Тады нам здавалася, што маладосць вечная... Я памятаю Валодзю яшчэ з ленінградскага «туманнага юнацтва», калі ён, абараніўшы ў «Рэпінцы» дыплом пра маладых будаўнікоў роднага Мінска, вярнуўся ў беларускую сталіцу і пачаў з натхненнем рэалізоўваць незразумелыя для абывацельскага погляду задумкі і праекты ў станковым і манументальным жывапісе. З арыгінальнага партрэта Якуба Коласа (у 1952–1953-х мастак паспеў памаляваць паэта з натуры) пачаўся актыўны шлях маладога творцы.
Менавіта гэты партрэт, які даўно стаў хрэстаматыйным, адкрываў выставу ў Нацыянальным мастацкім... Я ішоў па музейнай галерэі і ўспамінаў, як практычна на маіх вачах адно за адным з’яўляліся палотны Стальмашонка. Сваёй «экстравагантнай» пластыкай і незвычайнасцю вобразаў яны бянтэжылі не толькі членаў выстаўкамаў, але і вопытных прафесіяналаў. Як можна, абураліся яны, так «псаваць вобраз вялікага правадыра»? У карціне гаворка ішла пра наведванне Леніным і Крупскай маскоўскага інтэрната ВХУТЕМАСа 21 лютага 1921 года. Мастак па-дэкаратыўнаму ярка напісаў групу вясёлых студэнтаў з такімі ж вясёлымі Леніным і ягонай жонкай — без усялякай пафаснасці. Ён ліквідаваў той п’едэстал, без якога ніхто з мастакоў тады не абыходзіўся, калі звяртаўся да Ленініяны.
На выставе можна было ўбачыць гэтае ды іншыя палотны таго і больш позняга часу: «Слова пра Беларусь», «Славутасці Беларусі», «Народныя камісары БССР», партрэты Рыгора Шырмы, Максіма Гарэцкага, Максіма Багдановіча, Пятра Альсміка, дзеда Талаша, якія і сёння глядзяцца сучасна. Была прадстаўлена і частка серыі партрэтаў магнацкага роду ВКЛ — Радзівілаў. Над тым цыклам мастак натхнёна працаваў больш за дзесяць гадоў. Стальмашонак, гэты нястрымны, энергічны чалавек, заўсёды ў сваёй творчасці імкнуўся знайсці нешта новае і ў тэматыцы, і ў вобразна-стылістычнай пластыцы, спалучаючы жывапіс з разьбой па дрэве, аплікацыяй, калажам, народным арнаментам, дабаўляючы тэксты на рамы карцін.
Заключным акордам экспазіцыі стаў «Аўтапартрэт» 1993 года. Вобраз-сімвал. Вобраз-рэальнасць. Бег часу. Стан душы. Прастора вечнасці. Час адкрытых магчымасцей. Ахматаўскае «Как в прошедшем грядущее зреет, так в грядущем прошлое тлеет...» — паслямова да расповеду пра жыццё жывапісца. Тут — мастацтва са складанай структурай, дзе важную вобразную ролю адыгрывае і нязвыклае дэкаратыўнае афармленне падвойнай драўлянай рамы з выкарыстаннем натуральных бярозавых ствалоў...
Другая палова выстаўкі была камерная па сваім характары і ўяўляла сабой натурныя акварэлі, пастэлі, малюнкі алоўкам, пяром і фламастарам, хуткія зарысоўкі — усё, што бачыў мастак у час вандровак па Беларусі і замежных краінах. Своеасаблівы дарожны выяўленчы дзённік, бо Стальмашонак жыў паводле лацінскага афарызму: «Nulla dies sine linea» (ні дня без лініі).
Аднойчы на пытанне, што ён думае пра будучыню Беларусі, Уладзімір Іванавіч адказаў: «Мы, беларусы, рушылі ў вялікую ды нялёгкую дарогу, каб пабудаваць незалежную дзяржаву. На кожным шляху шмат прыпынкаў і паваротаў, бар’ераў ды ўхабаў, і мы павінны іх пераадольваць. Ёсць, ёсць маякі, што асвятляюць нам дарогу. Яны найперш у духоўнай прасторы, выпраўляюць нас у далейшы шлях, умацоўваючы сілы. У будучыні — дабро. У будучыні — нашы крылы. Але трэба ведаць і любіць сваю мінуўшчыну, калі яна з’яўляецца з пражытых глыбінь. Інакш — нельга...»
Хіба гэтыя мудрыя словы мудрага мастака не гучаць надзённа і сёння?
Барыс КРЭПАК