Беларускае мастацтва — асаблівая мадэль космасу: кожная планета рухаецца паводле сваёй траекторыі, абсалютна незалежна ад таго, што адбываецца тут і цяпер па суседстве. Пастаноўка абмежаваных задач можа быць званочкам: пэўная сістэма развіваецца ў вакууме. Пастаноўка нетрадыцыйных задач — прыкмета выхаду за межы.
У чым абмежаванасць гэтага праекта? Па-першае, у адсутнасці рэфлексіі з нагоды гісторыі мастацтва: некаторыя творцы працуюць з аб’ектам як Адам і Ева — нібы першыя на Зямлі. З іншага боку — яно і зразумела. Хто і дзе дае ў нас такія веды? Таму на выставе ўзнікае выразнае адчуванне, што многія аўтары паставіліся да акрэсленай куратарам задачы як да забаўкі: пагуляемся, чаго ж не. Так з’явілася даволі шмат неасэнсаваных твораў. Як ні дзіўна — крытэрыі якасці аднолькавыя ва ўсіх відаў арту: думка ў пачатку і пераканальнасць яе рэалізацыі, што праяўляецца ў выразным мастацкім увасабленні, якім бы эфемерным яно ні было. І тое дзейнічае як у жывапісе і графіцы, так і ў аб’ёме — бронза гэта ці трэшавыя матэрыялы.
Другі момант: у нас ёсць шэраг цудоўных мастакоў, што даўно і плённа працуюць як з аб’ектамі, так і з інсталяцыямі. І тут планеты ніяк не сыдуцца. Ну не могуць творцы, якія выстаўляюцца па дыяганалі ад будынка Палаца мастацтва, прыйсці ў гэтую экспазіцыю — хоць, па словах куратара, запрашалі ўсіх, а правядзенне выставы было анансавана даволі даўно. Аднак прынцыпы вытрыманы, усе межы засталіся непарушнымі, а пакутуе хто? Глядач і мастацтва. Як знайсці пункты перасячэння? Ёсць прэцэдэнт: на выставу, прысвечаную ўгодкам паўстання Кастуся Каліноўскага, Рыгор Сітніца запрасіў куратарку Наталлю Гарачую, яна прывяла «сваіх» аўтараў. Іх прасторавыя кампазіцыі стварылі моцныя акцэнты, тэма ўзбагацілася на новыя вырашэнні. Ні адна работа не прайграла ад перасячэння і перасякання розных фарматаў і стыляў.
Дасведчанаму гледачу выстава «Таму што...» мала што дала для асэнсавання таго, як развіваецца мастацтва аб’екта: не было магчымасці параўнаць ключавыя постаці, прасачыць тэндэнцыі, убачыць агульную карціну.
Аднак мастакам выстава дала шмат. У гэтым яе пазітыўная роля, яна сталася ўнутраным эксперыментам Саюза, які прайшоў даволі ўдала. Уласна так праект і задумваўся: справакаваць аўтараў на новы матэрыял, зацікавіць гледача, паказаць яму, як са звычайных рэчаў можа ўзнікнуць твор мастацтва.
Былі пастаўлены нетрадыцыйныя задачы для ўдзельнікаў: «З простых формаў ды рэчаў пабытовага ўжытку стварыць мастацкі вобраз, адметны арыгінальнай ідэяй ды глыбокім зместам».
Далей у прэс-рэлізе тлумачыцца выбар аб’екта як тэмы для выставы: «Таму, што аб’ект гаворыць сам за сябе. Таму, што ён вельмі актыўны ў візуальным плане. Таму, што арт-аб’ект разлічаны на эмацыйную рэакцыю гледача, ён створаны з розных матэрыялаў і прадметаў і перадае творчую ідэю стваральніка шляхам непасрэднага ўзаемадзеяння з публікай. Куратар арт-фэсту мастак, кіраўнік секцыі графікі БСМ Уладзімір Савіч падкрэслівае: “Неабходна даць аб’ектам і канструкцыям прасторавае дынамічнае перамяшчэнне, падкрэсліць рытм, энергетызм і прынцыпы пластычнага руху; паказаць змястоўнасць абнаўлення, актывізацыі і наладжвання новых узаемаадносін паміж прасторай, аб’ектам, гледачом”».
Куратар і яго памочнікі зрабілі гэты праект як эксперымент, але абяцаюць больш якасны працяг: з меншай колькасцю ўдзельнікаў і больш строгім адборам твораў, больш выразным падыходам да прасторавай арганізацыі экспазіцыі, з пазначанай тэмай, з працай з мастакамі на працягу падрыхтоўкі. Было б, канешне, добра правесці невялікае даследаванне, хто працуе ў нас з аб’ектамі, каб прыцягнуць і майстроў «з іншых планет», але гэта ўжо пытанне рамак, бо ў тым жа прэс-рэлізе ўдзельнікі пазначаны так: «сябры Беларускага саюза мастакоў ды іншых творчых саюзаў, а таксама студэнты мастацкіх навучальных устаноў».
Найбольш выразна глядзеліся працы, адмыслова «ўбудаваныя» ў прастору. Напрыклад, на пачатку гледача сустракала інсталяцыя Сяргея Белавокага, праз якую трэба было праходзіць, уступаць ва ўзаемадзеянне ці пазбягаць яго. Мастак прапанаваў канцэпцыю і асэнсавана яе рэалізаваў. Акцэнтам экспазіцыі верхняй залы стаў аб’ект Канстанціна Вашчанкі, што раней выстаўляўся на маштабнай «Avant-gARTe: ад квадрата да аб’екта» ў будынку былога павільёна БелЭКСПА на праспекце Пераможцаў. Яшчэ адной дамінантай залы стаў праект Уладзіміра Панцялеева «Птушкі сусвету», у якім творца прапанаваў розным мастакам аформіць у сваім стылі драўляных птушак.
Скульптурныя працы Андрэя Вераб’ёва лёгка інсталююцца ў любую экспазіцыю, яны змяняюцца ў залежнасці ад пункту агляду, як і змяняюць прастору вакол. Яшчэ адзін скульптар Віктар Копач прадставіў некалькі сваіх работ, у якіх выкарыстоўвае самыя што ні на ёсць трэшавыя матэрыялы, арганізуючы іх у вытанчаныя эстэтычныя канструкцыі.
Ад класікаў гэтага віду мастацтва Аляксандра Фалея і Васіля Васільева чакалася большага, бо яны ў стане ствараць моцныя прасторавыя акцэнты, дамінанты экспазіцыі.
Куратар запрасіў і жывапісцаў, з умовай, што карціны будуць не проста развешаны па сценах, а выразна інсталяваны ў прастору. Крок атрымаўся даволі ўдалым, бо палотны сапраўды спрацавалі як аб’екты.
Ёсць спадзяванне, што «Таму што...» выканае сваю функцыю каталізатара: разбурыць стэрэатыпны падыход да фармавання саюзаўскіх экспазіцый, а мастацтва аб’екта займее новых прыхільнікаў.
Трэш-арт, названы плынню актуальнай і экалагічнай, атрымае новае жыццё.
А праца на стыку розных відаў увойдзе ў звычку.