Маёр, а цяпер, на момант выхаду стужкі на экран, ужо падпалкоўнік, Аляксандр Клімята быццам увасабляе станоўчы вобраз з рэкламнага плаката да Дня міліцыі. І сапраўды, менавіта такіх дасведчаных, вытрыманых, прафесійных праваахоўнікаў хочуць бачыць жыхары любой краіны. Галоўны герой «Абходу» стрыманы, вопытны, выконвае звычайную працу вясковага ўчастковага — правярае асоб з г.зв. «паніжанай сацыяльнай адказнасцю»: алкаголікаў, судзімых. Збольшага апусціўшыхся, занядбаных і няшчасных людзей. На службовым аўтамабілі ездзіць па вёсках, ходзіць па хатах, сустракаецца з падапечнымі. Разам з участковым Клімятам глядач на сорак хвілін зазірае па той бок дабра і зла, бачыць сітуацыі ды постаці, ад якіх законапаслухмяны абывацель у паўсядзённым жыцці звычайна адварочваецца.
Як і ўсе стужкі Віктара Аслюка, «Абход» вельмі далёкі ад простага нарыса пра суворыя норавы ды заняпад айчыннай вёскі, як тое часцяком аказваецца ў іншых аўтараў. Рэжысёр, і гэта звычайнае крэда Віктара Аслюка, не дае нейкіх публіцыстычных ацэнак. Яго работа куды глыбейшая па змесце, хоць спачатку можа падацца надта простай па форме. Відавочная структура і лагічная будова сюжэта «Абходу» насамрэч даліся нялёгка: апрача арганізацыйных праблем, фільм меў тры мантажныя версіі. Рэжысёр перастаўляў месцамі эпізоды, скарачаў лініі адных персанажаў і дабаўляў іншых. У выніку атрымалася галерэя партрэтаў, лёсаў, драмаў і крыўдаў, якія трэба вытрымаць галоўнаму герою і якія ён вытрымлівае кожны дзень дваццаць год сваёй службы. «Абход» можна разглядаць у якасці кароткага антрапалагічнага даследавання. Кожны візіт участковага Клімяты, кожны персанаж, кожная новая хата на шляху міліцэйскага аўто — асобная міні-гісторыя з імгненным сюжэтам, сваёй трагедый, героямі ды антыгероямі. Пры гэтым Віктар Аслюк і яго сталыя супрацоўнікі падыходзяць да сваіх персанажаў вельмі разважліва, можна казаць — тактоўна. Аб’ектыў камеры ў некалькіх эпізодах прыкметна накіраваны ў бок ад дэталяў побыту, што маглі б яшчэ больш адмоўна характарызаваць лад жыцця «кліентаў» Аляксандра Клімяты. Рэжысёр пакінуў найбольш эмацыйныя, правакуючыя моманты па-за межамі стужкі. Хоць шмат хто з яго менш вопытных калег з задавальненнем паставіў бы дэталі жабрацкага побыту і неахайнасць у цэнтр кампазіцыі. І, відаць, атрымаў бы пэўны розгалас з боку ўражанай публікі на якімсьці з міжнародных кінафэстаў.
Не, «Абход» не пра жабрацтва ды неахайнасць, не пра алкагалізм і дэградацыю чалавечай асобы. Фільм і яго аўтары не спекулююць на сацыяльнай экзотыцы, што сталася агульным месцам для цэлага шэрагу пэўных майстроў-дакументалістаў. Як тое ні парадаксальна, разам са сваім галоўным героем Віктар Аслюк шукае прыкметы менавіта чалавечага, таго самага, што прабіваецца праз бруд і непрыгожую лексіку персанажаў. Паслядоўна і, на першы погляд, нетаропка, праз прыпынкі і перашкоды, прыкрасць і расчараванне рэжысёр адкрывае чарговую «беларускую Атлантыду», гэтаксама, як участковы Клімята праз дождж і вецер паслядоўна і метадычна аб’язджае свой родны кут. Мядзельшчына — край маляўнічы, запаведны. Такім ён вядомы большасці беларусаў. Галоўны герой «Абходу» толькі крыху чапляе вокам тую, іншую Беларусь — нарачанскую, курортную, з купальшчыкамі на пляжы. Або маладую Беларусь Будслаўскага каталіцкага фэсту, у якой усё наперадзе, на якую ўсе спадзяванні і якую сустракае на шляху аўтамабіль участковага.
З усіх шматлікіх герояў стужак Віктара Аслюка ўчастковы Клімята ці не самы сімпатычны і ці не самы падобны па характары і тэмпераменце да самога рэжысёра. Пільна ўглядваецца за стырном маёр міліцыі ў далягляд і, відавочна, бачыць не толькі пасівелыя сядзібы, сельскія могілкі ды нарачанскія краявіды. Бачыць нешта большае. Мо тое самае, пра што кажа адзін з падапечных участковага: «Ключавое слова — жыць»