Уласна, з «Летапісу» і пачалася дзевяностагадовая гісторыя беларускага кіно. Але як далёка сышла наша дакументалістыка ад кінахронікі ў яе традыцыйным разуменні! Рэжысёры «Летапісу» даўно пераадолелі межы звыклых уяўленняў аб неігравых стужках як аб сродку выключна фіксацыі навакольнага свету. Цяпер нацыянальнае дакументальнае кіно цалкам можа паспрачацца з ігравым і нават выгадна адрозніваецца ад яго. Акурат выкарыстанне вобраза як ключавога элемента твора вылучае почырк нашых дакументалістаў і ператварае іх работы ў сапраўднае мастацтва.
Менавіта гэтая якасць уласціва стужцы «Дудар» Юрыя Цімафеева па сцэнары Рэгіны Гамзовіч. Вобраз пастуха-дудара — адзін з самых вядомых фальклорных сімвалаў Беларусі. Але практычна ніхто з сучасных гараджан і, што дзіўна, вяскоўцаў не ведае, як стварыць гэты нібыта просты музычны інструмент. І нават не ўмее іграць на ім як след. Шматвяковая традыцыя беларускага дударства амаль цалкам перапынілася. Карціна Юрыя Цімафеева распавядае ці не пра апошняга майстра на Беларусі. Фёдар Муравейка — дудар і гарманіст з вёскі Карчаватка Жыткавіцкага раёна. У сваіх родных мясцінах ён адзіны валодае няхітрым, здавалася б, рамяством. Карціна «Дудар» якраз і паказвае ўсе этапы стварэння дудкі — ад першапачатковага выбару ў лесе патрэбнага дрэва. Задача для рэжысёра быццам нескладаная. Тым не менш Юрый Цімафееў здолеў зрабіць большае, чым проста паказаць алгарытм, адпрацаваны пакаленнямі пастухоў.
«Дудар» — таленавітае і трагічнае па інтанацыі выказванне аб сыходзе. Сыходзе традыцыйнага ладу жыцця, каштоўнасцей, людзей. Атрымаўся сапраўдны рэквіем па беларускай вёсцы. Візуальнае рашэнне «Дудара» выканана ў імпрэсіяністычным стылі, уласцівым апошнім работам гэтага рэжысёра. Як і ў папярэдняй стужцы Цімафеева «Крокі па вадзе», выява ў кадры часцяком размытая, а сам фільм прасякнуты складанымі выяўленчымі і гукавымі вобразамі, заснаванымі на старых сямейных фотаздымках аднавяскоўцаў і музычным фальклоры. Варта адзначыць віртуозную працу аператара Сяргея Мялешкіна і гукарэжысёра Яўгена Рагозіна. А што датычыць самога Юрыя, дык гэты аўтар відавочна перарос узровень кароткаметражнага фармату і можа быць запатрабаваны і ў ігравым кіно. Сам жа «Дудар», несумненна, лепшы фільм студыі «Летапіс», зняты ў 2014 годзе.
Мінулае — галоўны матыў і стужкі «Дождж» рэжысёра Віктара Аслюка, лідара айчыннай дакументалістыкі. Гэтая карціна — рэквіем па Мікалаю Тарасюку, знакамітым мастаку-філосафе, які пайшоў з жыцця на пачатку 2015 года. Некалькі гадоў таму Тарасюк быў героем стужкі Віктара Аслюка «Драўляны народ». «Дождж» — невялікая замалёўка, на дзве трэці зробленая з матэрыялаў папярэдніх экспедыцый рэжысёра ў родную вёску Тарасюка. Двое пажылых людзей танчаць і спяваюць перад камерай песні сваёй маладосці. У кожным гуку і кожным кадры фільма адчуваецца горыч, выкліканая хуткаплыннасцю чалавечага жыцця, тленнасцю існага і адзіноты чалавека як істоты. Трагічны матыў закінутасці і самоты, скразны ў творчасці Аслюка, у стужцы «Дождж» набывае асаблівае экзістэнцыяльнае адценне. Як правіла, простыя па форме карціны рэжысёра выклікаюць не толькі моцныя эмоцыі, але і прымушаюць глыбока задумацца. Відавочна, што «Дождж» у фільмаграфіі беларускага члена Еўрапейскай кінаакадэміі зойме не першае месца. Гэтая стужка — хутчэй своеасаблівы эпілог «Драўлянага народу», з якім складае дылогію.
«Страчаная песня» сцэнарыста Людмілы Сяліцкай і рэжысёра Ігара Чышчэні — яшчэ адзін зварот да мінулага. У гісторыі беларускай культуры да гэтага часу застаецца нямала імёнаў, вядомых толькі спецыялістам. Сярод іх — імя паэта Віктара Казлоўскага. На пачатку 1930-х крытыкі параўноўвалі маштаб ягонай асобы з маштабам Уладзіміра Маякоўскага. Але, як і ў многіх талентаў маладой савецкай Беларусі, лёс Віктара Казлоўскага склаўся трагічна. Паэт здолеў перажыць перыяд сталінскіх рэпрэсій і пазбегнуць знішчэння фізічнага. Ды толькі ў турме і псіхіятрычнай клініцы Віктар Казлоўскі быў знішчаны як творчая асоба.
«Страчаная песня» — адметны дадатак да чарады створаных на «Летапісе» фільмаў-партрэтаў. Драматычная (і вечная!) гісторыя нацыянальнага генія прапанавана гледачу ў традыцыйным апісальным стылі. Пра лёс Віктара Казлоўскага распавядаюць аднавяскоўцы паэта, супрацоўнікі Дзяржаўнага музея-архіва беларускай літаратуры і мастацтва. У карціне максімальна эфектыўна выкарыстаны архіўныя матэрыялы, фатаграфіі і кінахроніка. Па сутнасці, «Страчаная песня» — не столькі фестывальнае, колькі глядацкае кіно, разлічанае на шырокую тэлевізійную аўдыторыю.
Стужка «Мая радня» маладога рэжысёра Любові Зямцовай — прыклад рэдкага для нашай кінадакументалістыкі фільма-расследавання. Гераіня карціны наведвае родную вёску бабулі, дзе даведваецца пра падрабязнасці смерці ў гады Другой сусветнай вайны свайго прадзеда, сувязнога партызанскага атрада. Трагічная гісторыя сям’і пераплятаецца з лёсам усяго беларускага народа. Стужка не самая дасканалая з пункту гледжання формы і падачы матэрыялу, аднак каштоўная (як і «Водгук мінулай вайны» дакументаліста Аляксандра Акавіцкага) тым, што ў кадры аказваюцца непасрэдныя сведкі падзей. Нягледзячы на мноства работ, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, кожнае жывое слова пра катастрофу сямідзесяцігадовай даўніны бясцэннае. І аўтары «Летапісу» ў гэтым сэнсе робяць вельмі важную справу.
Фільмы «Тураўская галава» Наталлі Жамойдзік і «Абрад “Чырачка”, або Як у Тонежы вясну гукалі» Марыі Курачовай (па сцэнарах Рэгіны Гамзовіч, нястомнага прапагандыста традыцыйнай беларускай культуры) адлюстроўваюць дзень сённяшні, але іх героі шукаюць мінулае. Гледзячы на тое, як адраджаюцца ўнікальныя, уласцівыя толькі пэўным мясцінам традыцыі, мы даведваемся пра лад жыцця іх цяперашніх жыхароў не менш, чым пра падрабязнасці тых ці іншых абрадаў або дэталяў строяў. У нейкім сэнсе гэтыя стужкі нават больш распавядаюць пра сучаснасць, чым пра этнаграфічныя здабыткі.
«Дзіця і дэльфін» Кацярыны Махавай і «Оперныя прэм’еры» Міхаіла Жданоўскага — дзве карціны, знятыя на сучасныя тэмы. Класік айчыннай дакументалістыкі Міхаіл Жданоўскі дадаў кінапартрэт галоўнага дырыжора Акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь Аляксандра Анісімава ў сваю галерэю дзеячаў айчыннай музычнай культуры. Кацярына Махава ўзняла праблему рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў з дапамогай так званай «дэльфінатэрапіі». Фільм, зняты метадам назірання, паказвае маленькі цуд перамогі над хваробай — у самым канцы карціны хлопчык Максім ці не ўпершыню прамаўляе слова «мама».
Толькі стужка Кацярыны Махавай, адзіная з усіх новых работ «Летапісу», мае працягласць больш за 13 хвілін. На жаль, фінансавыя абмежаванні дазволілі летась ствараць адно такія кароткія карціны. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, большасць аўтараў справіліся з няпростым і непапулярным сёння ў свеце кіно фарматам. Нават па такіх сціслых і ў большасці сваёй немудрагелістых карцінах можна адчуць узровень майстэрства і кваліфікацыю беларускіх дакументалістаў. Зрэшты, фільмы гэтых рэжысёраў маюць удалы фестывальны лёс і часам значна больш запатрабаваныя ў гледача, чым стужкі іх калег-«ігравікоў». Будзем спадзявацца, запатрабаваныя не толькі за мяжой, але і ў сябе дома.
Антон СІДАРЭНКА