Радаслава Аладава: Чарговы Калядны форум адышоў у гісторыю. Ужо адшумелі жарсці, гарачыя кулуарныя дыскусіі...
Наталля Ганул: Сапраўды, значэнне падобнага форуму для нашай краіны цяжка пераацаніць. Усе пазітыўныя фактары — рэгулярнасць правядзення, арыгінальныя спектаклі, запрашэнне яркіх прадстаўнікоў сусветнай опернай вакальнай школы і кансалідацыя лепшых выканальніцкіх сіл беларускага тэатра, арганічны тандэм тэатральнай часткі форуму і конкурсу вакалістаў — умацавалі яго міжнародны статус і знакавае месца ў айчыннай культурнай прасторы.
Радаслава Аладава: У перыёдыцы з’явілася нямала ацэнак і меркаванняў, цікавых, а часам і глыбокіх аналітычных назіранняў, якія датычылі і прадстаўленых на сцэне артэфактаў, і арганізацыі. Важна, што гэтыя непасрэдныя і свежыя па думцы водгукі на падзею належалі нашым гасцям — аўтарытэтным музычным крытыкам з Масквы, Баку, Кіева. Такі позірк звонку для нас вельмі істотны, а па характары выказвання і вельмі пахвальны. Мяркую, з большасцю думак вы, як і я, пагадзіліся. Таму, каб не паўтарацца, прапаную скіраваць увагу на пытанні, якія нас турбуюць.
Погляд знутры прадугледжвае асэнсаванне падзеяў апошняга фэсту не толькі як яскравай з’явы сучаснасці, але і як пэўнай вяхі на нялёгкім шляху развіцця айчыннай оперы наогул. У гэтым кантэксце адзначу, што сёння, як ніколі, сам час глабалізму прызначыў беларускаму музычнаму тэатру арганічна ўвайсці ў прастору еўрапейскага мастацтва. І менавіта пра гэта сведчыць скразная ідэя форуму 2015 года — дэманстрацыя высокай годнасці айчыннай оперна-выканальніцкай культуры.
Наталля Ганул: Акцэнт на выканальніцкай ідэі быў узмоцнены трыма праграмамі: гала-канцэртам пераможцаў вакальнага спаборніцтва, яркім і віртуозным тэматычным вечарам «Італьянская жарсць» з удзелам нашых артыстаў і заключным гала-канцэртам, які аб’яднаў выступленні салістаў з 15 краін. Але і праз усю тэатральную частку фестывалю прайшла ідэя паказу высокага ўзроўню выканальніцкага майстэрства. Больш за тое, заўважу: асноўная стаўка арганізатарамі была зроблена на таленавітую моладзь,
і нават выбар спектакля «Яўген Анегін» пацвярджае гэтую думку.
Увогуле праграма шостага форуму прадстаўляла паказ бяспройгрышных, «топавых» пастановак, якія заўжды забяспечваюць аншлагі. Аднак такі падыход апраўдаў далёка не ўсе запыты-чаканні зацікаўленай і «нераспешчанай» у гэтым сэнсе нашай часткі публікі. Не буду хаваць і ўласнае расчараванне, звязанае з адсутнасцю, па-першае, прэм’ернага спектакля, які па добрай традыцыі спецыяльна рыхтаваўся для фестывальнай праграмы, па-другое — паўнавартаснага сцэнічнага твору запрошанага тэатра. А вось «моладзевая ідэя» магла б быць узмоцнена паказам у межах форуму нядаўняй прэм’еры дзіцячай оперы «Доктар Айбаліт». Дарэчы, калі я выступала на міжнароднай канферэнцыі ў Кіеве па праблемах развіцця оперы для дзяцей у Беларусі і аналізавала спектакль Марозавай—Мушынскай—Панджавідзэ як вельмі перспектыўны прыклад адраджэнскіх тэндэнцый у сэнсе далучэння дзяцей да тэатральнага мастацтва, дык пачула цэлы «хор» жадаючых убачыць гэтую пастаноўку. У тым ліку і ад запрошанага на наш форум украінскага музычнага крытыка Марыны Чаркашынай-Губарэнка.
Радаслава Аладава: Мне таксама здалося, што менавіта тэатральны кампанент у апошнім форуме неяк «прасеў». І пры агульным высокім узроўні пастановачнай часткі ўсё ж не хапіла таго, што тэатральныя заўсёднікі называюць разынкаю, мастацкім адкрыццём. Якім, напрыклад, стаў спектакль «Севільскі цырульнік» Расіні ў гастрольным паказе трупы Маскоўскага «Новага тэатра» імя Яўгена Колабава на першым форуме. Памятаю, як мая сяброўка, высакакласны музыкант, пасля вельмі нечаканага, амаль што рэчытатыўнага выканання знакамітай арыі Фігара ўжо збіралася пакінуць залу, але, вытрываўшы да канца, была вельмі моцна ўражана і эмацыйна ўзрушана. Вось яна, сапраўдная харызма, магія оперы! Прыблізна такія ж пачуцці выклікала прадстаўленая на чацвёртым форуме прэм’ера оперы Смольскага «Сівая легенда» ў пастаноўцы Міхаіла Панджавідзэ. Дарэчы, яна і сёння з поспехам ідзе на нашай сцэне. Мяркую, і ваша памяць зберагае нешта падобнага кшталту?
Наталля Ганул: Шкада, што ў праграме апошняга фэсту адсутнічалі і камерныя оперы. Вельмі хацелася бачыць развіццё таго высокага ўзроўню, які быў зададзены на чацвёртым форуме спектаклямі «Чалавечы голас» Пуленка (рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ), «Дырэктар тэатра» Моцарта (рэжысёр Наталля Кузьмянкова), «Мядзведзь» Картэса (рэжысёр Галіна Галкоўская).
У сувязі з апошняй назвай не магу не сказаць, што ў 2015-м, падчас 80-гадовага юбілею кампазітара, сапраўдным упрыгожваннем праграмы маглі б стаць новыя пастаноўкі яго выдатных опер, у тым ліку звышактуальнай для нашага часу прыпавесці «Матухна Кураж». А як варыянт «удалай пагоні за двума зайцамі» — запрашэнне самарскай трупы з операй «Мядзведзь» у бліскуча-дас-
ціпным вырашэнні Міхаіла Панджавідзэ. Прэм’ера спектакля, рэзанансная і вельмі ўдалая па арыгінальным прачытанні музычнага тэксту, адбылася летась у чэрвені.
Радаслава Аладава: Вы мяне заінтрыгавалі, цікава было б паглядзець. Сапраўды, асоба галоўнага рэжысёра заўсёды прыцягвае да сябе пільную ўвагу, тым больш што ён — адна з галоўных фігур у фармаванні рэпертуарнай палітыкі. Аднак гэта зусім не святочная і, як мне падаецца, досыць балючая для нашага тэатра тэма — маю наўвеце стварэнне сучаснага нацыянальнага рэпертуару, таму мо лепей не станем яе кранаць у сённяшняй размове.
Наталля Ганул: Цалкам згодная з вамі. Але па-ранейшаму перакананая ў тым, што неабходна падтрымліваць развіццё менавіта нацыянальнай разынкі мінскага форуму ў любым фармаце.
Радаслава Аладава: Працягну думку аб дзейнасці Міхаіла Панджавідзэ на айчыннай ніве. Мне імпануе такі тып творцы: ён ніколі не стаіць на месцы, але мае трывалы і пазнавальны стыль. Яго эстэтыка, мяркую, знаходзіцца ў рэчышчы постмадэрнізму, які сёння можа прэтэндаваць на ролю «стылю эпохі». Да гэтага можна ставіцца па-рознаму. Таму адразу вызначу ўласную пазіцыю: я прыхільніца рэжысёрскага тэатра з яго новай умоўнасцю, што тлумачыць маю павышаную цікавасць да пастаноўкі «Царскай нявесты», якую мне не пашчасціла ўбачыць на прэм’ерных паказах. Здарылася так, што спачатку давялося пазнаёміцца са сцэнічнай інтэрпрэтацыяй гэтай партытуры Андрэем Магучым, рэжысёрам драматычнага тэатра. Гэта быў спектакль Міхайлаўскага тэатра Санкт-Пецярбурга, які ніводнага гледача не пакінуў абыякавым і выклікаў незабыўнае ўражанне.
Я не збіраюся цяпер параўноўваць дзве канцэпцыі: яны цалкам самастойныя. Хоць творцы належаць да розных адгалінаванняў постмадэрнізму, у першым выпадку авангарднага, у другім — новай простасці, відавочная і агульнасць мастацкіх прынцыпаў. Абедзве пастаноўкі палітызаваныя і міфалагічныя, абедзве апелююць да складанай сістэмы сімвалаў. Нагадаю пра татальную метафарызацыю колеру (белы, чорны, чырвоны) і прасторы (верх, ніз, сцісласць), што складае асаблівы змрочны каларыт дзеяння мінскага варыянта. І, можа, самае важнае — абодва спектаклі маюць «двайны код»: шматпланавасць зместу, павярховы пласт якога знітаваны з маскультам і кітчам.
У дадатак у паэтыцы пастановак вялікую ролю адыгрывае гратэск: у Магучага — абсурдысцкага кшталту, у Панджавідзэ — таго, што паходзіць ад народнай культуры, ад балагана, эстэтызаванага ў мастацтве ХХ стагоддзя. Адсюль відавочнасць, канкрэтнасць на мяжы бытавізму, якая часцяком шакуе гледача. У нашым выпадку такіх «неспадзяванак» было дастаткова, аднак сваёй гратэскнасцю яны рабілі моцнае эмацыйнае ўздзеянне. Найбольш адчувальна гэты прыём праведзены ў характарыстыцы вобраза апрычніны, гвалту. Але і ў любоўна-лірычнай лініі, а менавіта ў «раскадроўцы» арый, насычэнні іх дзеяннем адчуваўся нязвыклы, правакуючы пачатак, што, мяркую, абвастрыла іх успрыняцце (згадаю тут першую арыю Марфы, другую Лыкава). І, нарэшце, самае галоўнае:
а як жа ўнікальная выразнасць інтанацыі бельканта? Як мне па
даецца, рэжысёр нідзе не «паграшыў» супраць музыкі. Да таго ж і выканальніцкі склад апынуўся на вышыні, ды яшчэ якой!
Наталля Ганул: Нельга не пагадзіцца. Менавіта дуэт пратаганістаў Гразнога (Станіслаў Трыфанаў) і Марфы (Венера Гімадзіева) дазволілі мне і многім маім калегам убачыць пасля сакавіцкай прэм’еры тонкія нюансы ў гэтым спектаклі, што сапраўды развіваецца па іманентна-музычных законах, тут нідзе не выпінаюць «рэжысёрскія вушы». Падкрэслю абсалютную адпаведнасць згаданых салістаў ролям — і па знешняй пластыцы, і па выразнасці вакалу. Імі ствараюцца ёмістыя, дынамічныя вобразы, якія транслююць асноўную ідэю оперы. Марфе, у вобразе якой рэжысёрам выяўляецца архетып вечна жаданай Русі, у літаральным сэнсе цяжка дыхаць у прасторы знарочыста паменшанай, замкнёнай, агароджанай плотам. І таму надламаным і асабліва трагічным бачыцца яе смерць-узнясенне ў фінальнай сцэне. Венера Гімадзіева прадэманстравала высокую культуру гукавядзення, пранізлівы лірызм, узрушальнае піянісіма. А прыродная кантылена і празрыстасць верхняга дыяпазону яе голасу скарылі беларускую публіку яшчэ ў партыі «Снягуркі» на другім мінскім форуме.
Брутальны, жорсткі, але зламаны высокім пачуццём да Марфы Гразной у інтэрпрэтацыі харызматычнага Трыфанава — ідэальнае прачытанне Рымскага-Карсакава. Глыбокі, моцны выразны тэмбр голасу спевака, віртуозны тэхнічны апарат, унутраная цэласнасць і гармонія вакальна-сцэнічнага вобраза пакідаюць незабыўны след у душы кожнага гледача. Трыфанаў найбольш яскрава раскрыў свой талент у галоўных партыях опер «Лятучы галандзец», «Мядзведзь», «Сівая легенда», «Алека», «Князь Ігар».
Радаслава Аладава: Думаю, варта згадаць і выканаўцаў іншых роляў у «Царскай нявесце»...
Наталля Ганул: Аксана Якушэвіч, Любаша, больш пераконвала акцёрскімі, чым вакальнымі аргументамі. Часам ніжні дыяпазон голасу спявачкі гучаў зусім глуха, а ў інтанаванні акапэльнай працяглай народнай песні «Снаряжай скорей, матушка родимая» прарываліся неапраўданыя вердзіўскія драматычныя верхнія ноты. Віктар Мендзелеў, адзін з пераможцаў ІІ конкурсу вакалістаў, паўстаў у партыі Лыкава лірычна-эмацыйным і стабільным выканаўцам. Высокі ўзровень паказалі вопытныя майстры беларускай сцэны Васіль Кавальчук і Алег Мельнікаў. Паўнапраўным удзельнікам пастаноўкі, каментатарам сцэнічных падзей апынуўся аркестр пад кіраўніцтвам Андрэя Галанава.
Радаслава Аладава: У адрозненне ад «Царскай нявесты», мне давялося ўбачыць «Кармэн» яшчэ на перадпрэм’ернай здачы, што пакінула надта супярэчлівыя ўражанні. Таму выкананне оперы на форуме літаральна ўзрушыла. У галоўнай ролі выступіла народная артыстка Украіны Анжаліна Швачка, якая, безумоўна, апраўдала свой неафіцыйны тытул адной з лепшых Кармэн на постсавецкай прасторы. Уладальніца цудоўнага голасу, драматычнага таленту, прыгажосці і моцнай энергетыкі — яна літаральна ўладарыла на сцэне. Яе годнымі партнёрамі зрабіліся Эдуард Мартынюк, Анастасія Масквіна, Уладзімір Пятроў.
Адным словам — баляванне музыкі, а таксама і танца. Сапраўды, што ж за «Кармэн» без пластыкі, якую культываваў сам кампазітар? Але рэжысёр-пастаноўшчык Галіна Галкоўская настолькі паслядоўна, скразным чынам, распрацоўвае гэтую лінію (нагадаю танец харэа-дублёра Эскамільё на музыцы антракту да чацвёртай дзеі), што ўжо можна казаць пра новы і сучасны па сваіх інтэнцыях жанравы сімбіёз — опера-балет, радзімай якога, дарэчы, была Францыя. І ўжо для поўнай карціны культурнай інтэграцыі дадам, што за дырыжорскім пультам у гэтым спектаклі стаяў маэстра з Францыі Філіп Местр.
Наталля Ганул: Але запрошаны дырыжор задаў залішне павольны тэмп, асабліва для першай дзеі оперы, што прывяло да прыкрых разыходжанняў аркестра з хорам і перанапружання вакальнага апарата Анжаліны Швачкі. Разам з тым трэба аддаць належнае майстэрству, драматычнай напоўненасці, выразнасці выканання салісткі і ўсёй беларускай трупы артыстаў.
Новая рэдакцыя оперы «Яўген Анегін» (рэжысёр Аляксандр Прахарэнка), паказаная на ІІІ Мінскім форуме, у маёй памяці захавалася як з’ява па-мастацку неадназначная і крыху руцінная. Спачатку перадузята назіраючы за жыццём у тэатры гэтай рэпертуарнай пастаноўкі, пераканалася ў яе нязменнай папулярнасці. Адзначу, што спектакль здабыў добры прафесійны глянец і ўнутраную дынаміку, у ім захаваны ўсе атрыбуты традыцыйнага сцэнічнага твору, але ёсць і арыгінальныя пастановачныя рашэнні. Было цікава пачуць дэсант запрошаных салістаў Вялікага тэатра Расіі. Хоць асабіста мне хацелася б убачыць на беларускай сцэне ў іх інтэрпрэтацыі рэжысёрскую версію оперы Дзмітрыя Чарнякова, якая выклікала ў свой час немалы рэзананс.
Радаслава Аладава: І мне хацелася б...
Наталля Ганул: Усе салісты таленавітыя і перспектыўныя, яны ўдыхнулі ў спектакль маладую энергетыку, але не ўсё аказалася адназначным. Адчувалася некаторая скаванасць выканаўцаў, якія не паспелі дастаткова арганічна ўвайсці ў беларускі варыянт пастаноўкі, не ўсе мізансцэны былі драматургічна апраўданыя. А сапраўдным вакальна-сцэнічным адкрыццём стаў Багдан Волкаў у вобразе Ленскага. Ва ўсіх прадстаўленых на форуме спектаклях адзначу якасную работу хору пад кіраўніцтвам Ніны Ламановіч.
Радаслава Аладава: Працягваючы думку пра жанравую сітуацыю нагадаю пра канцэрт «Італьянская жарсць», дзе былі занятыя маладыя салісты. Гэта быў, так бы мовіць, сюрпрыз форуму. У яго аснове ідэя напаўзабытага жанру пастыча: мантаж папулярных італьянскіх песень, а таксама арый і ансамбляў з опер тамтэйшых кампазітараў. З гэтых твораў, блізкіх па музычным стылі, фармуецца адзінае драматургічнае цэлае з пэўнай і вельмі дадатнай для опернага сюжэта інтрыгай любоўнага трохкутніка, з характэрнымі для італьянскай камічнай оперы вакальнымі амплуа. У выніку мы ўбачылі жывое, зіхатлівае дзейства, афарбаванае гумарам, у якім хапае і балаганнай элегантнасці. Няма сумненняў, што перад намі «касцюмны» спектакль, які вельмі стыльна ўвасобілі рэжысёр Алена Медзякова, мастак Аляксандр Касцючэнка, дырыжор Іван Касцяхін. Ізноў нагадвае пра сябе высокі выканаўчы ўзровень нашай моладзі, якая ўжо паспела выйсці ў міжнародную прастору: Юрый Гарадзецкі, Марыя Шабуня і Аляксандр Рославец — лаўрэаты міжнародных конкурсаў, Ілля Сільчукоў здабыў славу на праекце расійскага ТБ «Вялікая опера» (не магу не зазначыць, што гэты высакародны артыст адстойваў годнасць створанай беларускім кампазітарам оперы не толькі спевамі, але і словам). Дынамічнае дзеянне, артыстычна разыгранае маладымі спевакамі, выдатнае выкананне (вось ужо дакладна бельканта!) захапілі залу і забяспечылі заслужаны поспех пастаноўкі. Відаць, яна магла б стаць упрыгожаннем рэпертуару нашага тэатра.
Наталля Ганул: Мне падаецца вельмі прадуктыўным менавіта тэатральны падыход да канцэртных гала-праграм, у якіх прадстаўлены так званы парад-агляд талентаў. Цікавым прыкладам таму з’яўляюцца канцэрты-спектаклі Дзмітрыя Бертмана ў «Гелікон-оперы». Гэта дазволіць пазбегнуць перанасычанасці канцэртаў і вызначыць больш якасны адбор салістаў.
Што да перспектыў форуму, дык адна з іх — актыўны працяг развіцця кірунку «моладзевай хвалі» ў розных фарматах. Спадзяемся, што сакральна-сімвалічная сямёрка ў нумарацыі наступнага мінскага фестывалю заззяе новымі талентамі, будзе здзіўляць арыгінальнасцю тэатральных праграм і прынясе чаканую асалоду ўсім аматарам опернага мастацтва.