Шчыра кажучы, такая цікаўнасць да фільма беларускага дакументаліста ў адборшчыкаў міжнародных форумаў цалкам зразумелая. Яшчэ не аціхлі водгукі на стужку Summa, за якую Андрэй Куціла атрымаў галоўны прыз у конкурсе сярэдняга метра на Амстэрдамскім фестывалі IDFA (фільм быў з поспехам паказаны яшчэ і на кінафестывалях ZagrebDox у Харватыі і Millenium Documentary Film Festival у Бруселі), а рэжысёр ужо прапануе сваю новую працу. Якую, аднак, рыхтаваў ці не даўжэй за папярэднюю.
Першыя здымкі «Стрыптызу і вайны» адбыліся яшчэ пяць год таму. Як і ў гісторыі са стварэннем карціны Summa, было некалькі мантажных версій фільма. Рэжысёр быццам ніяк не мог знайсці нешта няўлоўнае, той рытм, у якім хатнія замалёўкі і размовы двух мужчын, дзеда і ўнука, ператворацца ў нешта большае за сямейную гісторыю.
Зрэшты, гэтая гісторыя таксама выклікае інтарэс. Калісьці бацькі пакінулі маленькага Толю на выхаванне дзеду Анатолю. Ён выгадаваў хлопчыка, і зараз ветэран-авіятар Анатоль Маісееў і яго ўнук, танцор-стрыптызёр Анатоль Маісееў-малодшы жывуць у дзедавай кватэры ў шматпавярховіку ў Мачулішчах пад Мінскам. Назіраць за адносінамі герояў, паміж якімі пралягае мяжа часоў, савецкага і сучаснага, надзвычай цікава. Яны нібыта ўвесь час сварацца, ніяк не могуць знайсці кропкі сутыкнення для сваіх светапоглядаў, такіх далёкіх адзін ад аднаго. І паралельна дэманструюць любоў самых блізкіх, самых родных людзей.
Так, «Стрыптыз і вайна» найперш апавядае пра любоў, сямейную, якая перамагае культурны, узроставы разрыў.
Анатоль-старэйшы — падпалкоўнік авіяцыі ў адстаўцы, прадстаўнік таго пакалення, што да апошняга верыла ў савецкія ідэалы. У пэўным сэнсе, верыць і цяпер, хоць «à la guerre comme à la guerre» для Анатолія-старэйшага не ёсць прынцыпам існавання. Пажылы герой дасюль актыўна падтрымлівае атрыбутыку і рытуалы часоў СССР — удзельнічае ў працы ветэранскага саюза, выступае з адпаведнымі патрыятычнымі прамовамі перад чальцамі афіцыйных моладзевых арганізацый. Знакавы кадр — пажылы, але энергічны афіцэр у старым савецкім мундзіры ваенна-паветраных сіл займаецца трэніроўкай па страявой падрыхтоўцы юных удзельнікаў нейкага мілітарнага лагера. Анатоль-малодшы займаецца нечым зусім супрацьлеглым: па патрабаванні дзеда вывучыўся на інжынера, але распранаецца пад музыку перад жанчынамі ў начным клубе. Вельмі хутка глядач разумее, што розныя погляды на асабістае жыццё і розніца ў адносінах да людзей і грамадства нішто ў параўнанні з пачуццямі родных людзей. І для дзеда, і для ўнука кожны з іх — галоўны чалавек на гэтай планеце. Андрэй Куціла зноў зняў кіно без ярка падкрэсленага, эмацыйнага канфлікту. Усё самае істотнае ў яго фільмах трэба счытваць у вачах галоўных герояў і ў нюансах інтанацый.
Пры гэтым ідэя самой стужкі, зразумела, куды шырэйшая за адлюстраванне жыцця хай сабе і незвычайнай сям’і. «Стрыптыз і вайна» дэманструе канфлікт суіснавання грамадства побач са старымі, аджылымі элементамі. У фільме гэта падаецца рэфрэнам кадраў з вайсковага параду і праездам праз горад бронетэхнікі, калона якой, урэшце, спыняе машыну маладога героя на адной з мінскіх вуліц.
Андрэй Куціла, як заўжды, вельмі тактоўна і паважліва пранікае ў свет сваіх герояў. У фільме ён таксама выступае і як аператар большасці кадраў. Відавочна, менавіта таму ён здолеў падысці да дзеда і ўнука Маісеевых на мінімальную адлегласць. Шмат сцэн стужкі знятыя ў іх невялічкай кватэры, але прысутнасці некага трэцяга ў кадры не адчуваецца, настолькі натуральна паводзяць сябе героі. Камерным, заўжды ціхім сцэнам у фільме супрацьстаяць гучныя эпізоды выступаў стрыптыз-дуэта. На кантрасце з ціхім бытам і савецкай абстаноўкай дзядулевай кватэры яркія агні і гучная музыка начных клубаў выглядаюць кадрамі з іншай планеты.
Канфлікт знешні падаграецца крыху прыхаваным, але відавочным канфліктам унутраным. Анатоль-малодшы з натхненнем ды энтузіязмам займаецца сваім незвычайным мастацтвам мужчынскага танца. Аднак выглядае незадаволеным — ён прагне дасканаласці і развіцця, дасягнення новых вяршынь майстэрства. Малады танцор спрабуе з’ехаць у іншы горад, нават краіну, ды зноў і зноў вяртаецца ў знаёмы двор у Мачулішчах. Мае энергію, талент і энтузіязм, але яны пакуль не гарантуюць яму матэрыяльнаму дабрабыту. У адрозненне ад фільма Summа, стужка «Стрыптыз і вайна» больш напоўненая сімваламі, вобразамі грамадства і краіны, у якой старыя дыскурсы і кансерватыўныя погляды суіснуюць з маладой энергіяй і жаданнем мяняцца.
Ідэя карціны была агучаная на адукацыйным семінары для дакументалістаў яшчэ ў 2014 годзе. Ментарамі праекта выступілі вядомыя польскія дакументалісты Яцэк Блавут, Міраслаў Дэмбінскі і Мацей Дрыгас. Польскі бок спрычыніўся да прадзюсавання і фінансавання вытворчасці стужкі. Але большая частка групы, якая дапамагала Андрэю Куцілу рыхтаваць «Стрыптыз і вайну», беларуская — гукарэжысёры Вячаслаў Крук і Арцём Бусел, дадатковыя аператары Аляксандр Шкаруба і Аляксандр Міхалковіч. У фільме таксама гучыць арыгінальная электронная музыка Ганны Жданавай і зроблены адмысловыя «неонавыя» цітры, стылізаваныя пад рэкламу начной установы. Апошні элемент — нешта зусім новае для айчыннай дакументалістыкі. Пры ўсёй сціпласці ў маштабах здымак у параўнанні са шмат якімі іншымі дакументальнымі замежнымі праектамі, поўнаметражная «Стрыптыз і вайна» выглядае вельмі грунтоўна, безумоўна, падтрымліваючы імідж беларускага дакументальнага кінамастацтва ў свеце.
Сутыкненне старога і новага, традыцыйнага і наватарскага ляжыць і ў аснове канфлікту згаданага вышэй «Крышталю» Дар’і Жук. Азначаная тэма наогул адна з самых папулярных і ў дакументалістаў, і ў рэжысёраў мастацкага кіно постсацыялістычных краін у апошнія дзесяцігоддзі. Гэты канфлікт у фільме Андрэя Куцілы выглядае вельмі натуральным, хоць нельга сказаць, што эмоцыі ў стужцы віруюць. Тэмперамент дзеда і ўнука Маісеевых стрыманы, мужчынскі. Старое і новае ў стужцы «Стрыптыз і вайна» не супрацьстаўляюцца, а суіснуюць на некалькіх дзясятках квадратных метраў жылплошчы звычайнай кватэры. Талент рэжысёра і ў гэтым выпадку дапамог пераўзысці бар’ер публіцыстычнасці. Як і ў многіх іншых работах Андрэя Куцілы, шмат чаго ў фільме «Стрыптыз і вайна» знаходзіцца паміж радкамі, паміж рэплікамі герояў. Галоўным вынікам прагляду ёсць адчуванне сямейнай і, шырэй, грамадскай драмы змены пакаленняў, якую нельга перанесці на паперу і якую здолеў перанесці на экран рэжысёр-дакументаліст. Змены не рэвалюцыйнай, гвалтоўнай, а па-беларуску ціхай і дзесьці нават незаўважнай. Але ад гэтага не менш сур’ёзнай і ўплывовай на лёсы людзей