Як адзначыў рэктар названай ВНУ Юрый Бондар, гэтая беларуска-польская ініцыятыва не мае аналагаў у Беларусі. "Нясвіжская акадэмія" з’яўляецца паўнавартасным адукацыйным праектам — вельмі змястоўным і насычаным па сваёй праграме. Юрый Бондар адзначыў, што ў Польшчы назапашаны велізарны досвед у сферы рэстаўрацыі помнікаў культуры, унікальныя тэхналогіі, знаёмства з якімі будзе вельмі карысным слухачам "Нясвіжскай акадэміі", а сярод іх, акрамя супрацоўнікаў устаноў культуры нашай краіны, сваіх прадстаўнікоў маюць Украіна і Літва.
Рэктар БДУКіМ Юрый Бондар уручае сертыфікат "Нясвіжскай акадэміі" архітэктару Юліі Шахалевіч.
Рэктар БДУКіМ падкрэсліў, што ўніверсітэт стараецца захоўваць беларускія традыцыі, даследаваць вусную народную творчасць. Сведчыць пра актуальнасць абранай тэмы праекта і той факт, што на вучэбных занятках БДУКіМ можна даволі часта стаць сведкай дыскусіі наконт пытання, што ж з’яўляецца аўтэнтычным мастацтвам, а што — сцэнічным.
Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі падкрэсліў вялікую ролю былога рэктара БДУКіМ, а сёння міністра культуры Барыса Святлова, у рэалізацыі гэтага праекта. У сваю чаргу, як адзначыла каардынатар праекта з польскага боку, супрацоўнік Нацыянальнага інстытута спадчыны Лідзія Клюпш, асноўная тэма сёлетняй "Нясвіжскай акадэміі" мае вялікую актуальнасць не толькі для Польшчы і Беларусі, але і для большасці краін свету. З гэтай думкай пагадзіўся і каардынатар з беларускага боку Ігар Гарнак, які падкрэсліў важнасць праекта ды перспектывы, што адкрываюцца для выпускнікоў Акадэміі.
У рамках сёлетняй праграмы беларускія ды польскія спецыялісты прадставілі сваё бачанне асаблівасцей нацыянальнага і міжнароднага заканадаўства ў сферы захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей, рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў, дзеянняў, скіраваных на захаванне гістарычных руін. Аўтэнтычнасць гістарычнага цэнтра горада разглядалася на прыкладзе старадаўняй сталіцы Рэчы Паспалітай — Кракава. Акрамя таго, пад час практычных заняткаў выкладчыкі і слухачы "Нясвіжскай акадэміі" наведалі Нясвіж, Гальшаны, Крэва, Баруны, Ракаў, дзе пазнаёміліся з методыкай рэстаўрацыі іх архітэктурных дамінант.