Гаўрыла ВАШЧАНКА, народны мастак Беларусі:
— Цалкам згодны, што любы беларускі аграгарадок — цэнтр нацыянальнай культуры. Прынамсі, павінен такім быць. Таму ўсяляк вітаю стварэнне сеткі мастацкіх галерэй на сяле. Успомніце: за савецкім часам іх меў любы заможны калгас. Чаму б і не адрадзіць традыцыю?
У такой галерэі выстаўляліся б, натуральна, мясцовыя майстры народнай творчасці. Наяўнасць галерэі спрыяла б правядзенню пленэраў прафесійных мастакоў. Уявіце, якой цудоўнай і выразнай можа атрымацца галерэя партрэтаў лепшых працаўнікоў вёскі! А выстаўкі творцаў, што тут нарадзіліся ды з’ехалі! А абменныя выстаўкі! Такі рух значна актывізуе культурнае жыццё беларускага сяла. Так што я — за!..
Яўген РАГІН, рэдактар аддзела газеты “Культура”:
— Для таго, каб падаць меркаванне “практыкаў” наконт стварэння сельскіх галерэй, я пагутарыў з многімі начальнікамі аддзелаў культуры і пастараюся выкласці, так бы мовіць, зборны пункт гледжання. Дарэчы, ён не зусім супадае з маім асабістым...
Ці будзе рэнтабельнай такая галерэя? Людзі не прызвычаіліся плаціць за прагляд карцін. Існуе рызыка незапатрабаванасці.
Выстаўкі павінны быць зменнымі, каб можна было ў аграгарадок і турыстаў прывезці. Але якім чынам і за якія грошы наладзіць падвоз тых турыстаў?
Ці не лепш ствараць галерэі ў райцэнтрах ды буйных гарадах, каб потым “развозіць” выстаўкі па аграгарадках?..