Як распавяла "К" прэс-сакратар тэлеканала АНТ Таццяна Курбат, уладальніка Прыза глядацкіх сімпатый вызначылі самі гледачы шляхам інтэрактыўнага тэлефоннага галасавання. Прагаласаваць за ўлюбёнага тэлевядучага можна было ў рамках праграмы "Наша раніца" на тэлеканале АНТ 13 мая з 6 да 9 раніцы.
Сёлета ўсе цэнтральныя каналы вылучылі на намінацыю "Прыз глядацкіх сімпатый" па дзве персоны. Ад тэлеканала "АНТ" за статуэтку змагаліся Георгій Калдун і Аляксандр Аверкаў. Прадстаўнікі ад Белтэлерадыёкампаніі - Аліна Краўцова ("Першы") і Аляксандра Снегіна ("ЛАД"). Тэлеканал "СТБ" намініраваў Ірыну Ханунік-Рамбальскую і Юрыя Жыгамонта. Міждзяржаўную тэлерадыёкампанію "Мір" прадставілі Ганна Мацвеева і Мікалай Іваноў.
Па словах суразмоўцы "К", акрамя самой цырымоніі ўзнагароджання, у рамках "Тэлевяршыні" будуць прадстаўлены і музычныя нумары. На сцэне Вялікай залы Палаца Рэспублікі выступяць, сярод іншых, удзельнікі праекта "Я пяю", а таксама прадстаўніца Беларусі на "Еўрабачанні-2011" Настасся Віннікава.