Паглыбленне ў жывы гукасвет канцэрта — асаблівы стан: ты адчуваеш, як літаральна з паветра, узрушанага аркестравымі галасамі, нараджаецца вобраз. Насцярожліва ўслухоўваешся: ці не расчаруе «вечна той і вечна новы» Моцарт? Але неўпрыкмет апынаешся ў палоне мажорнай асалоды, дзе гэтак тонка спалучыліся адценні ўрачыстага рытуалу, свецкага дыялога, бестурботнай весялосці, дасціпнага флірту і куртуазнай галантнасці, дзе павеў рамантычнага хвалявання змяняецца мройлівым трапяткім шолахам і шэптам, а фінальнае ронда разгортваецца ў галавакружны калейдаскоп радасных імгненняў. Следам святланосная і пачуццёвая музыка «Серэнады...» Чайкоўскага. А затым — імклівая метамарфоза: прысвечаная памяці ахвяр фашызму «Камерная сімфонія» Шастаковіча. Як маўклівае пасляслоўе да трагічнай музыкі — глыбокая цішыня ў зале, і на змену працяглай паўзе — авацыя... Адступае гнятлівы одум. Ды пранікае ў душу падманлівы супакой «Адажыа» Сэмюэля Барбера: наш боль па блізкіх, якія пакінулі зямны свет, з гадамі страчвае вастрыню, але не знікае, і ўжо ніколі не адпускае чалавека безвыходная туга, яна цвеліць успаміны і прарываецца плачам... Эмацыйна-псіхалагічная перазагрузка прыпадае на фінал праграмы: свежым букетам немудрагелістых і радасных сузіральных уражанняў падаецца маляўнічы фрагмент з сюіты Яна Сібеліуса, расквечаны яркімі сола віяланчэлі ды альта.
Прафесіяналізм. Энтузіязм. Высокая матывацыя і класічныя крытэры творчасці. Вынікам — гарачы прыём залы, добры розгалас. Годны дэбют калектыву, арганізаванага і ачоленага лідарам.
Новы сезон «Метамарфоза» распачала выступленнем у Чырвоным касцёле (падрыхтаваны рэпертуар адпавядаў духу храма). А не так даўно музыканты пад кіраўніцтвам Паўла Любамудрава зладзілі заўважную падзею ў рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў. Канцэрт прайшоў на адным дыханні, без антракту, уразіўшы адмысловымі ператварэннямі класічнай эстэтыкі: ад папулярнага сёння еўрапейскага дывертысмента ХVІІІ стагоддзя — праз падзабытую спадчыну рускага рамантызму — да крэатыўнага сумоўя гістарычных мадэляў музыкі з актуальнай аўтарскай стылістыкай нашага суайчынніка і да ўзору адраджэння старадаўніх англійскіх традыцый у кантэксце новай эры.
Заўсёды ненадакучлівы, лёгкакрылы геній — Моцарт! Дывертысмент № 24: з першым дотыкам смыкоў да струн нібы промні сонца рассыпаліся ў паветры. І ўжо не ўзнікала сумневу, што ўсё замоўленае ў праграме «пасля Моцарта» будзе гэтак жа файна і парадуе культурай акустычнага гуку, грацыяй рытмаў, дасканаласцю ансамблевага грання, чысцінёй стылю, пераканальнасцю інтэрпрэтацыі.
Бліскучы ўзор сучаснай беларускай музыкі, які заняў цэнтральнае месца ў праграме, надаў ёй выключную арыгінальнасць, а ўрэшце стаў трыумфатарам вечара, — «Казкі Чарадзейнага Дрэва» Аляксандра Літвіноўскага. Цыкл для струннага аркестра, напісаны ў 2001 годзе, складаецца з адзінаццаці п’ес. Рэгламент канцэрта дазволіў выканаць толькі шэсць. Аднак дырыжор з такім густам іх выбраў, так удумліва і далікатна прачытаў, што паміж нумарамі «Казак...», уключанымі ў праграму, адчулася тонкая драматургічная повязь. Лаканічныя назвы п’ес — гэта не канкрэтныя найменні рэалій прадметнага свету, а ўмоўныя пазнакі, што даюць напрамак асацыяцыям. Уяўленне абуджае фантазію, яе падсілкоўвае гіпнатычная магія музыкі, створанай у стылі арт-мінімалізму.
Містычны вобраз старога дрэва ў прысадах Нясвіжскага парку дае магчымасць кампазітару злучыць пад яго магутнай кронай (ці запісаць на «кругах памяці» гадавых колцаў) эпізоды нейкага няўгледнага жыцця. Кругабег лёсу ў ператварэннях энергій вады і паветра, каменя і зерня, адвечнага сонца і надзённага хлеба («Па плыні ручая», «Жорны старога млына»). Нараджэнне карункавага сеціва, якое тчэцца пад інфернальную калыханку міфічнай Арахны («Павук ведае сваю справу»). Падарожжа ў невядомасць, што адначасна вабіць і палохае, бо ты застаешся ў лодцы сам-насам («Час плысці ў лодцы»). Таемны свет бываліц і показак, прымхаў і дум; невытлумачальных перамяшчэнняў у прасторы і часе; прыхаваных жарсцяў, рэфлексій, нязбытных жаданняў, мрой, прадчуванняў і сноў...
Каб твор заззяў, як дыямент, стылістыка мінімалізму вымагае ювелірнай эстэтыкі гуку. Паводле слоў кампазітара, Паўлу Любамудраву з музыкантамі «Метамарфозы» ўдалося дасягнуць таго эталоннага гучання, якое адпавядае задуме і да якога не наблізіўся ніхто з ранейшых інтэрпрэтатараў «Казак...». Асаблівая празрыстасць і «давяральнасць» гучання дасягаецца дзякуючы кампактнасці складу аркестра (менш як паўтара дзясятка чалавек) ды высокай кваліфікацыі яго артыстаў: як жа без яе, калі кожны — навідавоку, «на слыху»!
Для Літвіноўскага ігра стыляў, пераасэнсаванне ўзноўленых гістарычных мадэляў музыкі з тонкімі, незнарочыстымі алюзіямі на ключавую, глыбінную беларускую сімволіку — родная стыхія. Таму ў гарманічным суседстве з яго творам апынулася «Простая сімфонія» Бенджаміна Брытэна, чый стыль увабраў многія з’явы сусветнай музычнай культуры, не парушаючы сувязь з нацыянальнай традыцыяй, са спадчынай старадаўніх англійскіх майстроў.
Ідэйны натхняльнік, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор аркестра Павел Любамудраў свае імя і прозвішча прыняў як сімвалічную спадчыну ад незабыўнага дзеда — заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, вядомага графіка, прафесара Паўла Любамудрава. Музычныя гены — ад прабабулі, якая скончыла фартэпіянны факультэт Петраградскай кансерваторыі, працавала канцэртмайстрам у Марыінскім тэатры. Павел з маленства асвойваў кларнет і гітару. У Мінскім музычным каледжы, дзе працягваў вучыцца як гітарыст, захапіўся сімфанічным дырыжыраваннем. Пасля каледжа паступіў у Санкт-Пецярбургскую кансерваторыю, стаў студэнтам па класе гітары.
— Для мяне ўсё гэта не ваганні, а проста шлях музыканта, — кажа Павел. — Жыццё заўсёды карэктуе нашы памкненні. Дый дырыжорам нельга зрабіцца, не маючы навыкаў валодання інструментам, а лепей некалькімі. Але ж я зразумеў, што як музыкант змагу выказаць сябе менавіта праз аркестр. Трапна сказаў Ойстрах, маўляў, калі ён іграў на скрыпцы, дык плаваў па рацэ, а калі пачаў дырыжыраваць, дык выйшаў у адкрытае мора. Чаму Пецярбург? Тут існуе нейкая наканаванасць. Сімвалічнае прыцягненне дарог, якімі ў маладосці хадзіў мой дзед. Кантактаў з гэтым горадам у мяне не было. Сямейных каранёў там не засталося. Паступіў у кансерваторыю, жыў у інтэрнаце. Два гады вучыўся на гітары і пастаянна цікавіўся дырыжыраваннем, наведваў факультатыў, штудзіраваў літаратуру. Затым здаў дырыжорскі іспыт. Конкурс быў не надта вялікі: 3 ці 4 чалавекі на месца.
Праз пяць гадоў, у 2013-м, Павел скончыў факультэт оперна-сімфанічнага дырыжыравання (клас прафесара Андрэя Аляксеева) з адзнакай па спецыяльных дысцыплінах. Пагадзіўся папрацаваць мастацкім кіраўніком аркестра Віцебскай абласной філармоніі.
— Аркестр аказаўся неспрактыкаваны, кадры набіраліся па сумяшчальніцтве з усяго горада, рэпетыцыі ладзіліся тры разы на тыдзень, адну з іх праводзіў іншы дырыжор. Гэтага мала для творчасці. Прарабіў я там толькі тры месяцы, аднак музыканты былі задаволеныя нашым супрацоўніцтвам, і я ім удзячны за набыты досвед стасункаў. Дадому вярнуўся з ідэяй стварыць калектыў аднадумцаў, якія жывуць музыкай і «гараць прафесіяй». Свет музыкі — адзіны, і калі Бог пасылае нам сугучных людзей, мы настолькі хутка знаходзім агульную мову, што знікаюць лішнія пытанні, застаецца толькі творчасць. У «Метамарфозе», можна сказаць, усе з імёнамі. Пераможцы, лаўрэаты, дыпламанты міжнародных конкурсаў, канцэртмайстры вядомых айчынных калектываў. Пераважна таленавітая моладзь. Але я запрашаю і больш сталых музыкантаў, каб перадавалі свой досвед, аб’ядноўвалі нас у адчуванні традыцыі, у самім стаўленні да музыкі. Рэпертуар не абмяжоўваем, плануем і надалей іграць сачыненні розных эпох, краін, стыляў, жанравых напрамкаў, здатныя захапляць выканаўцаў і радаваць публіку. І абавязкова будзем выконваць найлепшыя творы беларускіх кампазітараў, у тым ліку савецкага часу.
У праграму «Феерычныя сезоны» разам з шэдэўрамі Вівальдзі, Сарасатэ, дэ Фальі, Андэрсена, П’яцолы ўвайшла прэм’ера беларускага аўтара Аляксандра Пажарыцкага. Аркестр на чале з Паўлам Любамудравым зрабіў ужо некалькі запісаў у студыі Беларускага радыё. Так што будзе ў «Метамарфозы» і першы дыск.
А вось і сенсацыя: аркестр спрычыніўся да першага візіту ў Беларусь амерыканскай групы «Manowar». Легендарныя «каралі металу» запрасілі наш малады калектыў выступіць на разагрэве ў сваім канцэрце, які адбыўся 16 лютага ў мінскім Палацы спорту.
— Стасункі року і класікі на сённяшняй сцэне ўжо не дзіва. Аднак мы моцна здзівіліся і не маглі даўмецца, чаму знакаміты калектыў з 35-гадовай гісторыяй звярнуўся менавіта да «Метамарфозы», якой яшчэ няма і года, — гаворыць Павел Любамудраў. — Нечаканую і неверагодную прапанову прынялі з радасцю. «Manowar» даслаў мне ноты трох сваіх песень. Гэта прыгожая, меладычная аркестравая музыка, якую мы хутка і з прыемнасцю вывучылі. Апроч таго, у класічную частку канцэрта ўвайшлі чатыры нумары з «Хольберг-сюіты» Грыга — яна з’явілася ў нашым рэпертуары летась. (Опусу нарвежскага класіка ўласцівы каларытная вобразнасць, рамантычны скандынаўскі дух. У творчасці «Manowar» знаўцы прасочваюць уплыў скандынаўскай міфалогіі. — С.Б.) Удзел у міжнародным праекце, калегаванне з амерыканскімі музыкантамі, якія прыбылі ў Мінск напярэдадні канцэрта, — гэта багацце эмоцый і ўражанняў, неацэнны досвед, адпаведны памкненням нашага калектыву: іграць самую розную музыку. Асаблівую ўзрушанасць сітуацыі надавала тое, што праз дзень, 18 лютага, быў запланаваны наш выступ у Чырвоным касцёле — з удзелам выдатнага іспанскага габаіста, прафесара Хуана Мануэля Гарсія-Кано, так што мы адначасова жылі хваляваннямі дзвюх падзей.
Святлана БЕРАСЦЕНЬ