Пакрыёмая звада чаўпецца між іх, рупліва падабраных тыпажоў — пары рамантычных маладзёнаў і пары людзей сталых, у жыцці дасведчаных. Нашы сучаснікі, безумоўна, разыгралі б вербацім альбо які-кольвек .doс, высветлілі б дачыненні моцна, гучна, своеасабліва... Персанажы рэжысёра Алега Жугжды моцна, гучна, своеасабліва шукаюць паразумення праз лермантаўскага «Дэмана» (падгаданага ў тэатры акурат да двухсотгоддзя паэта). Шукаюць натуральна, інтэлігентна, літасціва. Вядома, паралельна з лермантаўскім сюжэтам рызыкоўна разыгрываць яшчэ нейкі, але лялечны тэатр вымагае вырашэння, перапрашаю за каламбур, якое можна ўзяць у рукі, а ў выпадку, калі артысты не хаваюцца за шырмамі, дакладныя вобразы патрабуюцца і выканаўцам-лялечнікам. І Алег Жугжда, дастаўшы іх аднекуль з рускага срэбнага стагоддзя, прымушае адпавядаць эпосе: ладзіць дамашні спектакль з класічнымі героямі. Проста на доўгім стале з падвячоркам-нацюрмортам. Уласныя думкі агучваць праз класічны тэкст. Што да пачуццяў (прыкладання рук, шчок і вуснаў), дык з лялькамі ў руках беззаганна пачуваюцца самыя палкія і нецярплівыя. Дый жарсці, гартаваныя ў тэатры, цвеляць не так балюча...
Сюжэт, разыграны чатырма артыстамі, — вытанчаная пастановачная «падшэўка» да свету Міхаіла Лермантава. Каб у застольных гарах не мерзла глядацкая цікаўнасць і лягчэй было захапіцца кантрастам «сферы чыстых ведаў, бясплоцевай абстракцыі, халодных бязмежжаў касмічных прастораў і светам Тамары — зямной прыроды, радасці, прыгажосці...».
Зямная прыгажосць утвараецца простым покрывам з адмысловымі зморшчынамі і заломамі: ім засцілаюць стол. Збаны, келіхі, кубкі пад покрывам аказваюцца ўзвышшамі, талеркі — азярынамі, святло вылучае ва-
даспад, чорны цень — звілістую рачулку. Бажніцы і вежы — статычныя макеты, якія час-почас ажыўляюць агеньчыкі ў вокнах. Лялька Тамары не мае адмысловага сродку кіравання (таксама і конь, і жаніх), але за кошт гнуткага сяродавіка прымае любыя паставы, Гудал і старэйшыя горцы месцяцца на шпянях, Дэман і Анёл абыходзяцца кіямі, вясельны караван і кандыдаты ў Тамарыны жаніхі роблены ценявым чынам. Персанажы за выканаўцамі не замацаваныя — так прасцей размяркоўвацца па вызначаных мізансцэнах; абыходжанне з лялькамі і рэквізітам узнаўляе павольны жыццёвы рух...
Па некалькі роляў іграюць прадметы. Бубен Тамары — пляскаты спод — ператвараецца ў падставу для яе танца і ў сонца, якое літаральна коціцца за стол-пляцоўку ў руках артысткі. Памірае Тамарын жаніх — і паненка-лялечніца разломвае гранат, сімвалічна абяцаючы мілату Боскую як узнагароду за спачуванне; крывавай чырванню адсвечвае зерне ў манастырскай сцэне: «І ў ціху ноч жахоўны крык / Стрывожыў роўнае маўчанне... / У ім было ўсё: бяда, каханне, / Дакор з апошняю мальбой, / І безнадзейнае расстанне /
З жыццём і з доляй маладой».
Касмічная прастора для Дэмана абмежавана палётамі над зямной прыгажосцю ды пляцоўкай з суперзаслонамі на аван- і ар’ерсцэне (падзел умоўны, бо спектакль адбываецца ў малой зале), іх празрыстасць цягам гадзіны і дзесяці хвілін наструньвае ўвагу глядзельні, хоць, праўда, не дае аддыхацца артыстам. Эстэтыку дамашняга тэатра ўявіць няцяжка, але ў прафесійным тэатры яна вымагае адпаведнай вынаходлівасці, паяднанай з добрым густам мастака і рэжысёра.
На першы погляд, Алег Жугжда стварыў дыхтоўны літаратурны тэатр, дасціпна ілюстраваны мастачкай Ларысай Мікінай-Прабадзяк. Паэма Лермантава не зазнала скарачэнняў. Маўленне, афарбоўка і лагічныя націскі — на вышыні. Пераканаўча вылучаны моманты падтрымкі лялечнага Дэмана музыкай Антона Рубінштэйна альбо чакання Тамары-нявесты — грузінскімі народнымі песнямі. Спектакль арыстакратычна раскладзены на прыгожыя галасы і гукі; здаецца, агучаны нават лялечныя цені — як за шырмаю-заслонаю ар’ерсцэны, так і пры пляцоўцы-стале: перадусім галасы артыстаў утвараюць цуд палёту Дэмана, манастырскую жалобу Тамары, пошчак конскіх капытоў пад забітым вершнікам...
Але людзі ў ценю лялек плятуць свае звады. Спадар у веку заглядаецца на паненку — сяброўку маладога чалавека, і той набывае поўны голас толькі па смерці Тамары-лялькі. Анёл саступае Дэману ў першай сутычцы, і абедзве кабеты хаваюць вочы. У асобныя моманты людзі выходзяць з лялечнага ценю, каб адрабіць жывым планам: у сцэне спакусы Дэмана праз тэкст ірвецца пачуццё, якое сталы герой яшчэ ў стане прыструніць (ён жа на сцэне тэатра, хай сабе і дамашняга!), паволі загортваючы партнёрку, атаясамленую з Тамарай, у суперзаслону. Столка на столку, прываблівы вэлюм ператвараецца ў покрыў, покрыў ушчыльняецца і спачатку нагадвае кокан, а потым — саван... І калі малады чалавек уратуе-разгорне сваю ўпадабанку, яна зменіцца. Лініі персанажаў паэта і персанажаў рэжысёра шматкроць пераплятаюцца, прасякаюцца адна адной. Так, «Дэман» — спектакль паэтычны, але не літаратурны.
Добры драматычны гарт гродзенскіх лялечнікаў праз «Дэмана» вымагае мацнейшых вызначэнняў — выдатны, адметны, дыхтоўны. Таццяна Еўтух і Аляксандр Рацько ўтварылі маладую пару закаханых, Ларыса Мікуліч і Аляксандр Шаўкаплясаў — сталую. Так-так, Аляксандр Шаўкаплясаў, вядомы артыст гродзенскай драмы супрацоўнічае з лялечнікамі, паступова асвойтаўшыся з асаблівасцямі прафесійнага жыцця калег. Але побач з Аляксандрам выходзіць з лялечнага ценю вельмі рызыкоўна — ён вымагае моцнага партнёрства. Такога, як у Ларысы Мікуліч — яе далікатная, паўтонавая, празрыстая кабета з «Дэмана», здаецца, ператварылася ў чаканне, але трымае спіну выпрастанай — паводле класічных правілаў балета. Міжволі азіраецца на яе дзяўчына ў выкананні Таццяны Еўтух, а малады чалавек клопатам Аляксандра Рацько выяўляе пэўны жыццёвы ўрок...
Звыклыя чалавечыя пачуцці побач з трагедыйнымі лермантаўскімі мізарнеюць, а звады, хай сабе з лепшых пачуццяў, прыгажосцю і зусім не вымяраюцца. Таму артысты пакідаюць пляцоўку парамі. А Дэман, хай сабе й лялечны, па-ранейшаму «ўвасабляе бесперапыннае развіццё чалавецтва».
«Дэман» цытаваны ў перакладах
Якуба Коласа і Макара Краўцова.
Празаічныя цытаты ўзятыя з твора Лізаветы Пульхрытудавай «"Дэман"
як філасофская паэма».