Чакаецца, што ўдзельнікі форуму абмяркуюць актуальныя праблемы культурнай ідэнтычнасці і магчымасці рэалізацыі аптымальнай камунікацыйнай мадэлі, якая забяспечыць захаванне цэласнасці нацыянальнай культуры ды яе інтэграцыю ў сусветную культурную прастору. Акрамя таго, будзе разглядацца праблема захавання беларускай культуры ва ўмовах глабалізацыі, выкарыстанне традыцыйных каштоўнасцей у прасторы міжкультурнага дыялога, а культурных брэндаў — як інструменту міжкультурнай камунікацыі і фарміравання культурнага іміджа краіны. Да таго ж, у цэнтры ўвагі даследчыкаў — пытанні інкультурацыі асобы ў сучаснай адукацыйнай прасторы.
Фармат канферэнцыі прадугледжвае пленарнае і секцыйныя пасяджэнні, "круглыя сталы", дыскусіі, прэзентацыю ды абмеркаванне міжнародных творчых і адукацыйных праектаў.
У прыватнасці, цікавай і плённай чакаецца праца "круглага стала" "Спадчына Радзівілаў у Беларусі і за мяжой. Выяўленне і сумеснае выкарыстанне". Так, сярод іншага, пра апошнія знаходкі, звязаныя з гэтым славутым родам, распавядзе дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж". Пра міфы і рэальнасць існавання легендарных дванаццаці залатых апосталаў у Нясвіжы раскажа доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс.
Чакаецца, што па выніках прадстаўнічай канферэнцыі выйдзе зборнік навуковых артыкулаў.
К.А.