Напрыклад, конкурс “Горад культуры ў Год культуры”, які быў аб’яўлены ў краіне ўлетку, каб вылучыць тыя населеныя пункты Беларусі, што ўнеслі найбольшы ўклад у развіццё культурнай сферы, а таксама турыстычнай галіны, ужо прыйшоў да свайго лагічнага канца. Журы назвала лепшыя абласны цэнтр, горад абласнога падпарадкавання, горад раённага падпарадкавання, пасёлак гарадскога тыпу і аграгарадок.
Так, у намінацыі “Лепшы абласны цэнтр” перамогу атрымаў Магілёў, а “Лепшы горад абласнога падпарадкавання” — Наваполацк. Пераможцы, як зазначаюць арганізатары конкурсу, атрымаюць дыпломы, а таксама 150 і 140 базавых велічынь адпаведна. Нагадаю, што “К” неаднаразова пісала і яшчэ будзе пісаць пра тыя знакавыя культурныя акцыі, што адбываліся ў Наваполацку і Магілёве цягам года. З апошніх матэрыялаў згадаю, да прыкладу, артыкулы, прысвечаныя рэспубліканскаму форуму “Музеі Беларусі”, а таксама V Міжнароднай канферэнцыі “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства”, якія прымалі менавіта магіляўчане.
Лепшым горадам раённага падпарадкавання журы назвала Ліду, лепшым пасёлкам гарадскога тыпу — Акцябрскі Гомельскай вобласці, лепшым аграгарадком — Моталь Іванаўскага раёна Брэстчыны. Акрамя дыпломаў, пераможцам уручаць грашовыя прэміі на 130, 120 і 100 базавых велічынь. Таксама варта нагадаць, што ўсе гэтыя населеныя пункты часцяком “свяціліся” на старонках “К” у звязку з правядзеннем Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”, кулінарнага фэсту “Мотальскія прысмакі” ці іншых культурных акцый, якія адбываліся ў рэгіёнах Беларусі.
Але некаторыя конкурсныя праграмы, якія таксама былі аб’яўлены Міністэрствам культуры гэтым летам і пра якія пісала “К” (гл. №33), як ужо згадвалася, яшчэ толькі распачаліся. Сярод іх варта адзначыць конкурс “Чалавек Года культуры”, у якім могуць удзельнічаць грамадзяне Беларусі — работнікі сферы культуры, педагогі ўстаноў адукацыі ў сферы культуры, супрацоўнікі сродкаў масавай інфармацыі (у профільнай намінацыі), а таксама члены творчых саюзаў. Пераможцы атрымаюць спецыяльныя дыпломы і грашовыя прэміі ў памеры 25 базавых велічынь. Конкурс мае трываць да 10 лютага 2017 года. Вылучэнне кандыдатур адбудзецца з 2 па 15 студзеня наступнага года, а да 25 студзеня трэба будзе падаць заяўкі ў Міністэрства культуры краіны.
Яшчэ адзін конкурс на лепшую практыку дзейнасці органаў мясцовай улады па рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі будзе ладзіцца ў Беларусі да 15 лютага 2017 года. Ён пройдзе ў два этапы і ў ім могуць прыняць удзел абласныя, гарадскія, раённыя, пасялковыя і сельскія выканаўчыя камітэты. На першым, адборачным этапе, удзельнікі, згодна з палажэннем, павінны да 31 снежня бягучага года накіраваць у аблвыканкамы ўсе неабходныя дакументы. Лепшыя прапановы, якія адбярэ спецыяльна створаная абласная камісія, будуць накіраваны на рэспубліканскі этап у Міністэрства культуры краіны. Пераможцы конкурсу, вядома ж, атрымаюць грашовыя прэміі і дыпломы.
Рэспубліканскі конкурс “Геній-стартап”, які ладзіцца ў Беларусі з мэтай развіцця творчай ініцыятывы моладзі, мае трываць да 1 снежня бягучага года, так што тым, хто хоча прыняць у ім удзел, варта паспяшацца. Адбор прэтэндэнтаў ажыццяўляецца праз арганізацыі, дзе навучаюцца ці працуюць канкурсанты, а таксама праз творчыя саюзы. Галоўныя крытэрыі — узрост удзельнікаў павінен вагацца ад 18 да 31 года. Акрамя таго, прэтэндэнты павінны ажыццяўляць культурную або адукацыйную дзейнасць не менш за адзін год i мець вопыт рэалізацыі культурных праектаў. Да 15 студзеня 2017 года па выніках разгляду дасланых заявак будуць вылучаны 10 пераможцаў, якія таксама атрымаюць грашовыя прэміі.
Конкурс “Бела-тон”, нацэлены на папулярызацыю лепшых традыцый беларускага музычнага мастацтва, таксама хутка будзе завершаны. Ягоны дэдлайн — таксама 31 снежня бягучага года. Прыём заявак на конкурс на сёння ўжо завяршыўся. Нагадаю, што ўдзельнікі павінны былі даслаць арганізатарам конкурсу аўдыязапіс сучаснай песні патрыятычнай накіраванасці аб Беларусі на CD ці flash-card, нотны запіс музычнай кампазіцыі, а таксама тэкст песні на беларускай або рускай мовах. Пераможцы атрымаюць ад 50 да 80 базавых велічынь, а Міністэрства культуры краіны будзе садзейнічаць уключэнню песень-пераможцаў у праграмы культурна-відовішчных мерапрыемстваў, іх ратацыі ў тэле- і радыёэфіры.
Да 15 лістапада бягучага года прымаюцца заяўкі на ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва”. Падаваць іх могуць аўтары (калектывы аўтараў) або іх прадстаўнікі, якія маюць адпаведныя паўнамоцтвы, на адрас дырэкцыі конкурсу (220040, г. Мінск, вул. Някрасава, 3).
Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца аўтары твораў выяўленчага мастацтва ў любых відах, жанрах і мастацкіх тэхніках і аўтары твораў літаратуры пра выяўленчае мастацтва, створаных за тры гады, якія папярэднічаюць тэрміну завяршэння прыёму заявак — грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, маюць (або атрымліваюць) прафесійную адукацыю ў галінах выяўленчага мастацтва, дызайну, мастацтвазнаўства або не маюць прафесійнай адукацыі ў галінах выяўленчага мастацтва, дызайну, мастацтвазнаўства, але з’яўляюцца членамі творчых саюзаў.
У выпадку, калі творы выяўленчага мастацтва або літаратуры створаны двума або больш аўтарамі, іх аўтары дапускаюцца да ўдзелу як калектыў аўтараў. Члены іх абавязаны вызначыць кіраўніка. Адзін аўтар (калектыў аўтараў) можа ўдзельнічаць у конкурсе толькі з адным творам і толькі ў адной намінацыі. Прадстаўленне на конкурс твораў памерлых аўтараў (акрамя аўтараў, якія ўваходзяць у склад калектываў аўтараў) не дапускаецца.
Конкурс праводзіцца па намінацыях: “Навацыя”, “Творчы дэбют” (для аўтараў, якія не дасягнулі 31 года на дзень падачы заяўкі), “Мастацкая фатаграфія”, “Дызайн”, “Жывапіс”, “Графіка”, “Скульптура”, “Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва” ,“Мастацтвазнаўства і крытыка”.
У перыяд з 20 лістапада па 31 снежня 2016 года адборачная камісія па выніках адкрытага прагляду заявак і матэрыялаў вылучае па 10 работ у кожнай намінацыі для ўдзелу ў Рэспубліканскай выставе сучаснага выяўленчага мастацтва. У перыяд з 18 красавіка па 21 мая 2017 года па выніках адкрытага прагляду і ацэнкі твораў мастацтва і літаратуры, экспанаваных у рамках выставы, журы вызначае пераможцаў.
Аўтарам (калектыву аўтараў), якія сталі пераможцамі конкурсу, устанаўліваецца грашовая прэмія ў памеры 100 базавых велічынь у кожнай намінацыі, а таксама ўручаецца дыплом лаўрэата і спецыяльны прыз.