Юра малюе прыкладна тое самае, што і ўсе дзеці: зялёныя краявіды, марскія караблі, клоунаў... І анёла, які спявае. Атрымліваецца прыгожа, у чым можна пераканацца, агледзеўшы імправізаваную выстаўку ў калідорах інтэрната. Калі б не яна, наўрад ці, убачыўшы самога Юру, я мог бы ўявіць, што гэты хлопец увогуле можа маляваць. Для малявання, здавалася б, патрэбны, прынамсі, нармальныя рукі...
Задача, якая ўскладзена на гэтую ўстанову, што месціцца ў зацішным і маляўнічым кутку Гродзеншчыны на тэрыторыі былой панскай сядзібы з гожым мадэрнавым палацам, прыгажэзнымі кветнікамі і нават возерам з пляжам, — не даць адпачатнай хваробе кардынальна і трагічна вызначыць лёс дзіцяці, стварыць яму добрыя ўмовы для побыту — не, нават не побыту, а паўнакроўнага жыцця. Жыцця, у якім знайшлося б месца і спорту (выхаванцы інтэрната пастаянна бяруць удзел у дзіцячых параалімпійскіх гульнях), і падарожжам, і творчай самарэалізацыі.
Дом-інтэрнат, які не можа паскардзіцца ні на сваю матэрыяльную базу, ні на недастатковую добраўпарадкаванасць (яна, між іншым, дасягаецца і высілкамі выхаванцаў — удзел у працатэрапіі ў выглядзе, скажам, прыбірання лісця або догляду клумбаў яны прымаюць з ахвотай), дае гэтыя магчымасці. Творчасцю тут можна займацца, бадай, на любы густ — і спяваць, і плесці бісерам, і нават танчыць...
Сяргею больш за ўсё даспадобы саломкапляценне. Праца даволі карпатлівая, але затое, калі ў яе выніку атрымліваецца прыгожая кветка, не нарадуешся. Радуюцца і лекары ды кіраўнік гуртка саломкапляцення Марыя Дземідовіч— такім чынам юны майстар распрацоўвае маторыку рук.
— Паглядзіце — у нашай Ірынкі залатыя рукі! — усклікае намеснік дырэктара Дома-інтэрната Ірына Бабіч, звяртаючы нашу ўвагу на сціплае дзяўчо. — Яна такія неверагодныя вышыванкі робіць, што ўсе дзіву даюцца.
Чуючы пахвальбу на свой адрас, шаснаццацігадовая Ірына трохі сарамліва, але радасна пасміхаецца. А ў наступным кабінеце культарганізатар Ала Яцэвіч знаёміць нас з чароўнай спявачкай Дашай... Сярод больш чым 230-ці жыхароў гэтага дома, якія прыехалі сюды амаль з усёй Беларусі, талентаў не бракуе.
Работнікі дома-інтэрната ахвотна абвяргаюць стэрэатыпы адносна “праблемнасці” такіх дзетак. І ў адзін голас сведчаць, што пачуцці хараства і дабрыні ім уласцівы ці не ў большай меры, чым “звычайным” аднагодкам. Кветкі, якія раскашуюць тут у цёплую пару года, становяцца крыніцай захаплення, а не ахвярай вандалізму. А калі аднойчы ўвосені на тэрыторыю былой сядзібы патрапіў бусел з паламаным крылом, яго кармілі і даглядалі ўсім інтэрнатам.
Слухаючы пранікнёны расповед Ірыны Канстанцінаўны пра тое, якое мора пачуцяў выклікае ў дзетак сузіранне першага палёту птушанят, думаеш пра мужнасць і чуласць супрацоўнікаў інтэрната. Чуласць шчырую, не “штучна-”прафесійную”.
Для таго, каб працаваць тут, патрэбны адмысловы дар — папраўдзе Божае пакліканне. Таму многія выхавальнікі надоўга не затрымліваюцца. Але для іншых суіснаванне побач з дзецьмі-інвалідамі становіцца неад’емнай, найважнейшай часткай жыцця. Адкуль бярэцца ў гэтых людзей такая нястомная, штохвілінная цярплівасць?
— Напачатку працаваць тут, канешне, вельмі цяжка, — прызнаецца Ірына Канстанцінаўна. — Але потым прызвычайваешся. І пачынаеш проста любіць гэтых дзетак. Не шкадаваць, а менавіта любіць — такімі, якія яны ёсць.
Адносіны паміж дзецьмі і персаналам тут часам усталёўваюцца папраўдзе сямейныя. Не ведаю, ці ва ўсіх інтэрнатах работнікі маюць завядзёнку забіраць дзетак дахаты на выхадныя і святы. А тут гэта — звычная з’ява. А адна жанчына, што працуе тут на кухні, настолькі зблізілася душою з выхаванцам інтэрната, што збіраецца яго ўсынавіць.
Яўген Майсей, зусім малады яшчэ хлопец, некалі быў рэжысёрам Шчучынскага дома культуры. А потым, з прычыны розных жыццёвых абставін, стаў працаваць у інтэрнаце. Прычым працуе ў палатах, дзе ляжаць дзеткі з самымі сур’ёзнымі захворваннямі, адзін пералік якіх навявае жуду; дзеткі, якія не ведаюць сваіх імёнаў, не могуць рухацца самастойна, а часам і наогул не выяўляюць ніякай рэакцыі на рэчаіснасць.
— Але калі пастаянна, з дня ў дзень займацца з гэтымі дзецьмі, з цягам часу яны развіваюцца, — захоплена распавядае Яўген. — Раней адзін хлопчык ляжаў, як непрытомны, а цяпер ён мяне пазнае, усміхаецца, цягне да мяне ручкі і ўжо нават сам можа ўстаць.
Па словах Ірыны, зносіны, уважлівыя і чулыя, становяцца для гэтых дзетак выдатнай тэрапіяй. Іх развіццю дапамагае і музыка, і нават пяшчотныя дотыкі:
— Калі падыйсці да такога дзіцяці і ціхенька яго пагладзіць, часам сама заўважаеш, як гэты скаваны стан трохі пераадольваецца.
... Не хацелася ілюстраваць гэты матэрыял шакіруючымі здымкамі — хаця зрабіць іх у доме-інтэрнаце можна было безліч. Бо галоўнай, найглыбейшай рэакцыяй на ўбачанае быў зусім не шок. А ўсведамленне таго, што, нягледзячы ні на якія “асаблівасці развіцця”, гэтыя дзеці... застаюцца дзецьмі. Падабенстваў з іх “здаровымі” аднагодкамі яны маюць куды больш, чым адрозненняў.
— Папрацаваўшы тут, нязменна прыходзіш да высновы: жыццю трэба радавацца, — кажа Ірына. — Дый як можа быць іначай, калі ты бачыш усмешкі на тварах гэтых дзяцей?
Падрыхтаваў Ілля СВІРЫН