фінляндыі з 1840-х, дзе ўмешванне аўтара ў зыходны матэрыял мінімальнае — зрэжысараваны фон. Тут суседнічаюць выявы знакамітага Эліяса Лёнорта, складальніка фінскага паэтычнага эпасу «Калевала», аўтарства Эміля Вікстрома (1902), Алексіса Ківі, нацыянальнага пісьменніка ХІХ стагоддзя, у выкананні скульптара Вяйнё Аалтанена, «Дыяны» Ір’е Лінола (1928)... Па гэтых здымках можна вывучаць этапы станаўлення дзяржавы. Цікава адзначыць, што ў дадзеным выпадку фатаграфія выступае не сведчаннем часу, але толькі адбіткам нацыянальнай ідэалогіі, фіксатарам публічна ўсталяванай і агульнапрынятай версіі падзеі.
Творчасць Аалта можна назваць своеасаблівай ілюстрацыяй да гісторыі фатаграфіі Фінляндыі апошніх сарака гадоў. Захапленне чорна-белымі партрэтамі змянілася рэпартажнай дакументалістыкай, паралельна ішла праца ў рэкламнай здымцы, у пазнейшы перыяд пачаліся эксперыменты з абстракцыяй, стрыт-фатаграфіяй і іншае. Выява Урха Кеканена (1976) зрабілася легендарнай і знакавай. Героі партрэтных серый нароўні з вядомымі палітычнымі дзеячамі і знакамітымі акцёрамі — простыя людзі, звычайные гараджане, вясковыя жыхары. І калі фатаграфія — гэта мастацтва, якое ў сваёй аснове мае праекцыі рэальнага жыцця, то ключавым момантам у яе вытворчасці ёсць намер аўтара. Менавіта аўтар выстаўляе рамку і вызначае акцэнты фіксаванага. Партрэтную фатаграфію Карцье-Брэсона называюць самай складанай. А вядомы англійскі фотамайстар лорд Патрык Лічфілд сцвярджаў, што «чалавек, якога фатаграфуюць, складае 50% партрэта, а астатнія 50% — гэта фатограф». С’юзан Зонтаг, успамінаючы франтальныя позы на здымках Арбус, пазначала ідэю супрацоўніцтва фатографа і партрэтаванага. Юсі Аалта, паказваючы палітыкаў праз франтальную кампазіцыю ў поўны рост (серыя «Прэзідэнты Фінляндыі»), з накіраваным у камеру позіркам, дэманструе адкрытасць і шчырасць мадэлі, пацвярджае даверныя адносіны паміж фатографам і мадэллю. Гэты ход фінскі фотамастак інтэгруе ў сваю пазнейшую серыю «Людзі Фінляндыі». Партрэт — нездарма ўлюбёны жанр аўтара, і нешта няўлоўнае, неартыкуляванае ўвасабляецца ім у простых чалавечых гісторыях. У свой час Аўгуст Зандэр зрабіў серыю фатаграфій, у якой зафіксаваў мноства сацыяльных тыпаў у спробе стварыць антрапалагічны аналіз «твару нашага часу», сацыяльнай структуры нямецкага грамадства. Пры гэтым у ягоныя задачы наўмысна не ўваходзіла «ні крытыкаваць, ні апісваць гэтых людзей». Аднак фінскі калега мае іншыя мэты. Аалта складае партрэтную галерэю вядомых і звычайных людзей Фінляндыі, Паўднёвай Амерыкі, Індыі, Гамбіі, Тайланда і іншых краін, акцэнтуючы ў ёй агульнае для ўсіх імкненне да шчасця і дабрабыту, а таксама патэнцыял рэалізаванасці гэтага імкнення ў залежнасці ад месца нараджэння і пражывання. У дадзеным выпадку ягоная фатаграфія імкнецца да «ўсхвалення ці да нейтральнасці» (паводле С’юзан Зонтаг), адлюстроўвае пазіцыю аўтара ў адносінах да месца і сацыяльнага, эканамічнага і палітычнага кантэксту.
Пазней Аалта захапляецца абстракцыяй, дзе выявы канструююцца з фрагментаў рэальнасці, з эксперыментаў з формамі і фактурамі. Заняткі рэкламнай фатаграфіяй праявіліся ўвагай да дэталяў, прадметаў. С’юзан Зонтаг пісала, што «прадмет можа быць прыгажэйшым на здымку, чым у жыцці», можа быць больш значным. Здольнасць фатаграфіі надзяляць значнасцю, важнасцю і прыгажосцю штодзённасць заснавана на яе ўласцівасці замарожваць час і даваць магчымасць разгляду спыненага моманту, ствараючы ілюзорную бачнасць выдатнага, здольнага даваць эстэтычнае задавальненне. Што з’яўляецца адначасова і перавагай, і небяспекай гэтага медыума.
Уладальнік дзяржаўных прэмій Фінляндыі, экс-старшыня Хельсінкскага фатаграфічнага клуба, настаўнік, пісьменнік, Юсі Аалта атрымаў пажыццёвую пенсію за мастацкія заслугі. Пра сябе і сваю кар’еру ў фатаграфіі ён кажа так: «Я апазнаю сябе фатографам, узыходным да класічнага перыяду развіцця, які пачаўся ў 1920-я. Прамая фатаграфія і вызначальны канцэпт “вырашальнага моманту” Карцье-Брэсона — гэта мае апорныя пункты. Тое, што я заву класічнай фатаграфіяй, у мастацкіх колах пазначаецца як мадэрнізм. Так што я — мадэрніст. Яшчэ я рамантык, у сэнсе выбару маіх аб’ектаў, не тэхнікі. Я жадаю рабіць прыгожыя фатаграфіі. Вельмі важна фіксаваць боль і беды, якія людзі робяць адно аднаму. Аднак мне таксама важна паказаць захаванае ў чалавеку сапраўднае і несапсаванае. Гэта мой шлях».
Вольга РЫБЧЫНСКАЯ