Мы звярнуліся да старшыні фестывалю, рэжысёра-дакументаліста Юрыя Гарулёва з просьбай распавесці пра асаблівасці гэтага кінафоруму.
— Найперш мушу вас запэўніць, — кажа спадар Юрый, — што мастацкі ўзровень фільмаў сёння, як і раней, — высокі. Гледачы не будуць расчараваныя. На гэтым перадюбілейным фестывалі да ліку сталых краін-удзельніц далучылася новая — афрыканская Замбія. На жаль, праз матэрыяльныя прычыны “Magnificat-2013” пройдзе ў скарочанай версіі. Раней асноўнай пляцоўкай фестывалю быў горад Глыбокае, а сёння праграма не выходзіць за межы Мінска. У васьмі папярэдніх форумах удзельнічала больш як 30 краін, штогод — 15 — 16. Сёлета іх будзе толькі дзясятак.
Фестываляў такога кшталту ў свеце няшмат. У Польшчы ёсць фестываль-пабрацім нашага, у Італіі — кінафэст “Рэлігія сёння”, два рэлігійныя форумы ладзяцца ў Расіі. Вось, бадай, і ўсё, што на слыху ў прафесіяналаў. Калі “Magnificat” распачынаўся, на беларускім тэлебачанні не было праграм рэлігійна-духоўнага зместу, зараз жа іх можна паглядзець на многіх каналах. Спадзяюся, што мы разам з іншымі паспрыялі добрай справе, адыгралі ролю каталізатара культурнага працэсу. Нагадаю, на фестываль уваход вольны. Чакаем на кінасеансах мінчан і гасцей сталіцы.