Важным складнікам будучага свята, па словах арганізатараў, стане адкрыццё новых аб'ектаў сацыякультурнай сферы. А асаблівую атмасферу двум святочным дням створыць дэкаратыўна-мастацкае афармленне Мінска.
Пралогам да правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных Дню горада, стане ўрачыстая цырымонія ўручэння ўзнагарод "Лепшы па прафесіі", якая адбудзецца 9 верасня ў Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў.
А адным з галоўных месцаў правядзення святочных мерапрыемстваў стане Парк Перамогі: тут плануецца размясціць некалькі канцэртных пляцовак, на якіх будуць выступаць артысты розных жанраў. Там жа пройдуць выстаўка-кірмаш майстроў народнай творчасці, Свята мёду і "Рыцарскі фэст", прысвечаны сярэднявечнай гісторыі і рыцарскай культуры.
10 верасня ў Верхнім горадзе, каля Гарадской ратушы, будзе гучаць духоўная музыка, а вечарам усіх ахвотных запросяць на свята "Мінск тэатральны". У гэты дзень у скверы ля ратушы арганізатары ўпершыню плануюць правесці "Мінскую мастацкую гасцёўню" - выстаўку тэматычнай літаратуры з удзелам беларускіх пісьменнікаў і мастакоў - афарміцелей кніг.
Мерапрыемствы Дня горада працягнуцца таксама і 11 верасня ў парку Перамогі, каля Нацыянальнай бібліятэкі і ва ўсіх раёнах сталіцы.