Раней наша газета ўжо пісала пра збітыя або зашытыя гіпсакардонам роспісы Зоі Літвінавай і Святланы Катковай у былым кінатэатры “Вільнюс”, Палацы культуры чыгуначнікаў і Інстытуце кібернетыкі, сграфіта Гаўрылы Вашчанкі і Уладзіміра Стальмашонка на фасадзе Палаца культуры Камвольнага камбіната і мноства іншых манументальных твораў, якіх напаткаў такі ж лёс. Падаецца, можна было б ужо зрабіць пэўныя высновы і паставіцца да падобных твораў больш уважліва… Але ж у чэрвені з’явілася чарговая навіна, што ў сталіцы пазбавіліся ад мазаікі на будынку гімназіі №15 па вуліцы Максіма Багдановіча. Узор савецкага манументальна-дэкаратыўнага мастацтва падчас абнаўлення знешняга выгляду клапатліва… затынкавалі. Замест мазаікі на тэму чалавека і космасу атрымалі шэрую сцяну.
Па словах кіраўніка Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Савецкага раёна горада Мінска і падведамасных арганізацый Паўла Шаўчонка, у тэхнічным пашпарце пазначана: будынак абліцаваны пліткай. Мазаіка не згадваецца.
Гэта сапраўды так, але ж манументальны твор у свой час павінен быў прайсці ўзгадненні, на яго некалі выдаткавалі грошы з бюджэту. Значыць, мусяць быць пратаколы, акты, лісты. Як магло не застацца ніякіх звестак у архівах? Нешта ж павінна было застацца.
Так было...
... а так стала
ЁСЦЬ ПЫТАННЕ
Мазаіка на гімназіі №15 не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Але ці гэта значыць, што яна не падлягае ахове? Зазірнём у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей і адшукаем там творы манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. У спіс уключаны мазаічны трыпціх “Зямля” ў Брэсце і мазаікі Аляксандра Кішчанкі ў Мінску — “Кастрычнік” на Юбілейнай плошчы, “Партызаны” на гасцініцы “Турыст” і ў мікрараёне “Усход”. Таксама пазначаныя вітраж сталічнага кінатэатра “Масква” і вітражныя кампазіцыі ў будынку па адрасе Чырвонаармейская, 4. Роспісы прадстаўлены ў пераліку работамі Гаўрыіла Вашчанкі — “Зямля Светлагорская” ў гарадскім цэнтры культуры Светлагорска і “Пачынальнікі” ў ліцэі БДУ. Ці значыць гэта, што лёс іншых твораў дэкаратыўна-манументальнага мастацтва залежыць толькі ад волі гаспадароў будынкаў?
Напрошваюцца паралелі са станковым мастацтвам. Фондава-закупачная камісія музея прымае ў калекцыю прадмет, і цяжка ўявіць, што карціну або скульптуру могуць узяць і выкінуць. Пры гэтым толькі адзінкі з усяго музейнага фонду краіны маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. У Кодэксе аб культуры занатавана: музеі абавязаны забяспечваць захаванасць музейных прадметаў. Манументальна-дэкаратыўныя работы таксама прымаліся адмысловай камісіяй, на іх таксама некалі выдаткавалі бюджэтныя грошы. Хто адказны за іх захаванасць? Ці яны застаюцца безабароннымі, калі не ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей? Тут можна прыгадаць Пастанову Савета Міністраў “Аб некаторых пытаннях стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва”, дзе адзначаецца: “Арганізацыі, на баланс якіх перадаюцца творы манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, нясуць адказнасць за іх захаванасць”.
ВАРТА ЗБЕРАГЧЫ
Пры знішчэнні згаданых работ можна было б спаслацца на тое, што ідэалагічнае напаўненне савецкіх манументальных твораў страціла актуальнасць. Калі ж прыглядзецца, стане зразумела: многія з іх адлюстроўваюць тэмы вечныя.
— Манументальнае мастацтва, як правіла, адлюстроўвала пазачасавыя каштоўнасці. Яно павінна было заставацца цікавым, актуальным і праз сто, і праз дзвесце гадоў. Славіўся працаўнік і абаронца айчыны, адлюстроўвалася тэма міру, малой радзімы, мацярынства, сяброўства, палёту ў космас і месца чалавека ў Сусвеце, — адзначае дацэнт кафедры “Дызайн архітэктурнага асяроддзя” БНТУ, кандыдат мастацтвазнаўства Дар’я Іваноўская і дадае: — Могуць быць савецкія творы, напаўненне якіх сёння выклікае пытанні, але іх мала, думаю. Паўстае такая праблема: а што ўзамен? Лагатып? Гэта нашмат прымітыўней. Банер? Работа выпадковага вулічнага мастака?
Нават калі мэтай мазаікі ці роспісу была прапаганда камуністычнай ідэалогіі, чаму не захаваць іх як дакумент эпохі? Да таго ж гэтыя работы — вынік нечай карпатлівай дзейнасці. “У 1960-я гады была арганізаваная падрыхтоўка мастакоў-манументалістаў, працаваў мастацка-архітэктурны савет, праз які праходзілі ўсе творы. І мастак, які дзесяць гадоў патраціў на навучанне, вядома, не хацеў ганьбіць сябе, імкнуўся сабраць годнае партфоліа. Таму халтур амаль не было”, — тлумачыць Дар’я Іваноўская.
Таксама знішчэнне манументальных работ можна было б патлумачыць іх незадавальняючым станам. Але і гэты аргумент няслушны. Як расказала дырэктар мастацкага ўнітарнага прадпрыемства “Мастацкі камбінат” Юлія Анацкая, ні са спецыялістамі, ні з матэрыяламі праблем няма, таму пры патрэбе аб’екты можна адрэстаўраваць.
ШЛЯХІ РАШЭННЯ
Вядома, сітуацыя патрабуе распрацоўкі адмысловых дакументаў. “У нас няма закона, які абараняў бы падобныя творы”, — кажа Юлія Анацкая. Да таго ж неабходна хаця б скласці рэестр аб’ектаў, сабраць інфармацыю пра аўтараў. Мясцовым выканаўчым і распарадчым органам базавага тэрытарыяльнага ўзроўню — унесці прапановы аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці вартым гэтага аб'ектам, як гэта пазначана ў Кодэксе аб культуры.
— На нарадзе ў Міністэрстве культуры ўздымалася пытанне аб інвентарызацыі помнікаў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Выключна важна, каб пералік такіх аб’ектаў быў складзены. Мы неаднаразова выступалі з такой прапановай. Думаю, варта правесці нараду па гэтай тэме і зацвердзіць адпаведнае распараджэнне, каб справа пайшла. Пакуль у прававым полі для кіраўнікоў застаецца нявызначанасць, яны могуць знішчыць твор, вядома, і праз недасведчанасць, — адзначыў старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык.
Дарэчы, грамадскае аб’яднанне турбуе не толькі захаванне помнікаў, але і стварэнне новых манументальна-дэкаратыўных твораў. Саюз прапануе вярнуць савецкую норму, па якой у каштарыс будаўніцтва ўносілі б выдаткі на мастацкае афармленне аб’ектаў. Па словах Глеба Отчыка, дзяржаўныя органы ідэю падтрымалі. Спадзяваемся, што яна будзе і ажыццёўлена.