Для несвядомых: з нядаўняга часу ўстановы НЦСМ і МСВМ маюць агульную базу і распачынаюць агульную гісторыю. Гэты фактар паўплываў на мноства чутак (накшталт таго, што музей зачыніўся) і паспрыяў памяншэнню колькасці наведнікаў на пэўны перыяд. Але зацікаўленыя ўжо крыху зарыентаваліся і ланцужок звыклых заўсёднікаў аднавіўся з папярэдняй інтэнсіўнасцю. На жаль, выстава засталася для большасці незаўважнай. А звярнуць на яе ўвагу было б варта.
У чым больш складанай сітуацыі знаходзіцца прывід беларускага арт-рынку, тым больш пытанняў узнікае ў яго ўдзельнікаў датычна таго невялікага струменьчыка фінансавання, вакол якога штогод збіраецца рада Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў і вырашае, чые працы вартыя стаць на паліцы фонду. Калекцыя — гэта стрыжань музея, які змацоўвае розныя кірункі яго дзейнасці. Закліканая адлюстраваць усю разнастайнасць формаў і тэхнік, мастацкіх плыняў і індывідуальных маніфестацый сучаснага арту краіны, музейная калекцыя да цяперашняга моманту налічвае каля 4 500 экспанатаў. Мне гэта падаецца выключна вялікай лічбай.
Самі па сабе храналагічныя межы распаўсюджваюцца на апошнія 50 гадоў — ахопліваючы, такім чынам, не надта доўгі, але насычаны, надзвычай складаны і супярэчлівы перыяд у гісторыі Беларусі. Калекцыя фармуе некалькі ключавых раздзелаў, профіль якіх мусіць вызначацца гісторыка-храналагічнымі і адмысловымі крытэрамі. Стратэгічна важная роля дзейнасці такой установы павінна быць адведзена падзелу, прысвечанаму актуальным мастацкім практыкам. Так, музей мусіць падтрымліваць, захоўваць і папулярызаваць сучасную культуру. Гэта прапісана ў яго кодэксе: «Музей павінен паказваць усю палітру развіцця сучаснага беларускага мастацтва, усе віды і напрамкі, якія існуюць сёння, ад авангарднага да рэалістычнага і канцэптуальнага. Перавагі нейкаму аднаму стылю або кірунку не мусяць надавацца, а асноўным крытэрыем выступае высокі прафесіяналізм і талент аўтара». Ці адпавядае музей патрэбам грамадства, ці адстойвае свае прапісаныя ідэалы? МСВМ параўнальна малады, ён быў адкрыты ў траўні 1998 г. Афіцыйнае апісанне дзейнасці музея (цяпер Цэнтра) сцвярджае, што «музей павінен быць не акадэмічнай, а рухомай установай, яго дзейнасць павінна адпавядаць зменліва-імкліваму развіццю сучаснага мастацтва. Зыходзячы з гэтага, пастаянная экспазіцыя не мусіць быць застылай на многія гады. Яна павінна быць пастаянна-зменнай, на тры-пяць гадоў, каб потым у новай экспазіцыі паказаць новыя дасягненні ў мастацтве, новыя пошукі, стылі і напрамкі». За 12 гадоў свайго існавання МСВМ сабраў шэсць калекцый. Жывапіс: работы Шчамялёва, Вашчанкі, Кішчанкі, Зайцава, Тоўсціка, Кожуха, Кузняцова, Ісаёнка, Альшэўскага, Грыневіча і многіх іншых. У падборцы графічных твораў музей спрабуе адлюстраваць увесь спектр тэхнік, як друкаванай, так і арыгінальнай, што выдатна для мастакоў, якія сфармавалі твар беларускай школы графікі. Гэта працы вядомых майстроў старэйшага пакалення: Шаранговіча, Кашкурэвіча, Паслядовіч, а таксама тых, якія сёння знаходзяцца на піку сваёй актыўнасці і шчыруюць на ўяўленне аб тым, чым ёсць сучаснае беларускае графічнае мастацтва, — Баранава, Славука, Вішнеўскага, Ліс, Алісевіча, Басалыгі, Радзівілка, Сустава, Татарнікава. Творы скульптараў у музейнай калекцыі адлюстроўваюць сучасныя тэндэнцыі развіцця гэтага арт-кірунку: аб’екты Гумілеўскага, Слабодчыкава, Давідзенка, Фінскага, Панцялеева, Селіханава. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва прадстаўлена габеленам, керамікай, вырабамі са шкла, скуры, парцаляны. Выкарыстоўваючы традыцыі і пры гэтым губляючы ўтылітарнасць, працы мастакоў-прыкладнікоў набываюць унікальнасць і ствараюць вобразна-асацыятыўнае ўспрыманне: Густава, Пятруль, Калтыгін, Трацэўскі, Нішчык, Паражняк, Бартлава, Сакалова. У аснове калекцыі фотамастацтва ляжыць збор фатаграфій Саўчанкі, а таксама работы фотамайстроў аб’яднання «Мінск» — Цэхановіча, Паўлюця, Жураўкова. І шостая частка фонду — калекцыя замежнага мастацтва. Працы мастакоў з Германіі, Расіі, Украіны, Эстоніі, Польшчы і Італіі.Выбітныя імёны, сапраўды вартыя «музеефікацыі», вартыя дбайнай працы практыкантаў, якія будуць ставіць цэтлікі з лічбамі на звароце палотнаў і запісваць доўгія характарыстыкі ў базу дадзеных. Але, з іншага боку, той разрыў, што ўтварыўся між маладым пакаленнем тых жа практыкантаў, студэнтаў, настаўнікамі якіх з’яўляюцца многія з пералічаных, простых аматараў арту і майстрамі, намінантамі на класікаў, становіцца ўсё большы і большы. У нейкі момант гэтая прорва можа зрабіцца прычынай непаразумення ў самых простых рэчах. Свядома пазбягаючы канструявання адзінага, універсальнага апавядання пра мастацкую эвалюцыю Беларусі, музей павінен, як і абяцае, імкнуцца да стварэння максімальна аб’ёмнай, рознабаковай і шматпалярнай панарамы культурнага жыцця, не ігнаруючы з’явы, што відавочна ўплываюць на мастацкі градус краіны.
«Мяняецца свет — змяняемся і мы. Разам з грамадствам павінны эвалюцыянаваць і культурныя праекты, — сказала неяк заснавальніца маскоўскага “Гаража” Дар’я Жукава. — Як “рашучая інстытуцыя”, мы ўзялі на сябе адказнасць стаць музеем сучаснага мастацтва». Пазайздросціць харызме маладой дырэктаркі паспяховага расійскага музея можна, толькі ўсвядоміўшы тыя рысы, якімі адрозніваецца адно грамадства ад другога і тая гісторыя культурнага станаўлення ад нашай. Але гэта справа невысакародная і падаецца да асэнсавання адно праз час ды пры падтрымцы цэлай грамады дасведчаных прафесіяналаў і экспертаў. Узровень адкрытасці і празрыстасці музейнай структуры, які можна бачыць у працы інстытуцый Масквы, Варшавы, Вільнюса — бліжэйшых суседзяў, — натхняе. З аднаго боку, такое параўнанне можа падацца няправільным (у нас свае абставіны, свая культурная сітуацыя і свае мэты), а з іншага — чаму б не? Агаленне механізму стварае сітуацыю даверу сярод публікі і спрыяе квітненню справы, нават калі да «кветак» трэба прайсці шлях выпраўлення хібаў і мэтанакіраванай працы па ўладкаванні арт-гаспадаркі.
Цікавяць некалькі момантаў у працы НЦСМ: задачы музея, роля фонду і яго напаўненне. Пагутарыўшы з прадстаўніком фондавай часткі музея, я не атрымала дакладнай адповедзі, але ўпэўнілася ў наладжанай сістэме, змяняць якую не стае моцы/рэсурсаў/жадання. Бо насамрэч — зболь-шага — сітуацыя ўсіх задавальняе. Кацярына Пінчук, галоўная захавальніца музейных прац Нацыянальнага Цэнтра, з захапленнем і шчырасцю распавяла пра зладжаную працу музейнай Рады, што займаецца выбарам работ да закупкі, фармаваннем штогадовых экспазіцый і планаваннем новых набыткаў фонда. Склад Рады амаль не змяняецца гадамі, маладыя супрацоўнікі не затрымліваюцца надоўга, таму канцэпцыю прыняцця твораў у фонд музея можна лічыць прадуманай і сфармаванай.
«ZAKROMA 2015» — гучыць шыкоўна, маючы на ўвазе поў-ныя памяшканні скарбаў, што даюць нам упэўненасць у заўтрашнім дні, але сапраўдная сітуацыя выглядае хутчэй на «Па засеках 2015». Быццам бы нам увесь час нечага не стае: добрых спецыялістаў, прасторы, часу на дбайную падрыхтоўку ды лагічнага абгрунтавання. У краіне штогод адбываецца безліч праектаў, якія фармуюць мастацкае цела Беларусі, мастацтва становіцца цікавым усё большай колькасці суайчыннікаў ды замежных гасцей, пра яго з веданнем справы расказвае прэса, любы, хто лічыць сябе сучасным, імкнецца спасцігнуць этыкет наведвання вернісажаў ды выстаў. Але ці паспяваюць інстытуцыі за зменлівым часам, што дыктуе свае правілы: актуальнасць, празрыстасць падачы інфармацыі, гатоўнасць да пераменаў? Так, магчыма, той сумы, якую штогод выдзяляе сістэма на папаўненне свайго «залатога фонду» мастацтва, не хопіць на ні адзін дадатковы твор, але асэнсаванне простай магчымасці, што ў спісе «пажаданых» апынуцца наступным разам крыху іншыя імёны, будзе неблагім экспірыенсам. А надзея на тое, што выставы пад хэштэгам #фонд музея будуць выклікаць адчуванне глыбокага задавальнення і натхнення, вымушае мяне ўглядацца ў новы каляндарны адрэзак часу, калі фармуецца чарговая частка некалькітысячнага стратэгічнага сховішча беларускай культуры.