Кропкай адліку эксперыментальнага спектакля рэжысёр Аляксандр Марчанка абраў метад «вербацім». Удзельнікі дзеі запісвалі на дыктафон інтэрв’ю з людзьмі рознага сацыяльнага паходжання і рознага ўзросту. Крытэрый быў адзін — цікавасць творцы да абранай асобы. Пытанні пра жыццё, пра стаўленне да людзей, да краіны, у рэшце рэшт — да саміх сябе. Драматург Дзмітрый Багаслаўскі надаў тэкстам сцэнічнасці. Такім чынам, постдраматычны сэнс «Мабыць?» і яго задума фармаваліся ўсімі ўдзельнікамі пастаноўкі.
Дзеянне распачынаецца так: акцёры сядзяць у зале разам з публікай і выказваюць свае думкі. «Усе вернікі, усе маюць іконкі ў машынах і ўсе парушаюць правілы. Чаму так?» — пытаецца Ілля Ясінскі. Здаецца, калі хто-небудзь з гледачоў таксама выкажа нейкую думку, гэта натуральна ўвойдзе ў структуру пастаноўкі. Традыцыйная чацвёртая сцяна знікае. Меркаванні тых, хто прыйшоў на спектакль, насамрэч агучваюцца са сцэны. Перад пачаткам усім раздаваліся паперкі-анкеты. Адказы акцёры чыталі падчас дзеяння. І гэтая простая гульня робіцца сэнсавым стрыжнем. Ты, а не хтосьці побач у шыкоўным крыналіне, можаш зрабіцца фактам мастацтва. Твая гісторыя можа быць увасоблена на сцэне. «Мабыць, нашы героі маглі быць іншымі! Мабыць, Вашае стаўленне да іх будзе іншым! Мабыць, і Вы маглі б стаць героем нашай гісторыі», — напісана ў праграмцы. Тэатр прапаноўвае гледачу дыялог, а не «прадае» чарговую высокую ісціну, да якой яму яшчэ трэба дацягнуцца. Дакументальнасць як спосаб «нічога не іграць і не навязваць» зрабілася адной з галоўных рыс сучаснага еўрапейскага тэатра. Прэм’ера ў РТБД — крок у гэтым накірунку.
«Мабыць?» — спектакль-разважанне з фрагментарнай структурай. Яно і зразумела, бо жыццё не ўкладваецца ў звыклыя «правільныя» формы. Менавіта таму рэчаіснасць адлюстраваная ў чатырох не звязаных паміж сабой частках. Яны пазначаюць вектар пытанняў і праблем, але не падказваюць выйсця. Феномен разамкнёнай структуры не абумоўлівае з’яўлення лагічнага і гарманічнага сцэнічнага твора, дзе глядач мусіць зразумець празрысты мэсэдж. «Мабыць?» прапаноўвае іншы спосаб узаемадзеяння з аўдыторыяй. Разамкнёнасць тэатральнай формы тут з’яўляецца запрашэннем да сумеснай працы, якая вымагае ад гледачоў актыўнасці. Яны могуць «дабудаваць» мноства фрагментарных гісторый, эмоцый, перажыванняў, раскласці іх у пэўным парадку, вызначыць галоўнае. Гэта своеасаблівая адказнасць за тое, што адбываецца навокал, маўляў, праз тэатр — да жыцця.
На сцэне няма дэкарацый, выканаўцы ў сучаснай вопратцы (успамінаецца Тэатр.doc, дзе ў адным са спектакляў акцёры ігралі ў тым адзенні, у якім прыйшлі). Мінімальная, але эфектная рэжысура Аляксандра Марчанкі дазваляе засяродзіцца на асабістых гісторыях герояў. На сцэну перыядычна выкідваюць некалькі пар абутку. Артысты прымяраюць іх, нібы ўлазяць у скуру іншага чалавека. Напачатку — смешныя стэрэатыпы ад іншаземцаў. Італьянец (Арцём Курэнь) заўважае, што беларускія жанчыны вельмі прывабныя і ўладныя, а вось мацарэла зусім не падобная да італьянскай. Масквічка Іна (Ганна Семяняка) сцвярджае, што беларус — гэта стан душы, а самі беларусы існуюць для баланса святла ў свеце, вось толькі чэргі ў нас вельмі марудна абслугоўваюцца: у «Цэнтральным» перад табой стаяць два чалавекі, а такое ўражанне, што чалавек з дзесяць.
Вераніка Буслаева распавядае пра ўтрыманне жывёл у прытулку на вуліцы Гурскага, адкуль яна ўзяла сабе сабаку. А напрыканцы кранальнага маналогу задае пытанне: «Чаму адны забіваюць, а другія дапамагаюць?»
Асобная тэма — ужыванне беларускай мовы. Беларускамоўны рэжысёр Андрэй (Арцём Курэнь) расказвае, як замаўляў таксоўку на вуліцу Чырвонаармейскую. Машыны ён так і не дачакаўся. «А што было б, калі вось заўтра ў нас забаранілі размаўляць на іншых мовах, акрамя беларускай?..» — пытаецца герой.
«Мабыць?» здымае табу з тэмы хатняга гвалту. Людміла Сідаркевіч і Анастасія Баброва па чарзе прамаўляюць маналогі ўдзельніц груп па падтрымцы пацярпелых жанчын. Уражвае стойкасць гераінь, якія апынуліся ў жудасных сітуацыях. Яшчэ больш здзіўляе абыякавасць тых, хто бачыў і нічым не дапамог.
Кола закранутых тэм шырокае. Журналіст Дзмітрый (Дзмітрый Давідовіч) выкрывае «бізнэс» жабракоў, якія просяць міласціну каля царквы і адкрыта лаюцца на тых, хто нічога не падае.
Фенаменальна, як праз звычайны маналог рэвізора грамадскага транспарту вымалёўваецца вобраз грамадства. «Я займаўся бізнэсам у Маскве. Зараз вось пайшоў на дзяржаўную службу. У мяне трое дзяцей, якіх трэба выгадаваць. Мне тут камфортна, спакойна, ніхто не чапае. Я і зараз мог бы бізнэсам заняцца. Але... не хочацца». Герой толькі жадае, каб яго пакінулі ў спакоі.
Перад кожным маналогам акцёры называюць імя героя і горад. «Мінск» гучыць часцей за ўсё. Не дзесьці і калісьці, а тут і цяпер, у тваёй краіне, у тваім горадзе, побач з табой. Увогуле, дакладнае ўжыванне імёнаў, назваў вуліц, гарадоў і вёсак падкрэслівае важную далучанасць да сённяшняга дня і ў выніку да таго, што адбываецца з сучасным чалавекам. Нездарма жанр «Мабыць?» пазначаны як «галасы вакол нашых пытанняў». Пытанняў сапраўды шмат, як у спектаклі, так і ў жыцці.
Цікавае таксама акцёрскае існаванне. Артысты іграюць і сябе, і персанажаў гісторый, і сваё стаўленне да іх. Такое расслаенне ролі выяўляе немагчымасць, а можа і непатрэбнасць поўнага зліцця з вобразам. Гэта прадыктавана формай пастаноўкі і яе эстэтыкай.
«Мабыць?» ніяк не акрэсліш катэгарычным вердыктам. Тут няма дрэнных і добрых. Тут няма сарказму і агрэсіўнай правакатыўнасці. Ёсць спачуванне чалавеку. Ёсць шчырасць творцаў, якія сапраўды цікавяцца нашай рэчаіснасцю.
«Я думаў, людзі будуць выказвацца радыкальна. Калі гэтыя інтэрв’ю з’явіліся, быў момант расчаравання. Мы чакалі, што атрымаецца яркі матэрыял з выразнымі фарбамі: герой — герой, падлюка — падлюка. Але ўбачылі жывых людзей, якія могуць сумяшчаць многія якасці. Гэта выклікала дадатковыя цяжкасці і цікавасць, таму што трэба было думаць». Сучасны герой увогуле, гэтаксама як і героі спектакля, больш не абмяжоўваецца нейкімі рамкамі. Персанажы выкрываюць «царкоўны бізнэс» жабракоў, гандлююць каляровымі металамі (дамаўляючыся з супрацоўнікамі міліцыі), займаюцца спірытызмам і г.д. На іх усіх можна паглядзець з розных бакоў.
Перад намі — панарама беларускай штодзённасці. Дакументальная эстэтыка дае магчымасць адчуць, што паказаныя сцэны і вобразы датычацца кожнага.
«Я разлічваю на гледача, які не хаваецца ад рэальнасці», — кажа пра сваю пазіцыю рэжысёр. Мабыць, менавіта для такога гледача тэатр — месца, дзе можна падумаць пра сябе і сваё стаўленне да рэчаіснасці, а мо і крыху змяніцца.
Вядомыя расійскія крытыкі Марына Давыдава і Павел Руднеў усё часцей выказваюць думку, што тэатр стаў адным з самых уплывовых відаў мастацтва. Мне здаецца, спектакль «Мабыць?» (тут жа варта ўзгадаць «Patris» Сяргея Анцэлевіча, «Бі-лінгвы» Андрэя Саўчанкі) — гэта яшчэ адзін крок да таго, каб беларускі тэатр займеў такую ж якасць.
Крысціна СМОЛЬСКАЯ