Чэрвень аказаўся багатым на міжнародныя культурныя імпрэзы, вядучую ролю ў якіх выканала наша Беларусь. Зважаючы на такую падзейную насычанасць, рэдакцыя "К" вырашыла згадаць пра ўсё ў сціслым фармаце.
Расія
Нацыянальны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча выступіў на чарговым Усерасійскім Пушкінскім свяце паэзіі. Гэта далёка не першае выступленне нашага калектыву, што прайшло ў Расіі з аншлагам.
Украіна
Цэнтру беларускай мовы і культуры ў Інстытуце філалогіі Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта прысвоена імя Уладзіміра Караткевіча і адкрыта мемарыяльная дошка.
Кінакарціна Беларусі, Эстоніі і Латвіі "Адзінокая выспа" Пеэтэра Сіма атрымала прыз "За лепшы тэлевізійны фільм" на XVI Міжнародным кінафестывалі "Брыганціна" ў Бярдзянску. Беларуская актрыса Святлана Зелянкоўская ўзнагароджана спецыяльным дыпломам журы "За ўвасабленне пяшчоты і дабрыні" У конкурсе бралі ўдзел яшчэ дзве нашы стужкі: "Скрасці Бельмандо" Мікалая Князева і "Смяротны танец" Ігара Чацверыкова. Дыпломам журы "За яркі вобраз у фільме "Смяротны танец" адзначана актрыса Святлана Нікіфарава.
Германія
У ратушы гарадской акругі Хартберг адкрылася выстаўка беларускага мастака Сямёна Дамарада. Падзея прымеркавана да 20-годдзя ўстанаўлення партнёрскіх стасункаў паміж Мінскам і Бонам.
Арт-дэпо ў Магдэбургу.
Выстаўка габеленаў "Натхненне", падрыхтаваная секцыяй мастацкага тэкстылю Беларускага саюза мастакоў, працуе ў галерэі "АртДэпо" Магдэбурга (федэральная зямля Саксонія-Анхальт). У экспазіцыі — 37 твораў адзінаццаці беларускіх аўтараў.
Францыя
Намінацыйнае дасье Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прадстаўленае ў конкурсны камітэт на прэмію UNESCO Чыкчы, адабрана ў short list прэтэндэнтаў на яе. Прэмія ўручаецца за выкананне задач праграмы "Памяць свету". Чыкчы — анталогія вучэнняў будыйскіх святароў. Другі том знаходзіцца ў Парыжы. Першы не знойдзены і ўключаны ў рэестр UNESCO "Памяць свету". Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры UNESCO Павел Латушка і намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік ініцыявалі абмеркаванне пытання пашырэння прысутнасці нашай дакументальнай спадчыны ў рэестры "Памяць свету", а таксама — разгляд магчымасці падачы беларускай заяўкі на атрыманне статуса "Сусветная сталіца кнігі-2017".
Беларусь можа ўвайсці ў склад Міжурадавага камітэта па ахове і заахвочванні форм культурнага самавыражэння UNESCO на 2013 — 2017 гады. Адна з функцый названага камітэта — разгляд і зацвярджэнне заявак дзяржаў на фінансаванне праектаў Міжнароднага фонду культурнай разнастайнасці.
Фінляндыя
Дні нацыянальнай культуры Беларусі пройдуць 18 — 19 чэрвеня ў Фінляндыі. Будуць арганізаваны выстаўкі нашых кніжных навінак, экспанатаў з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, прэзентаваны Музей-запаведнік "Нясвіж".