Заснавальнікам нацыянальнай школы жывапісу і найбуйнейшай фігурай брытанскага мастацтва першай паловы і сярэдзіны XVIII стагоддзя з’яўляецца Уільям Хогарт, яго смелы рэалізм паўплываў на шматлікія стылістычныя з’явы наступнага часу. У аснове эстэтычнай сістэмы Хогарта ляжыць ідэя звароту да прыроды, ён лічыў, што творцу неабходна вучыцца давяраць пачуццям і ўвасабляць падзеі паўсядзённага жыцця. Хогарт першым з англійскіх мастакоў звярнуўся да тэмы тэатра, які з часоў Шэкспіра займаў асаблівае месца ў жыцці брытанцаў. Майстар сябраваў з выдатным акцёрам сваёй эпохі Дэвідам Гарыкам. На выставе прадстаўлена гравюра, якая адлюстроўвае адзін з варыянтаў карціны Хогарта, прысвечанай фінальнай сцэне п’есы Джона Гея «Опера жабрака», прэм’ера якой адбылася ў Лондане ў студзені 1728 года. Гэты адбітак з калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь выкананы вядомым англійскім мастаком і паэтам Уільямам Блэйкам.
У мастацтве Туманнага Альбіёну XVIII стагоддзя першынство належыць партрэту, які ў шэрагу іншых еўрапейскіх краін саступае гістарычнаму і міфалагічнаму жывапісу. Асаблівая значнасць партрэтнага жанру ў Брытаніі абумоўлена пэўнымі прычынамі, сярод іх і ўяўленне пра каштоўнасць чалавечай асобы, і найбагацейшая спадчына традыцый замежных майстроў, што працавалі ў Англіі, такіх як Ганс Гольбейн і Антоніс Ван Дэйк. Жанр партрэта займае адно з галоўных месцаў і ў сценах Каралеўскай акадэміі мастацтваў, адкрытай у 1768 годзе ў Лондане, першым прэзідэнтам яе быў абраны Джошуа Рэйнальдс — адзін з самых яскравых прадстаўнікоў англійскага партрэтнага жывапісу XVIII стагоддзя.
Уласцівая эпосе Асветы тэндэнцыя шанаваць у чалавеку не паходжанне, а асабістыя якасці, бліскучая жывапісная тэхніка, вольная манера пісьма і насычаны каларыт характэрныя для большасці работ англійскіх партрэтыстаў другой паловы XVIII стагоддзя. Блізкасць да асветніцкіх ідэалаў выяўляе ў сваёй творчасці сапернік Рэйнальдса Джордж Ромні; адно з ключавых месцаў займае таксама спадчына Томаса Гейнсбара. У пачатку XIX стагоддзя традыцыі школы Рэйнальдса завяршае Томас Лоўрэнс — першы англійскі партрэтыст, якога з захапленнем прынялі на кантыненце. З брытанскім партрэтам у экспазіцыі знаёмяць пераважна гравюры англійскіх майстроў з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь — выявы лэдзі Пембрук пэндзля Георга-Зігмунда Фацыуса па арыгінале Томаса Лоўрэнса, Аляксандра Львовіча Нарышкіна Джозэфа Саўндэрса і Тадэвуша Касцюшкі Уільяма Шарпа.
У XIX стагоддзі партрэт саступае пануючае месца краявіду, апошні дасягае небывалага росквіту. Але яшчэ ў XVIII стагоддзі ў англійскім мастацтве шырока распаўсюджваецца «тапаграфічны» пейзаж — увасабленне мясцовых славутасцей. Яркімі прыкладамі гэтага віду з’яўляюцца гравюры Люка Салівана з калекцыі нашага Нацыянальнага мастацкага музея, братоў Самуэля і Натаніэля Бакаў, Рычарда Бернарда Годфры. Таксама дэманструюць працяг і развіццё гэтай традыцыі ў XIX стагоддзі жывапісныя палотны Джорджа Фрэдэрыка Б’юкенена з Дзяржаўнай мастацкай калекцыі Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі.
Англійскаму пейзажу другой паловы XVIII — пачатку XIX стагоддзя ўласціва эмацыйнасць. Адзін з вядомых мастакоў, у далейшым — заснавальнік аўстралійскай пейзажнай школы Джон Гловер развівае традыцыі «класічнага» краявіду ў духу Клода Ларэна. З яго творчасцю ў экспазіцыі знаёміць палатно «Алсуотэр і Голдрылскі мост» з мастацкай калекцыі Злучанага Каралеўства з выявай Азёрнага краю. Рысы класіцыстычнага пейзажу знаходзяць сваё адлюстраванне і ў такіх творах Чарльза Таўна, як прадстаўлены на выставе «Вадаспад Тумель у Пертшыры» з брытанскага збору.
У XIX стагоддзі Англія становіцца радзімай новага еўрапейскага пейзажу — адэкватнага чалавечаму ўспрыманню прыроды. Над яго стварэннем працуюць у першай чвэрці стагоддзя мастакі і іншых еўрапейскіх мастацкіх школ. Англійскі жывапіс робіць гэтае адкрыццё на некалькі дзесяцігоддзяў раней за кантынентальную Еўропу з шэрагу прычын: філасофія сенсуалізму з яе вучэннем аб прыярытэце пачуццёвага вопыту, тэорыя эфірных хваль святла Томаса Юнга, працэс тэхнізацыі Вялікабрытаніі ды ўрбанізацыі яе прыроднага асяроддзя, якія падштурхнулі да ўсведамлення натуральнага краявіду як вялікай вартасці, культывацыі вобраза «старой добрай Англіі». На той жа час прыпадае росквіт такога феномена заходнееўрапейскага ландшафтнага мастацтва, як англійскі пейзажны парк.
Найбуйнейшымі асобамі, якія аказалі ўплыў на развіццё не толькі брытанскага, але і агульнаеўрапейскага жывапісу, былі Джозэф Уільям Цёрнэр і Джон Канстэбл. Менавіта пейзаж стаў апошнім вялікім дасягненнем англійскага мастацтва эпохі яго найвышэйшага росквіту.
Брытанская жанравая карціна не звязана з магістральнай лініяй англійскага мастацтва. Як і партрэт, бытавы жанр распачынае сваё развіццё і адначасова перажывае найвышэйшы росквіт у першай палове XVIII стагоддзя ў творах Хогарта. Пазней бытавая карціна эвалюцыянуе ў своеасаблівае забаўляльнае мастацтва, у афарбаваныя лёгкім гумарам або сентыментальным пачуццём замалёўкі паўсядзённага жыцця. У 1770—1780-х гадах у англійскай літаратуры, а затым і ў жывапісе з’яўляюцца новыя тэмы. Джордж Морленд адным з першых сярод брытанскіх мастакоў звяртаецца да сельскай тэматыкі. Майстар жанравых сцэн, выдатны пейзажыст і анімаліст, ён любіць пісаць маляўнічыя хаціны ды іх насельнікаў, ствараючы кампазіцыі, падобныя да «Вяртання фермера з палявання» з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.
Панаванне жывапісу — характэрная асаблівасць брытанскага мастацтва XVIII—XIX стагоддзяў. Станаўленне англійскай графічнай школы таксама звязана з імем Хогарта. Пад яго ўплывам ажыўляецца цікавасць да гравюры, пашыраецца друкарская справа. З росквітам нацыянальнай школы жывапісу ў XVIII стагоддзі значных поспехаў дасягае і рэпрадукцыйная гравюра. Англійскія гравёры нібы робяцца суаўтарамі мастакоў, творча перапрацоўваюць жывапісныя арыгіналы, падкрэсліваюць іх вартасць, знаходзяць новыя адценні іх гучання. Акрамя ўжо згаданых, на выставе прадстаўлены выдатныя ўзоры рэпрадукцыйнай графікі: «Спакуса святога Антонія дэманамі» вядомага гравёра, жывапісца і выдаўца Артура Поўнда і «Пакланенне пастухоў» Хавела Джылбэнка з калекцыі нашага Нацыянальнага мастацкага музея.
Спадчына майстроў Брытаніі — каштоўны ўнёсак у развіццё новых гравіравальных тэхнік, што з’явіліся ў XVIII стагоддзі, такіх як мецца-тынта, алоўкавая манера, пункцір, акватынта. З імем Уільяма Блэйка звязана вынаходніцтва арыгінальнага спосабу друку — выпуклага афорта, а з імем Томаса Б’юіка — тэхнічныя і мастацкія ўдасканаленні ксілаграфіі. Невыпадкова XVIII стагоддзе нярэдка называюць «залатым векам» брытанскай гравюры.
Разам з жывапісам і гравюрай высокага росквіту дасягае ў XVIII—XIX стагоддзях брытанскае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, у прыватнасці фарфор і кераміка. У экспазіцыі прадстаўлены ўзоры англійскай керамікі XIX стагоддзя са збораў беларускіх музеяў, выкананыя пераважна на прадпрыемствах графства Стафардшыр — старэйшага керамічнага цэнтра Англіі.
Нягледзячы на камерны фармат выставы, творы даюць выдатнае ўяўленне пра самабытнасць і арыгінальнасць англійскай мастацкай школы XVIII—XIX стагоддзяў.
Святлана ПРАКОП'ЕВА