Штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Выдаецца з кастрычнiка 1991 года
У рамках Года культуры
У рамках Года культуры ў Зале Перамогі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны гэтай установе перададзена карціна Вадзіма Карпава “Беларускі Сусанін”. На палатне кастрамскога мастака, якое перадаў намеснік губернатара Кастрамской вобласці Расіі Аляксей Смірноў, што браў удзел у працы 3-га Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, адлюстраваны 76-гадовы беларускі селянін Іосіф Філідовіч, які ў час Вялікай Айчыннай вайны паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна. У снежні 1942 года гэты партызанскі сувязны цаной уласнага жыцця падчас блакады партызанскай зоны ў Ліпічанцы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці завёў у непраходныя балоты 300 фашысцкіх карнікаў.
Перспектывы ў Праграме
10 чэрвеня міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў і міністр культуры Латвійскай Рэспублікі Дацэ Мелбардэ падпісалі ў Нацыянальнай бібліятэцы Праграму супрацоўніцтва на 2016 — 2018 гады ў сферы культуры.
З Маладзечна ў Паставы
Калі гэты нумар будзе выходзіць з-пад друкарскай машыны, у час гала-канцэрта XVI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2016" абвесцяць імя пераможцы Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Мы ж на гэтым тыдні наведалі адну з напружаных рэпетыцый, дзе Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр краіны пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга адточваў нумары з шэрагу праграм, што рыхтуюцца музыкантамі да форуму айчыннай культуры. Міжнародны ж фестываль народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік" сёлета — дзевятнаццаты па ліку. На яго збяруцца прадстаўнікі шэрагу рэгіёнаў Беларусі, а таксама замежных краін. Месцам прыцягнення стануць гасцінныя Паставы. Што сёлета дадасца ў вянок традыцый фэсту? Адказы на ўсе творчыя і не толькі пытанні напрыканцы гэтага тыдня шукайма ў фестывальных Маладзечне і Паставах.
Дзве перамогі
Інфармацыя адразу пра дзве перамогі беларускай культуры ў розных краінах прынеслі апошнія дні тыдня. Так, артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа атрымалі 4 узнагароды на VI Міжнародным фестывалі камерных і монаспектакляў “LUDI” ў расійскім Арле за пастаноўку заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, мастацкага кіраўніка трупы Валерыя Анісенкі "Пахавайце мяне за плінтусам" паводле аўтабіяграфічнай аповесці Паўла Санаева. Лаўрэатам у намінацыі “За лепшую жаночую ролю” стала заслужаная артыстка краіны Тамара Скварцова (інтэрв’ю з ёй — у “К” № 15 за гэты год), спецыяльныя дыпломы журы ў артыстаў Пятра Ламана і Рамана Салаўёва. Дыпломам лаўрэата адзначана і праца мастака-пастаноўшчыка Андрэя Жыгура. Тым часам у рамках кірмашу “Art-Vilnius” у сталіцы Літвы лепшай замежнай галерэяй форуму стала прыватная беларуская Галерэя сучаснага мастацтва “Ў”. Пра гэта паведаміла "К" з Вільнюса наш сталы аўтар — арт-журналіст Любоў Гаўрылюк.
Справаздача, аналіз, прагноз
22 — 23 чэрвеня, як “К” пісала ўжо, у Мінску пройдзе пяты Усебеларускі народны сход. На абмеркаванне будуць вынесеныя пытанні аб выніках рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011—2015 гады і аб асноўных палажэннях Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016—2020 гады. Чакаецца, што ўдзельнікамі мерапрыемства стане прыкладна дзве з паловай тысячы чалавек з усіх куткоў краіны.
Дзе наша вялікая лыжка?
У Беразіне, натуральна. Пры мясцовым Раённым цэнтры рамёстваў і Музей драўлянай лыжкі ёсць. А цяпер вось на тэрыторыі ўстановы і 23-метровы рарытэт з’явіўся. Малодшы навуковы супрацоўнік РЦР Алена Лапыцька сведчыць: самы вялікі ў свеце. Разьбяры Яўген Осіпаў, Уладзіслаў Макавецкі і Аляксандр Паскробка рабілі дубовую лыжку (на ёй — і цмок, і сонца, і герб райцэнтра) ці не з зімы, а 10 чэрвеня завяршылі яе прапітку, каб доўга вока радавала. Прэзентацыя цуда адбудзецца ў нядзелю. Пакуль дасягненне не зафіксавана, але зарэгістраваны папярэдні рэкорд застаецца далёка ад бярэзінскага — гаворка пра румынскую лыжку на 17,82 метра.
Вартасць пасля гарантыі
Беларускі саюз дызайнераў ініцыяваў праект “Тутэйшы дызайн: асобы і рэчы”, вядомы таксама пад назвай “Рэчы беларускія”. Мая гутарка са старшынёй творчага саюза Дзмітрыем Сурскім пачалася з пытання “Навошта?” Які сэнс вывучаць прадметы, якія ў большасці выпадкаў страцілі функцыянальны складнік. І звычайнаму чалавеку, калі ён не калекцыянер, непатрэбныя і задарма?
Падтрымка спецыяліста і кандыцыя брэнда
І зноў дарога па нас засумавала. А мы — па новых адкрыццях. Словам, карэспандэнты “К” — у чарговым аўтатуры. Гэтым разам вырашылі дабрацца да паўночнай Белавежы. Маршрут абралі праз Ваўкавыскі, Бераставіцкі, Свіслацкі раёны Гродзеншчыны. І збольшага не пашкадавалі. Беларусь — нібыта дзіўная кніга, кожная старонка якой ці не штодня напаўняецца новым зместам. Гэтай кнігай чытаць — не начытацца.
Няўжо тэндэнцыя на попыт?
За апошні час выйшла некалькі кніг па тэматыцы традыцыйнай культуры. “К” пацікавілася ў аўтараў пра чытацкі інтарэс да выданняў этнаграфічнага кірунку.
Настаўнік музычных… “монстраў”
У Міжнародны дзень абароны дзяцей у мінскім Маладзёжным тэатры эстрады адбыўся канцэрт выхаванцаў творчай майстэрні Васіля Сянькова “Першы дзень лета”. Сянькоў — адзін з найбольш вядомых педагогаў краіны. Пачынаў ён у магілеўскай студыі “Вясёлка”, дзе ўзгадаваліся, сярод іншых, Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева, Наталля Падольская, Пётр Ялфімаў, Наталля Кудрына. Ужо два гады ён працуе ў Мінску, пазнаёміўшы прысутных з творчасцю сваіх новых гадаванцаў — 15 маладых спевакоў.
Два канцэрты на першай сцэне
Аркестр народных інструментаў Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа — калектыў, добра вядомы не толькі ў родным горадзе і на Гродзеншчыне наогул. Апошнія некалькі гадоў ён кожны сезон ажыццяўляе паездкі на прэстыжныя міжнародныя конкурсы ды фестывалі, нязменна прывозячы Гран-пры, іншыя ўзнагароды ды знакі прызнання. Сёлета па спецыяльным запрашэнні арганізатараў ён стаў удзельнікам ХХХ FIMU — Міжнароднага музычнага фестывалю моладзі ў Бэльфоры (Францыя).
“Навальніца” без “промня”
У Новым драматычным тэатры — прэм’ера спектакля “Калі б ведаць…”. Яго поўная назва — фантазія на тэму “Чаму людзі не лётаюць?..” паводле п‘есы “Навальніца” Аляксандра Астроўскага.
“Таму што…”: ад адаптацыі да "фі"
Зараз пайшла тэндэнцыя — выстаўляць арт-аб’екты з рэчаў побытавага ўжытку. І выстава “Таму што…” у Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў — не выключэнне.
Лета — гэта...
Лета — час падвоенай творчай актыўнасці. З першых дзён чэрвеня пра гэта сведчаць лісты нашых неабыякавых чытачоў.
Радыёхімік у жанры, які сыходзіць
Напрыканцы мая гімнастка Беларускага дзяржаўнага цырка Алена КЛІМОВІЧ прывезла на радзіму залаты медаль І-га Міжнароднага дзіцячага і маладзёжнага фестывалю цыркавога мастацтва, які ладзіўся ва Украіне. Яе нумар “Іншая” ў жанры антыпод — жангліраванне нагамі — стаў лепшым ва ўзроставай катэгорыі 18 — 25 гадоў. Супрацоўнікі цырка яшчэ на вахце пачалі ўголас расхвальваць журналісту “К” артыстку: “Пішыце пра яе! Адказная дзяўчына, шмат трэніруецца. І пры гэтым яна вучыцца на дзённым у БДУ! Такіх разумніц — пашукаць!”
Бібліятэкі, гранты, вопыт
Днямі мне давялося пабываць на III Міжнароднай канферэнцыі “Навуковыя гранты і праекты — ад падачы заяўкі да фінансавання”, што ладзілася ў Аполе (Польшча). Апошнім часам гэта тэма мяне вельмі цікавіць. Я канчаткова пераканалася: усё, што можна было зрабіць для развіцця бібліятэкі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта за сродкі, якія выдзяляюцца навучальнай установай, мы ўжо зрабілі.
Гастролі з "Песняром"
Гэтым матэрыялам “Культура” выпрабоўвае новы цыкл “У тур са сваім журналістам”. Сутнасць яго ў тым, што карэспандэнт “К” будзе сядаць “на хвост” гастрольнага цягніка (альбо іншага транспарта), далучаючыся да творчага падарожжа. Карацей, паехалі?!..
Пра супрацу — у палацы Радзівілаў
III Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які адбыўся на гэтым тыдні, вылучаўся асаблівай увагай да гуманітарных аспектаў. Пасяджэнне адной з яго секцый, “Беларуска-расійскае гуманітарнае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне ў сферы турызму: гістарычны і сучасны кантэкст”, прайшло 7 чэрвеня ў знакамітым Нясвіжскім палацы. Высокія госці, большасць з якіх пабывалі там упершыню, не хавалі свайго захаплення ад убачанага і пачутага падчас экскурсіі. Ды і барочныя інтэр’еры колішняй Тэатральнай залы стварылі выдатнае атачэнне для абмену ідэямі ў сферы культурнага супрацоўніцтва.
Як увайсці ў топ?
Не аднойчы падчас выездаў у рэгіёны Беларусі мне даводзілася чуць прыкладна такія словы: вось каб нам дапамаглі з грашыма, мы б нашу царкву (касцёл, сядзібу, палац) адрэстаўравалі! Між тым, не сакрэт, што працэс рэстаўрацыі любога старадаўняга аб’екта расцягваецца на гады і патрабуе значных сродкаў, якіх у раённых уладаў часам можа і не быць. Таму зазвычай у такіх выпадках у рэгіёнах спадзяюцца на фінансавую падтрымку з дзяржаўнага бюджэту ды Міністэрства культуры краіны.
Між мэйнстрымам і ўнікальнасцю
4 — 5 чэрвеня ў Гродне прайшоў ХІ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. Гэта бадай што адзіны выпадак у Беларусі, калі “фестываліць” увесь цэнтр горада, а не асобная плошча. На вуліцах Савецкай і Элізы Ажэшкі (яны звязваюць плошчы Савецкую і Леніна, дзе змясціліся галоўныя фестывальныя сцэны) — натоўп. У дворыках уздоўж вуліц — нацыянальныя падворкі, куды часам не прабіцца. А там і адбываліся грунтоўныя прэзентацыі нацыянальных культур: на буйных сцэнах паказвалі скарочаныя праграмы.
Нечаканы “…Сон”
За трыццаць гадоў фатограф Сяргей Плыткевіч пабываў у Чарнобыльскай зоне з паўсотню разоў. Для яго гэта стала ўжо пэўным правілам — штогод ён выпраўляецца ў падарожжа, каб зафіксаваць сыход цывілізацыі. “Зараз я ўжо фатаграфую панаванне прыроды, звяроў у гэтых мясцінах, якія калісьці засяляў чалавек. З кожным годам яны ўсё больш адчуваюць сябе тут гаспадарамі. Ваўкі ў зоне зараз накідваюцца на сабак. Настолькі асмялелі …” Трагедыя Чарнобыля, на думку аўтара, гэта не толькі смерць і хваробы, але і сыход пэўнай культуры, страта дома для тысяч людзей, якія вымушаны былі пакінуць свае родныя мясціны праз чыюсьці памылку.
Месяц пасля дня Ч
Гады два таму я пачаў актыўна звяртацца да свайго плёначнага фотаархіва.
Постскульптура: рэзкая і рахманая
Пахаванне скульптуры альбо заклік да яе мадэрнізацыі? Радыкальны нігілізм ці інтэлектуальная іронія? Журналісты “К” дзеляцца сваімі ўражаннямі ад выставы Паўла Вайніцкага “Плюха” і Першага беларускага фестывалю постскульптуры, якія адбыліся ў Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура.

Новы нумар

Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова
"Культура і мастацтва"

2016 - Год культуры

Далей
© 2007 - 2017 «Культура». Зроблена ў «Вэбпрофі»