Летась тут знялі стужкі як славутыя рэжысёры (Міхаіл Жданоўскі, Галіна Адамовіч, Віктар Аслюк, Юрый Гарулёў, Мікалай Князеў, Вольга Дашук), так і наступнае пакаленне (Юрый Цімафееў, Кацярына Махава).
Галоўным вынікам года стаў цыкл фільмаў пра старажытныя замкі Беларусі, ініцыятарам якога быў Уладзімір Мароз. Атрымаліся цікавыя архітэктурна-культуралагічныя эцюды на тэму айчыннай спадчыны. Сапраўды, гэта вельмі перспектыўная і карысная справа. Яна выйгрышная для абодвух бакоў: кінематаграфісты могуць праявіць сябе ў розных экранных жанрах, а заказчыка — Міністэрства культуры — задаволіць рэкламна-прэзентацыйны патэнцыял экраннага прадукту. Вядома, былі складанасці ў тым, што аб’екты здымкаў знаходзяцца ў розным стане — ад руінаў да адноўленых турыстычных аб’ектаў. У дадатак цыкл з дзевяці стужак створаны зусім рознымі па стылістыцы рэжысёрамі. Мяне як крытыка цалкам задавальняе поліжанравасць і полістылістыка цыклу, так званая нефарматнасць. Гэта яскрава засведчыла: што дакументальнае кіно супраціўляецца жорсткай фарматнасці тэлебачання.
Перад намі стужкі культуралагічнага плану, фільмы-лекцыі, мэта якіх — данесці важную гістарычную інфармацыю, увасобленую праз вялікую колькасць іканаграфічнага матэрыялу: фатаграфіі, гравюры, творы жывапісу, архіўныя тэксты, мемуары. Напрыклад, карціна пра Наваградскі замак (рэжысёр Яўген Сяцько) мае грунтоўны інфармацыйны блок, элементы камп’ютарнай рэканструкцыі, арыгінальную музыку Віктара Капыцько (як бачым, нават у крызісныя часы наша дакументальнае кіно можа дазволіць сабе такую раскошу, як стварэнне арыгінальнай партытуры). «Мірскі замак» (рэжысёр Сяргей Агеенка) паўстае ў добрым візуальным адлюстраванні аператара Аляксандра Абадоўскага. «Ружанскі замак» (рэжысёр Мікалай Князеў) запамінаецца пампезным стылем прэзентацыі, што абумоўлена багаццем жывапіснага, графічнага і скульптурнага матэрыялу, выразнай музыкай Алега Хадоскі, уключэннем элементаў акцёрскай ігры, якая нагадвае паэтыку мастацкіх гістарычных фільмаў.
Стужка «Гродна. Стары замак» (рэжысёр Міхаіл Жданоўскі) пабудавана на маналогах выдатных прафесіяналаў — археолага Алеся Краўцэвіча і архітэктара Уладзіміра Бачкова, а таксама запамінальных дойлідных сілуэтах горада. Нарэшце, аповед пра Нясвіжскі палац (рэжысёр Ігар Чышчэня) утрымлівае разважанні двух захопленых экскурсаводаў, вядомых наведвальнікам славутага палаца, — Аляксея Будніка і Віталя Быля, якія змяняюцца доўгімі, амаль медытатыўнымі рухамі камеры, што дазваляе павольна разглядаць палацавыя інтэр’еры, вадаёмы і паркі.
Больш вострымі па мастацкім рашэнні падаюцца карціны пра Крэўскі, Гальшанскі і Быхаўскі замкі. Напэўна, гэта самыя таямнічыя мясціны Беларусі. Выгляд і атмасферу зруйнаванага Крэўскага палаца рэжысёрка Вольга Дашук і яе суаўтары аднаўляюць літаральна па дробязях — у дакументальнай, тэатралізаванай ці графічнай манеры. Захапляе нават пачатак фільма. Жанчына сталага веку гоніць каня ўздоўж рэшткаў замка, ля падножжа якога жыве, напэўна, усё жыццё. Таму так натуральна гучыць яе аповед пра родныя мясціны. Яна ведае ўсе даты мінулага, падрабязнасці заключэння Крэўскай уніі і многае іншае. Сапраўды захапляльна: простая сялянка ў ролі гіда распавядае пра замак, як пра родную і блізкую істоту. Ці не выяўляецца ў гэтым абсалютная сувязь чалавека і гісторыі? Дым ад вогнішча, якое раскладае гераіня, укрывае рамантычныя руіны туманам. І вось наступае час аўтарскай фантазіі. У замкавых контурах, у вуглаватых лініях руін акрэсліваюцца выразныя і таямнічыя профілі гістарычных персанажаў — Міндоўга, Ягайлы, Вітаўта, выдатна знятыя аператарам Анатолем Казазаевым. У той жа час за кадрам мы чуем дыялогі са спектакля «Князь Вітаўт» у пастаноўцы Купалаўскага тэатра. У гэткай рамантычна-фантастычнай атмасферы творчая ўява ўспрымаецца пераканаўча, нават да мурашак па целе. Сродкамі камп’ютарнай графікі на нашых вачах руіны замка павольна аднаўляюцца да прыгожага і цэласнага выгляду, вырастаюць да сваёй былой велічы і магутнасці. Чалавек у кантэксце дыялогу розных эпох — вось яна, сапраўдная дакументалістыка! На мой погляд, гэта лепшы фільм цыкла.
Вядомы сваёй містычнай аўрай Гальшанскі замак атрымаў адэкватнае ўвасабленне ў імпрэсіяністычнай замалёўцы «Гальшанскі замак. Імгненне» рэжысёра Юрыя Цімафеева. Яе сутнасць адлюстравана ў закадравым тэксце: «Імгненне стане гісторыяй». Эксперыментальным пошукам выглядае і стужка Кацярыны Махавай «Прыгоды ў Быхаўскім замку». Маладая аўтарка смела аперуе сродкамі ўсіх відаў кіно — ігравога, дакументальнага, анімацыйнага. Пасыл да полістылістыкі даецца вобразам хлопчыка, які ў руінах замка вольна адчувае атмасферу прыгоды і гульні.
Своеасаблівую інтэрмедыю ў панараме неігравога кіно складае замалёўка «Кася» Галіны Адамовіч — пра моцную жанчыну Касю Казачонак, беларускую валькірыю ці міфалагічную Дыяну-паляўнічую. Яркі характар гераіні, чароўныя кадры яе шчырых стасункаў з прыродай Міёрскага краю, беларускай Поўначы, — палявання на птушак, збору грыбоў ці журавін — заслугоўваюць, на мой погляд, больш глыбокага назірання і пашыранага фармату.
Незвычайнае ўзрушэнне выклікаюць стужкі «Маэстра Анісімаў» і «У хвіліны музыкі...» выдатнага рэжысёра Міхаіла Жданоўскага, што завяршаюць трылогію «Аляксандр Анісімаў — межы лёсу і таленту» пра славутага дырыжора. Першы фільм прысвечаны опернаму жанру, а два апошнія — сімфанічнаму і балетнаму. Такі падыход цалкам лагічны. Услед за дырыжорам рэжысёр падарожнічае па свеце — з Саратаўскага тэатра оперы i балета ў Паўднёвую Карэю, потым у Браціславу. Цікава назіраць за маэстра падчас рэпетыцый у міжнародных калектывах, бачыць выразную міміку аркестрантаў, якія не заўсёды згодныя з дырыжорам, слухаць каментары Анісімава пра менталітэт і характар розных калектываў — англійскіх, італьянскіх, паўднёваазіяцкіх. Серыя невялікіх 13-хвілінных стужак, безумоўна, павінна скласціся ў вялікі фільм, яго і заслугоўваюць два буйныя прадстаўнікі нашай культуры — Анісімаў і Жданоўскі.
Тэме сацыялізацыі хворых дзяцей прысвечаны фільм «Твой блізкі» рэжысёра Мікалая Князева. Малым, якія глядзяць пастаноўкі самадзейнага тэатра, патрэбна няшмат, іх вочы ззяюць, міміка і жэстыкуляцыя зашкальваюць. Ідэя старая як свет: паназіраць за малечай у працэсе захопленасці якім-небудзь дзействам. Так працаваў, у прыватнасці, знакаміты Герц Франк у карціне «На пяць хвілін старэйшыя». Беларускі рэжысёр ідзе далей: ён суправаджае працэс назірання выразнай закадравай музыкай Алега Хадоскі — секвенцыяй «Stabat mater» для голасу з аркестрам. Трагічная музыка складае эмацыйна-сэнсавы кантраст з выявай, калі ў кадры бачым радасна захопленых дзяцей. Гледачу быццам навязваецца пачуццё суперажывання. Між тым балюча глядзець на скажоныя хваробай твары, неасэнсаваныя позіркі, непрапарцыйныя постаці. Гуманістычны пасыл рэалізаваны занадта жорсткімі сродкамі, хоць мы ведаем Князева як кінамайстра тонкага псіхалагічнага назірання.
Што да поўнаметражных стужак мэтраў нашай дакументалістыкі, якія прайшлі праз сіта конкурснага адбору, дык яны прымусілі задумацца аб будучыні цэлай галіны экраннага мастацтва. Тэматыка фільмаў была вызначана ў фармаце конкурсу дакументальных праектаў. Таму аўтары апынуліся ў межах так званых заказных тэм. Міжволі на памяць прыходзіць пазітыўны прыклад класікаў — Дзігі Вертава, Сяргея Эйзенштэйна, Усевалада Пудоўкіна і многіх іншых, якія працавалі «на заказ». Таму можна спрачацца, карысна ці негатыўна адбіваецца такая акалічнасць на творчым абліччы кінематаграфістаў.
Складаныя ўражанні выклікае маштабны па тэме фільм «Беларусь. Дакументальная гісторыя», дзе аўтаркай сцэнарыя і рэжысёркай выступіла Галіна Адамовіч. Сапраўды, паказаць найноўшую гісторыю краіны сродкамі самой студыі «Летапіс» — цікавая ідэя, і належыць яна, мяркуючы па цітрах, вядомаму журналісту Паўлу Якубовічу. Рэалізацыя — іншае пытанне. Па сутнасці, перад намі мантажны фільм, дзе дамінуюць кадры і фрагменты ўжо зробленых раней стужак. Яны перамяжоўваюцца знятымі цяпер выказваннямі рэжысёраў Міхаіла Жданоўскага, Юрыя Гарулёва, Станіслава Гайдука, Віктара Аслюка, самой Галіны Адамовіч. Асобныя тэматычныя блокі закранаюць пытанні палітыкі, медыцыны, навукі, працоўнай і спартыўнай галін, духоўнай сферы, праблемы Чарнобыля. Дзесьці аўтары збіваюцца на хуткую гаворку, дзесьці распавядаюць больш грунтоўна. Фільм няроўны, у ім шмат так званых «гаваркіх галоў» — заганы любога кінематографа. Стужка нагадвае прэзентацыйны альбом, гартаючы старонкі якога атрымліваеш павярхоўнае ўяўленне пра дзяржаву, але ніяк не пра яе рэальныя праблемы. Гэта быццам «візітоўка» краіны. У фінале гучаць знакамітыя радкі «Малітвы» Янкі Купалы на музыку Уладзіміра Кур’яна. У параўнанні з «Малітвай» Алега Молчана, якую спяваў Уладзімір Мулявін, яна менш экспрэсіўная і больш затоеная. Такі няпафасны, лірычны фінал быў задуманы аўтарам ад самага пачатку праекта. На мой погляд, гэта лепшае, што ў ім ёсць.
Сапраўдны творчы подзвіг здзейснілі аўтары фільма «Трасцянец. Мы павінны ім памяць» — рэжысёр Юрый Гарулёў і аўтарка сцэнарыя Ірына Дзям’янава, якія звярнуліся да тэмы дзяржаўнага маштабу і сусветнай значнасці. На жаль, беларускае кіно вельмі сарамліва закранала тэму Халакосту. Нагодай для стварэння стужкі паслужыла адкрыццё помніка-мемарыяла Трасцянецкаму лагеру смерці пад Мінскам, аднаму з самых буйных канцэнтрацыйных лагераў на тэрыторыі Еўропы. Галасы ахвяр і сведкаў зверстваў фашыстаў арганічна ўплятаюцца ў сур’ёзнае і ўдумлівае аўтарскае даследаванне. Назва карціны вызначана выказваннем адной з гераінь фільма — Вальтраўд Бартан, аўстрыйскай даследчыцы праблем яўрэйскіх гета і адначасова ахвяры Халакосту, чыю сям’ю паглынула вар’яцкая цемра. Пераадольваючы слёзы, яна тлумачыць прынцып пошуку ахвяр яўрэйскіх гета ў еўрапейскіх краінах. На вуліцах Вены Вальтраўд спыняецца перад так званымі камянямі перашкод, усталяванымі перад парогамі дамоў, адкуль калісьці забралі цэлыя яўрэйскія сем’і. Уражвае непрадказальная драматургія жыцця, калі даследчыца бачыць маленькага хлопчыка, што зацікавіўся здымкамі. «А ты адкуль?» — «З Ірака». — «Што ты робіш?» — «Чакаю маму». Маленькі цемнавокі пасланец іншага этнасу і іншай эпохі дачакаецца сваёй маці, у адрозненне ад людзей, пра якіх гаворка ў фільме. Іх доўгае падарожжа па Еўропе складае трагічны маршрут — Тэрэзін у Чэхіі, Трэблінка, Майданэк і Асвенцім у Польшчы. У сувязі з невялікім аб’ёмам стужка, якая, безумоўна, патрабуе працягу, аўтары акцэнтавалі толькі некаторыя прыпынкі гэтага «крутога маршруту». У мяне міжволі ўзнікла асацыяцыя з аднайменнай п’есай Яўгеніі Гінзбург, што многія гады ідзе ў маскоўскім тэатры «Современник» і распавядае пра трагедыю чалавека ў часы сталінскага рэжыму. У цэнтры нашага фільма — адзін з галоўных пунктаў іншага маршруту: гісторыя беларускага лагера Трасцянец, у якім загінулі савецкія ваеннапалонныя, яўрэі Беларусі і заходнееўрапейскіх дзяржаў, падпольшчыкі і партызаны, жыхары Мінска. Тэма Халакосту важная, але гэта толькі адна з частак трагедыі Другой сусветнай вайны, закранутай у фільме. Асацыятыўна-нелінейны аповед, дзе вытанчана пераплятаюцца лёсы асобных людзей, народаў і краін, нагадвае складаны ўзор чалавечага роздуму. Запамінаецца ўплеценая ў гэтую канву гісторыя кампазітара Аркадзя Гурава. Ён напісаў «Тэрэзінскую сарабанду», якая гучыць у стужцы. Лёс кампазітара таксама трагічны. Паводле слоў яго сябра і калегі, кампазітара Віктара Капыцько, у сучасным Ізраілі Аркадзя дагналі кулі, пасыланыя тэрэзінскімі кáтамі.
Сучасныя праблемы ўздымае «Педагагічная паэма» рэжысёра Віктара Аслюка. Назва фільма адсылае да вядомай кнігі Антона Макаранкі, прысвечанай перавыхаванню беспрытульнікаў у складаны паслярэвалюцыйны час. Героі — нашы сучаснікі. Фільм чапляе ўзаемаадносінамі маладых настаўнікаў і іх падапечных. Дзеянне адбываецца ў беларускай глыбінцы, якая зрэдку адкрываецца айчыннаму экрану са «школьнага» боку. Адносіны настаўнікаў з вучнямі разгортваюцца не па правілах традыцыйнай педагогікі: пры сустрэчы яны даюць пяць, на ўроках перакідваюцца мячыкамі, у пазашкольны час разам прыбіраюць жыллё. Праз немудрагелістае назіранне за халасцяцкім побытам настаўнікаў бачацца і больш сур’ёзныя сэнсы — укараненне новай методыкі, разняволенне юнацкай душы, псіхалагічная дапамога хворым дзецям. Жорсткія рэаліі, якія і складаюць, напэўна, сутнасць дакументальнага кіно, засталіся за кадрам.
Так, вынікі «Летапісу» 2015 года быццам пазітыўныя. Але, мяркуючы па ўсім, студыя цяпер знаходзіцца на ростанях. Вось што гаворыць дырэктар і галоўны рэдактар студыі Уладзімір Мароз: «Раней, гады нават тры таму, можна было прагназаваць пэўную стратэгію развіцця дакументальнага кіно, але сёння гэта вельмі складана. Чаму? Бо і эканамічныя, і фінансавыя ўмовы змяніліся. Паўплывала і ўвядзенне рэспубліканскага конкурсу на кінапраекты. Напрыклад, летась па конкурсе прайшлі толькі тры дакументальныя стужкі, а на ранейшых іх было шаснаццаць — сямнаццаць. Атрымліваецца, толькі некалькі фільмаў штогод асвятляюць значныя падзеі ў жыцці Беларусі, прычым дамінуюць пра культуру і яе дзеячаў, ды і не ўсе прапановы падтрымліваюцца нашым заказчыкам, Міністэрствам культуры. А шырока ахапіць жыццё краіны мы, на жаль, не можам. Гэта вельмі сумна.
Калі весці гаворку пра творчыя ідэі, дык праектаў хапае. Але не хапае сродкаў на іх рэалізацыю. Раней 13-хвілінныя стужкі маглі здымацца без удзелу ў конкурсе. Такое становішча спраў выратоўвала сітуацыю, бо кінематаграфісты занятыя працай. Аднак ва ўсім свеце дакументальнае кіно развіваецца ў вялікім фармаце, які і дае магчымасць падымаць сацыяльна значныя праблемы. Што такое 13 хвілін? У лепшым выпадку інфармацыйны эцюд ці замалёўка».
Шкада, што з многіх прычын некалі славутая беларуская дакументалістыка аказалася ў зоне дзяржаўнай незапатрабаванасці. У снежні 2015 года не было падоўжана рашэнне аб пазаконкурсных здымках 13-хвілінных фільмаў. Ідзе размова пра тое, што ў якасці альтэрнатывы кінапраекты трэба падтрымліваць грантамі. Але гэтая сістэма таксама не распрацавана. А між тым ужо мінуў сакавік, сыходзіць час для зацвярджэння сцэнароў.
Аналіз сусветнай практыкі сведчыць: для органаў дзяржаўнага кіравання адным з прыярытэтных напрамкаў з’яўляецца абарона нацыянальнай інфармацыйнай і культурнай прасторы. У Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Беларусі асаблівая ўвага надаецца павышэнню якасці і канкурэнтаздольнасці нацыянальнага кантэнту, які павінен мець дамінуючае становішча ўнутры краіны, і яго прасоўванню ў знешнюю інфармацыйную прастору. Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на перыяд да 2020 года, ухваленая Прэзідыумам Савета Міністраў, плануе стварэнне канкурэнтаздольнага культурнага прадукту, яго сістэмную рэпрэзентацыю. Гэтыя заканадаўчыя акты наўпрост скіраваныя на падтрымку айчыннай культуры. Таму да іх трэба прыслухоўвацца і мастакам, і кіраўнікам у сферы культуры. Але гучныя словы не заменяць высокіх патрабаванняў да творцаў. Калі лічыць па гамбургскім рахунку, цяперашняя кінадакументалістыка знаходзіцца далёка ад сваіх «залатых» часоў. Яна папросту адкінутая на некалькі дзесяцігоддзяў назад. Можна папракнуць нашых масцітых рэжысёраў, што яны працуюць павярхоўна, як хранікёры, а не сапраўдныя дакументалісты. Застаецца актуальнай асабістая адказнасць мастака за ўласныя творы, якія часам робяцца на «лёгкім дыханні» — толькі не так, як гэта разумеў вялікі Іван Бунін, а залішне кан’юнктурна. Але зразумела і тое, што сітуацыя выжывання моцна ўплывае на мысленне кінематаграфістаў, якія думаюць не столькі пра арыгінальныя мастацкія рашэнні, колькі пра выкананне ідэалагічнага і фінансавага заказаў. Акрамя таго, парушаная агульная сістэма мастацка-вытворчага стварэння фільмаў. Скарочаныя да мінімуму штатныя супрацоўнікі «Летапісу» — іх менш за 10 чалавек. Пакінула студыю лепшая рэдактарка Ірына Дзям’янава, якая многія гады трымала высокі ўзровень мастацкай рэдактуры беларускіх неігравых фільмаў. Цяпер «Летапіс» замяняе ці нават падмяняе нядаўна ліквідаваны «Белвідэацэнтр», што раней выконваў асноўную ролю ў папулярызацыі айчыннай культуры ў розных экранных формах. Гэта высакародная і адказная місія, але не галоўная роля кінадакументалістыкі, мэтай якой з’яўляецца мастацкае асэнсаванне чалавечай існасці, адлюстраванне балючай дыяграмы грамадскага жыцця. Як нельга дакладна вызначыць тэрмін «інтэлігенцыя», так нельга адназначна акрэсліць тэрмін «дакументальнае кіно». Менавіта яно і з’яўляецца маральна-этычным камертонам нашага сацыяльна-індывідуальнага быцця ў яго экранным вымярэнні.
Цяпер ідзе размова пра новую структуру Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» — Першае творчае аб’яднанне, дзе будуць вымушана з’яднаныя студыі ўсіх відаў кіно — ігравога, дакументальнага, анімацыйнага. Пачакаем і пагодзімся?
Антаніна Карпілава