Прафесар Акадэміі музыкі па класе цымбалаў і выдатны музыкант, Яўген Гладкоў, апроч усяго іншага, тонкі эстэт і знаўца гэтага ўнікальнага інструмента. Менавіта Яўген Гладкоў з’яўляецца аўтарам пералажэнняў і аранжыровак многіх сачыненняў, складальнікам разнастайных цымбальных праграм, выкананых на сцэнах рэспублікі і свету. Інакш кажучы, сапраўдны місіянер цымбальнай культуры!
Даследаваць інструмент Яўген Гладкоў пачаў яшчэ студэнтам кансерваторыі і ўбачыў яго непаўторныя асаблівасці. Каларыт, у якім ядналіся пяшчота і звонкасць, пявучасць і незабыўныя абертоны гукаў. Цудоўную здольнасць да тэхнічнай імправізацыі, хуткаснасць і гарэзнасць пасажаў, здольнасць зрабіць яркай кожную кампазіцыю.
Жывое ўяўленне музыканта малявала цэлыя карціны, створаныя з нотных фіярытур, камбінацый ударных і шчыпковых прыёмаў. Працягваючы справу свайго настаўніка Іосіфа Жыновіча, які вывеў цымбалы на ўзровень прафесіяналізму ў час, калі беларускае прафесійнае мастацтва толькі падымалася з пасляваенных руін, Яўген Гладкоў узняў яго да еўрапейскай вышыні, пра што цяпер і сведчаць канцэрты ансамбля «Лілея».
Прызнацца шчыра, гучанне гэтага аркестра выклікае велізарную гаму пачуццяў! Ансамбль у такой ступені сыграны і «пабудаваны», што можа выканаць абсалютна розную музыку. Пачынаючы з народных прыпевак, песенных апрацовак і заканчваючы цалкам сучаснымі сачыненнямі, слухаючы якія і не скажаш, што яны ствараліся выключна для цымбалаў.
— Калі я пачынаў, — кажа Яўген Пятровіч, — была распаўсюджана самая простая музыка, народная, папулярная, усім вядомая. Але вельмі хутка паўстала пытанне рэпертуару. Цымбалы даступныя, студэнтаў прыходзіла вучыцца шмат. А што іграць?.. Я пачаў падбіраць, аранжыраваць народную і класічную музыку для патрэб ансамбля, які ўжо быў створаны. У рэпертуар увайшлі Бах, Ліст, Люлі, апрацоўкі беларускага фальклору. Вядома, гучанне класікі цікавае, але мяне не ўсё задавальняла. Хацелася адысці ад менавіта народнай манеры ігры на інструменце і прыўнесці нешта новае, сваё, уласны вопыт, што, магчыма, дапамог бы інструменту выйсці на новы, больш прагрэсіўны ўзровень выканальніцтва.
Так з’явіліся эксперыментатарскія, адшліфаваныя самім Гладковым прыёмы, якім музыкант адразу навучаў студэнтаў, — розныя віды аплікатуры, трэмала, удараў і шчыпкоў. Можна сказаць, «Лілея» — гэта майстэрня, кузня, дзе метадычна, старанна, з вытанчаным, але высокатэхнічным прафесіяналізмам, гартуюцца лепшыя музыканты рэспублікі. Пазней менавіта яны заваёўваюць прызы на конкурсах, ствараюць ансамблі і вучаць у школах дзяцей таму, чаму калісьці навучыў Яўген Пятровіч, — пачуццю прыгожага, павазе і захапленню радзімай, жаданню падараваць слухачу ўласнае мастацтва. На юбілейнай вечарыне сваё майстэрства паказаў склад цымбальнага ансамбля 1994 года, і іх «Tанец з шаблямі» Арама Хачатурана выклікаў авацыю ўдзячнай публікі.
— Студэнты, вядома, народ спрытны, — кажа Гладкоў. — Усе хочуць іграць у «Лілеі», выступаць і адчуць удзячнасць слухачоў. Так! У гэтым выяўляецца запал маладосці. Але колькі трэба прыкласці намаганняў для класнага гучання! Іграць тонка, з філіграннай дакладнасцю ўдару, прадумваць нюансы, дыханне, фразіроўку... Трэба мець жаданне не толькі навучыцца тэхнічна іграць, але яшчэ і ўмець распавесці пра ўласныя пачуцці, адпусціць эмоцыі ў эфір, каб яны перадаліся гледачу. Зала можа адчуць пяшчоту або страсць, задуменнасць або іронію толькі тады, калі мы самі адчуваем гэта. Студэнты ў ансамблі вучацца перадаваць калектыўную эмоцыю... Без гэтага не выбудуецца ніводны твор. І заадно вырашаюць многія асабістыя псіхалагічныя пытанні, звязаныя з працай у калектыве, станаўленнем сябе як асобы і музыканта, а таксама з разуменнем музыкі і культуры ў цэлым. Каб быў вынік, у калектыве павінна быць згода! Што сказаць... Я — строгі выкладчык! (Прысутныя студэнты ў гэты момант усміхаюцца і шматзначна ківаюць.)
Атмасфера на занятках у класе надзіва прыязная. Ці трэба адзначаць, што субардынацыя паміж прафесарам і студэнтамі плаўна пераходзіць у каардынацыю і наадварот? Бесперапынны творчы працэс. Часам і не разумееш: ты на рэпетыцыі або на занятках? Гладкоў умее — і гэта дар! — кантактаваць са студэнтамі. Тут напоўніцу працуе велізарны досвед чалавека і педагога, а таксама неверагоднае пачуццё гумару, якое заўсёды служыць выдатную службу. Вось падчас ігры хтосьці «завіс» — і трапнае слоўца педагога тут жа выводзіць студэнта «са спячкі». Tое ж і на канцэртах. Гладкоўскі гумар — гэта лёгкая іронія, амаль бацькоўскія жарты, абсалютная незласлівасць, здольнасць пасмяяцца з сябе ды іншых.
Гумар, уласцівы народнай музыцы, уплывае і на драматургію твора, бо кожнае сачыненне Гладкоў бачыць, прадумвае ягоны ход, нібы рэжысёр. Кожны нумар — гэта маленькі шэдэўр! У дадатак цымбальнай музыцы не ўласцівы буйныя формы. Тут і фантазіі, у якіх аказваюцца запатрабаванымі касцюмы кароў і каўбояў, маскі, бутэлькі. У выніку ўсё ўспрымаецца як сапраўднае дзейства!
Цікавыя атрымаліся монаспектаклі на вершы Максіма Багдановіча, а таксама юбілейныя вечары, прысвечаныя Максіму Багдановічу, Петрусю Броўку, Ігнату Буйніцкаму, Сяргею Ясеніну, Янку Маўру, Максіму Гарэцкаму, Іосіфу Жыновічу. На ўсіх канцэртах нязменна адчуваўся выдатны настрой. Інакш кажучы, з «Лілеяй» душа адпачывае, а з Гладковым — весяліцца.
Слаўная дата — 50-годдзе ансамбля «Лілея»! Слаўная і парадаксальная адначасова: узрост салідны, а склад — заўжды юны. «Лілея» даўно зрабілася тварам музычнай студэнцкай Беларусі на канцэртных пляцоўках рэспублікі і замежжа, няхай гэта фестывалі або конкурсы ў Германіі, Швейцарыі, Славакіі…
Рэпертуар ансамбля цяпер вельмі шырокі. Тут і сучасная беларуская музыка — сачыненні Андрэя Мдывані, Вячаслава Кузняцова, Уладзіміра Кур’яна, Віктара Войціка. І класіка — Іаганэс Брамс, Роберт Шуман, Іаган Штраўс, Антоніа Вівальдзі. А таксама рок-н-рол і джазавыя творы. А яшчэ нацыянальныя кампазіцыі розных краін — Расіі, Балгарыі, Малдавіі, Грэцыі, Амерыкі. Інакш кажучы, студэнцкі ансамбль адыграў столькі першакласнай музыкі, што па праве набыў статус масцітага, па ўзоры якога сягоння ствараюцца ансамблі ў іншых навучальных установах. «Лілея» працуе сумесна з салістамі — піяністамі, вакалістамі або ўдарнікамі, выкарыстоўвае каларытныя мастацкія прыёмы, як напрыклад, чароўны эфект гавайскай гітары. Магчымасці цымбалаў амаль бязмежныя: тут велізарнае поле для творчасці — і кіраўніка, і студэнтаў. Таму трэба прызнаць, што за 50 гадоў бліскучага прафесійнага развіцця «Лілеі» на чале з Яўгенам Гладковым цымбалы ўспрымаюцца нароўні з іншымі інструментамі, «якія выйшлі з народа», такімі як скрыпка, і занялі годнае месца ў сістэме струнных шчыпкова-ўдарных інструментаў, хоць мы і прызвычаіліся называць іх народнымі. Цяпер гэта не так, і хочацца, каб і ў нашай Акадэміі музыкі назва «народны інструмент» у дачыненні да цымбалаў была перагледжана, бо яна ўжо не адпавядае дынаміцы часу.
Напрыканцы мінулага стагоддзя, у 1997-м Яўген Гладкоў стварыў Беларускую асацыяцыю цымбалістаў, якая ўвайшла ў сусветную Асацыяцыю, у тым жа годзе правёў у Магілёве Сусветны кангрэс цымбалістаў. Але і да гэтага часу Яўген Пятровіч удзельнічае ў розных форумах, канферэнцыях, фестывалях і конкурсах у Беларусі і свеце. Заняты так, што знайсці час на інтэрв’ю вельмі складана. Але гэта выдатна, калі праца прыносіць не толькі задавальненне, але шчасце! Калі ведаеш, што твой досвед з любоўю пераходзіць да наступнага пакалення.
Марыя МДЫВАНІ