Незвычайная гісторыя самога фестывалю «O!PLA» — дзецішча кінематаграфіста Пятра Кардаса. На мой погляд, гэта годны прыклад незалежнай творчай ініцыятывы, якая развіваецца па ўласным сцэнары. У пэўны момант Пётр вырашыў, што хоча паказваць маладую анімацыю палякам — уласна, гэта і ёсць канцэпцыя фэсту. Адабраныя фільмы ён прэзентуе ў гарадах і мястэчках, праводзячы па заканчэнні праглядаў глядацкае галасаванне. Як выявілася на практыцы, звычайныя людзі, у цэлым далёкія ад мастацтва, натхняюцца ўбачаным, а гэта, нагадаю, творы вельмі «прасунутыя», вострыя па сэнсе і кінамове. Пасля гэтага тэсту, своеасаблівай пробы на разуменне і кантакт з гледачамі, фільмы выходзяць у фінал і паказваюцца за мяжой — ужо ў сямнаццаці краінах. У Беларусі тварам фестывалю «O!PLA» стаў Эдвард Курчэўскі, студэнт Лодзінскай школы, родам з Гродна. Ён падтрымаў ініцыятыву Кардаса, дадаўшы да яе праграму студэнцкіх прац.
Акрамя Эдварда (дэманстравалася яго стужка «Герард. Аповесць пра чалавека»), у мінскім паказе ўдзельнічала Соф’я Набок (Беларуская акадэмія мастацтваў) з байкай-кліпам. Творы беларускіх аніматараў вылучаліся ў агульным шэрагу гісторый — сюжэтных, фармальных, медытатыўных, показак-анекдотаў і метафар. Польскае грамадства ўжо пераадолела пэўны ўзровень ва ўсведамленні сваёй ідэнтычнасці, якую беларускія мастакі пакуль шукаюць і абгрунтоўваюць — абапіраючыся на традыцыю і фальклор у тым ліку. А стужкі польскіх удзельнікаў паказваюць, што цяпер ім цікавыя іншыя праблемы соцыуму: розныя грані паводзін чалавека, яго замбаванне медыярэсурсамі, сквапнасць палітыкаў, далікатнасць навакольнага асяроддзя.
Большая частка фільмаў — кароткія пачуццёвыя навелы. Ды што там навелы — выбліскі! Усё спрэсавана ў лічаныя хвіліны, практычна без герояў другога плану і пабочных сэнсавых акцэнтаў. Пластыка і графіка, тэмп, колер — глядач быў вымушаны зразумець максімальна хутка, адрэагаваць і пераключыцца. Інакш усё гэта не мела сэнсу: дваццаць фільмаў за адзін вечар праносіліся як стракатая стужка.
У «Платах» дарослыя, а следам за імі і дзеці атачаюць сябе велізарнай колькасцю агароджаў, і выбудаваная рэзервацыя літаральна згарае без дапамогі знешняга свету. У «Стэфане і жучку» маніякальныя службоўцы Міністэрства Чысціні стэрылізуюць горад, але герою ўдаецца захаваць грудок бруду, у якім віруе жыццё: цёпла, расце свежая трава, ацалеў і ўсіх перажыве жучок... Адзін з фільмаў зроблены як абстрактная візуалізацыя скрыпічнай п’есы: у рытм музыкі ўпісаны працэс малявання ў стылі графіці, прычым крэшчэнда і фортэ даюць такую моцную пульсацыю колеру, што глядзець гэта робіцца цяжка.
Як знятыя два чалавекі, што пазнаёміліся ў Сеціве, а ў рэале апынуліся драцянымі! Маскі пакутуюць, дрот непаўнавартасны — такое жыццё...
Выдатная прастора з кардону — з умоўнай вежай са слановай косткі, дзе мастацтва ствараецца дзеля мастацтва («Ars Moriendi»). Але мастаку перашкаджаюць гукі рэальнага жыцця. Калі ён разбівае вежу, пачынаецца сэрцабіццё, якое нельга не чуць, больш за тое — яно разбуральнае. (Пазней я даведалася, што аўтары мелі на ўвазе не мастацтва, а рэлігію!)
Усе гэтыя — ды многія іншыя — стужкі вядуць складаную пластычную гульню, дзе на выхадзе — эмоцыі. І не зразумела, што робіць у фільме рэжысёр, а што — камера, настолькі шчыльна ўсё паяднана ў цэльны і ёмісты пасыл.
На будучыню Эдвард Курчэўскі ставіць перад сабой задачу наладзіць супрацоўніцтва з беларускімі інстытуцыямі і правесці майстар-класы польскіх аніматараў для дзяцей у Мінску. Апладысменты і водгук моладзевай аўдыторыі, поспех другога паказу праграмы ў Гродна кажуць пра тое, што ўсё атрымліваецца.
Любоў ГАЎРЫЛЮК