Як распавёў "К" адзін з арганізатараў мерапрыемства Дзмітрый Нясцюк, сёлетні фестываль будзе не менш захапляльны за тыя, што адбываліся ў мінулыя гады.
У "Белым замку" возьмуць удзел прадстаўнікі рыцарскіх клубаў з Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы, Літвы і некаторых іншых. Пад час фестывалю яго госці на свае вочы змогуць пабачыць пешы рыцарскі турнір, конкурс старадаўніх касцюмаў і сярэднявечнай моды, паназіраць за спаборніцтвамі лучнікаў і захапляльным відовішчам - масавымі баямі (бугуртамі) рыцараў, а таксама атрымаць асалоду ад начнога фаер-шоу.
Разнастайнасці фестывалю, па меркаванні арганізатараў, паспрыяе і арганізацыя выступленняў на фэсце музычных калектываў "Аляксандра & Канстанцін" ды "Ірдарат". Акрамя таго, цягам усіх дзён "Белага замка" на тэрыторыі Гісторыка-культурнага цэнтра будуць працаваць сярэднявечныя кірмаш і таверны. А кульмінацыяй святочных дзён стане конны рыцарскі турнір.