Па словах дырэктара бібліятэкі Таццяны Уласавай, акцыя была задумана ў якасці дадатковай формы работы з наведвальнікамі. Фармат сустрэч з ветэранамі дзейсны, але сталы век абаронцаў Айчыны часам не дазваляе апошнім пагадзіцца на падобныя мерапрыемствы. Акрамя таго, гаворка ішла і пра пэўны збор даных, што ўтрымліваюць сямейныя архівы, і пра расповед праз фатаграфію ды дакументы аб пакаленнях, якія жылі ў той час ды змагаліся за вызваленне Радзімы.
Насамрэч, гэтая калекцыя, што складаецца з выпадковых, аб’яднаных толькі прыналежнасцю да пэўнага часавага адрэзку (1939 — 1945 гг.) фотакартак, лістоў, дакументаў, уражвае. Яна — адмысловы партрэт эпохі. Усё — ад выразу твараў людзей да іх поз, пастаў на фатаграфіях — тут вызначаецца пэўнай культурай і светапоглядам. Між тым, дакументы — пасведчанні, біяграфіі, медыцынскія кніжкі, паведамленні аб гібелі, лісты — той вібруючы фон, на якім выступае сам чалавек, якому выпаў лёс жыць у часы ваеннага ліхалецця. І дзіўным чынам рэзаніруе пазнака на сайце, што вяртае да дня сённяшняга, — маленькі подпіс, які ўказвае, хто перадаў у бібліятэку фотаздымак або ліст: дачка, сястра, нявестка, сын, унук…
Новая калекцыя бібліятэкі — гэта яшчэ, вядома, і крыніца краязнаўчай інфармацыі. Гэта магчымасць паглядзець у твары гамяльчан і тых, хто спрычыніўся да абароны гомельскай зямлі…