У якасці музыканта і гукарэжысёра ўдзельнічаў у стварэнні звыш 200 музычных запісаў. Супрацоўнічаў з тэатральнымі пляцоўкамі ў Беларусі. Намінант і лаўрэат шматлікіх кіна- і музычных фестываляў. Удзельнік перформанс-гурта Gesamtkunstwerk, сузаснавальнік праекта памежнага кіно «Хранатоп», аўтар музычнага праекта evgenirogozin.
Гук прыйшоў у кіно не адразу. І, шчыра кажучы, дасюль знаходзяцца пурысты, якія лічаць, што сапраўднае кінамастацтва існавала да рубяжу 1930-х, да пачатку гукавой эры. Праўда, сярод кінематаграфістаў тых, хто няўважліва ставіцца да гуку, амаль не засталося. Гукавое вырашэнне стужкі, адмысловыя спецэфекты адыгрываюць зараз вельмі важную ролю, асабліва пры ўспрыманні карціны ў кінатэатрах. Імклівае развіццё тэхналогій патрабуе ад спецыялістаў, якія працуюць з гукам у кіно, найвялікшай кваліфікацыі і магчымасці ўвесь час удасканальваць свае ўменні і веды. Але толькі жадання, як правіла, мала: праца з кінагукам — гэта таксама творчасць, што вымагае ад спецыяліста быць мастаком.
Яўген Рагозін — менавіта такі мастак, сапраўдны ўладар гуку. Па прыклад не трэба далёка хадзіць: 26 красавіка адначасова ў Мінску і Кіеве адкрылася выстава з красамоўнай назвай «33». Яна пераносіць сваіх наведвальнікаў у 1986 год, дакладней, у дні Чарнобыльскай катастрофы, і ў літаральным сэнсе дае пачуць тую эпоху. Пастаянная экспазіцыя ў памяшканнях культавага мінскага Дзяржаўнага мемарыяльнага музея-майстэрні імя Заіра Азгура падчас выставы засталася амаль некранутай (у некаторых статуй з’явіліся толькі неверагодныя дэталі ад скульптара Паўла Вайніцкага), але яе дапоўніла гукавое асяроддзе, якое дадало сюррэалістычнаму скопішчу выяў у стылі сацрэалізму адценне жахлівай трагічнасці. Шум рухавікоў верталёта, што пралятае, здаецца, проста над галавой, запісы радыёзваротаў да насельніцтва ўзору вясны-лета восемдзесят шостага і мернае патрэскванне лічыльніка Гейгера. Гук эфектыўней за іншыя медыятары пагружае наведвальнікаў выставы ў атмасферу разгубленасці чалавецтва перад абліччам тэхнагеннага апакаліпсісу. Гукавы пейзаж катастрофы ўражвае і пужае адначасова: можна заплюшчыць вочы, але кашмар нікуды не знікае — аўдыяінсталяцыя «ЗЗ» з неверагоднай дакладнасцю перадае эмоцыі з адлегласці трох дзесяцігоддзяў.
Менавіта як мастак працуе з эмоцыямі герой гэтага артыкула. Выстава «33» для Яўгена Рагозіна — вельмі важны этап у творчай дзейнасці. Часцей за ўсё Яўген працуе не самастойна, а ў вялікай камандзе кінематаграфістаў. За яго плячыма мноства ігравых, дакументальных і анімацыйных праектаў, не толькі беларускіх, але і інтэрнацыянальных. Невялічкая саўнд-студыя Рагозіна знаходзіцца ў цэнтры Мінска, у цокальным памяшканні звычайнага старога пяціпавярховіка, аднак інтэрнэт дазваляе быць на сувязі з калегамі па праекце ў самых розных кутках свету. Вось і цяпер Яўген, напрыклад, працуе ў інтэрнацыянальнай камандзе вялікага анімацыйнага серыяла на замову кампаніі «Дысней». У сваёй студыі яе гаспадар шчыраваў і над большай часткай гукавой палітры «Крышталя» Дар’і Жук, так нашумелага летась. Але да «Крышталя» было мноства іншых работ, у тым ліку беларусьфільмаўскі «Інсайт» Рэнаты Грыцковай з Багданам Ступкам у галоўнай ролі, «Вока за вока» Генадзя Палокі, дзе Рагозіну давялося мікшыраваць музыку самога Эдуарда Арцемьева, праца з многімі беларускімі рэжысёрамі, сярод якіх асабліва вылучаюцца супольныя кінапраекты з Андрэем Кудзіненкам і аніматарам Міхаілам Тумеляй. Яўген Рагозін запісвае і музычныя гурты, дае майстар-класы.
Цікава, адразу Яўген не быў упэўнены, што хоча працаваць менавіта ў кіно. Спачатку ён спрабаваў паступіць у Акадэмію музыкі Дортмунд-Мюнстэр, а ў выніку апынуўся сярод студэнтаў Санкт-Пецярбургскага інстытута кіно і тэлебачання, дасюль вядомага як ЛІКІ, старэйшай прафесійнай кінаўстановы свету. Чым па праве ганарыцца — выпускнікі ЛІКІ дасюль складаюць свое-
асаблівую эліту супрацоўнікаў кінастудый: вучоба побач з «Ленфільмам» дазваляла Яўгену Рагозіну атрымліваць веды наўпрост з вуснаў лепшых спецыялістаў, у тым ліку такіх вядомых рэжысёраў, як Аляксандр Сакураў або Ігар Масленікаў.
Каб паспяхова працаваць гукарэжысёрам у кіно, патрэбныя не толькі выдатныя тэхнічныя веды і здольнасць увесь час самастойна іх удасканальваць, але і пэўны характар: кіно — справа калектыўная, і гукарэжысёр павінен знаходзіць агульную мову з усёй камандай праекта, прынамсі з рэжысёрам. Але Яўген Рагозін адкрыта кажа, што пакладзістым характарам не славіцца. Калі нешта не так, можа выказаць прэтэнзіі кожнаму ўдзельніку працэсу стварэння стужкі, нягледзячы на ўзрост і рэгаліі. Галоўным псіхалагічным сакрэтам паспяховай супрацы для Яўгена з’яўляецца знайсці свой падыход да кожнага рэжысёра, дакладна зразумець, што таму патрэбна ўвасобіць на экране. І атрымліваецца, відаць, няблага: з Рагозіным любяць працаваць. Як і ён плённа задзейнічаны ў розных відах мастацтва. Асабліва Яўген вылучае анімацыю, бо той свет, які выдумляюць аўтары-аніматары, у адрозненне ад ігравога кіно і часткова ад дакументалістыкі, поўніцца прыдуманымі гукамі, і вынаходзіць іх Рагозіну падабаецца асабліва. Падабаецца ствараць і гукавыя экспазіцыі музеяў. Гукі, якімі сустракаюць наведвальнікаў залы Дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, таксама сабраў разам у адмысловай форме Яўген Рагозін.
Дарэчы, беларускае кіно заўсёды ганарылася добрымі спецыялістамі па працы з гукам. Два выбітныя гукарэжысёры, якія раней працавалі на «Беларусьфільме», Уладзімір Галаўніцкі і Сяргей Чупроў, з’яўляюцца лепшымі арыенцірамі ў прафесіі для Яўгена Рагозіна. Як, напрыклад, выклікае ў яго шчырае захапленне і праца гукарэжысёра ў нядаўнім шэдэўры французскага рэжысёра Гаспара Наэ «Экстаз». Пра лепшыя моманты ў сусветным кіно ён можа гаварыць бясконца: пра Уолтэра Мерча, стваральніка гуку знакамітай сцэны «Палёту валькірый» у «Апакаліпсісе сёння» Фрэнсіса Форда Копалы, або Уладзіміра Шаруна — эпізод уезду герояў у Зону ў «Сталкеры» Таркоўскага. З энтузіязмам ён разважае і пра імклівыя змены ў кінавытворчасці, якая ўсё больш і больш разлічвае на малы хатні экран і стрымінгавыя сэрвісы.
Вобраз гукарэжысёра найчасцей выклікае асацыяцыі з чалавекам у навушніках. У навушніках Яўгена Рагозіна заспець немагчыма. І на працы, і ў вольны час, калі ён слухае ўлюбёную электронную музыку, а музычныя густы Яўгена Рагозіна сфармаваліся ў дзевяностыя гады, ён ацэньвае гучанне без дадатковых прылад. У плане музыкі «для душы» ён стараецца сябе не абмяжоўваць, у плэйлісце Рагозіна могуць аказацца як творы Філіпа Гласа, так і Ігара Стравінскага. Калі казаць пра тую музыку, з якой ён працуе, то нейкіх пераваг няма — усё залежыць ад таго, як музыка выкарыстоўваецца ў стужцы. А вось сярод кампазітараў, з якімі ён любіць працаваць, у Рагозіна ёсць безумоўны фаварыт. Да беларускага кампазітара Віктара Капыцько Яўген Рагозін ставіцца з вялікай павагай. І вельмі сумуе па часах апошняга вялікага запісу з ім для кіно, які адбыўся яшчэ да рэканструкцыі тон-студыі Нацыянальнай кінастудыі. Бо запіс аркестра для кінастужкі — рэч для гукарэжысёра вельмі натхняльная, гаворыць Яўген, зноў шкадуючы, што месцаў для якаснага запісу вялікага аркестра ў Мінску і краіне ў цэлым засталося зусім няшмат. Падабаецца яму працаваць і з творчым дуэтам Святланы Бень і Арцёма Залескага (творчае ядро гурта «Серебряная свадьба»), якія шмат пішуць цяпер музыкі для беларускай анімацыі.
«Выява прыходзіць пасля здымак пазбаўленая жыцця, так бы мовіць, плоская, — кажа Яўген Рагозін. — Магія працы з гукам у кіно якраз у тым, што некалькі чалавек менавіта з дапамогай гуку яе ажыўляюць».