Найбольш цікавае «ў Азгура» выходзіць на сутыкненні розных праяваў сучаснай беларускай (і не толькі) культуры. Гэтаму спрыяе, напэўна, спецыфічнасць прасторы, дзе што ні зробіш, то ўсё роўна на тле сацрэалістычна-партрэтнага «пантэона герояў» атрымліваецца нейкая эклектыка.
Для таго каб збіць ад захаплення дыханне новага наведніка, музею не трэба рабіць амаль нічога. Ну хіба змахваць пыл з некалькіх сотняў сацрэалістычных бюстаў і статуй працы Азгура, сабраных у вялікай зале — там, дзе яны некалі ствараліся.
Несумненна, сучасны Музей Азгура варты больш пільнай увагі як медыя, так і нашай мастацкай супольнасці, але крыху боязна за камерны фармат яго «тусоўкі».
Гэта была доўгая і апантаная прамова — люблю вас, «азгураўцы»! — але нагодай для допісу стала нешта, што я пабачыў у музеі ўпершыню. А менавіта — удалае і парадаксальнае ўварванне ў звыклую ўжо экспазіцыйную сітуацыю, пластычную, «кропку зборкі», якой бракавала папярэднім праектам музея.
Ёй стала велізарная (чалавек вольна праходзіць у арцы паміж «ног» дзвюх умоўных постацей, што складаюць «Абдымкі») скульптура Васіля Цімашова і Паліны Піраговай, выкананая ў традыцыйнай народнай тэхніцы пляцення з лазы. На мой погляд, лепшая прасторавая інтэрвенцыя ў вялікі скульптурны зал музея з усіх, што здараліся там раней.
Да гэтага часу скульптура экспанавалася ў вялікай зале на нейкіх п’едэсталах. Цікавыя кампазіцыі — такія як «Адзін і многія» (2012) Канстанціна Селіханава і «Адны такія, іншыя — такія» (2014) Тамары Сакаловай, але прасторава — менавіта экспазіцыі, «выставы экспанатаў на подыумах» для сузірання. Аб’ект Паліны і Васіля прапануе прынцыпова іншы спосаб узаемадзеяння. Ён, хутчэй, проста структура, якая хай і нясе сляды антрапаморфнасці, але радыкальна адрозніваецца ад азгураўскіх герметычных галоваў — бо прызначаная дзеля таго, каб упускаць целы наведнікаў у сябе. Скульптура становіцца пранікальнай: успрымаецца не толькі звонку, але і знутры. Яна працуе ва ўзаемадзеянні з гледачом, які выступае часткай прасторавага рашэння, важным сэнса- і прастораарганізуючым кампанентам твора.
Адкрыццё выставы было анансавана як аўдыявізуальная інсталяцыя, дзе скульптурнаму аб’екту Васіля і Паліны адводзілася цэнтральная роля. Акцыя мела назву «iSNA — Мастацтва замест сну», а яе лейтматывам стала чытка рамана «Запрашэнне на кару» Набокава (чытаў Аляксей Касцевіч) разам з харэаграфічнымі пастаноўкамі па аповедах Картасара (Ганна Карзюк /«Skvo’s Dance Company») і музычнай імправізацыяй струннага квартэта з ударнымі (Анастасія Папова, Ілона Лесь, Зміцер Кацечаў, Данііл Залескі). Усё было надзвычай па-набокаўску, але, на вялікі жаль, харэаграфічная і музычная часткі былі прасторава разведзеныя са скульптурнай. Дзеянні адбываліся недзе побач, а было б цікава пабачыць паўнавартасны Gesamtkunstwerk, зліццё літаратуры, танца і скульптуры — такая магчымасць існавала. Тым не менш у скульптуры размясціліся гледачы, адтэставаўшы такім чынам яе інтэрактыўнасць.
А вось дынамічная відэаінсталяцыя Аляксандра Канончанкі, якая ўключала, сярод іншага, дакументацыю стварэння «Абдымкаў», была адасоблена вельмі дарэчна. Прыцемнены пакой малой выставачнай залы з мяккімі фатэлямі, дзе можна расслаблена паўляжаць, — менавіта тое, што было патрэбна, каб успрыняць яе трывожны, пульсуючы рытм.
Можна знайсці шмат кантрастаў, якія адцяняюць абодва бакі. Прыродны матэрыял Паліны і Васіля vs. гіпс Заіра: натуральная энтрапія — чалавечы звышкантроль; багацце і экспрэсія фактуры — загладжанасць; мінімалістычнасць — дэталізаванасць. Увогуле «Абдымкі» ўспрымаюцца тут агентам прыроды, азгураўскія партрэты ў гэткім суседстве выглядаюць ужо не так дамінантна.
Здаецца, наша скульптура робіць крок наперад. Пажадаем аднаму музею і двум выдатным аўтарам далейшых здзяйсненняў.