Яўген Ганкін і Уладзімір Высоцкі падчас здымак фільма “Я родам з дзяцінства”. |
Па-сутнасці, Я.Ганкін з’яўляецца першым мастаком, з якога пачынаецца бліскучая плеяда беларускіх майстроў — ягоных калег, пік творчасці якіх прыпадае на 1960 — 1970-я гады. Менавіта ў гэты перыяд кінастудыя “Беларусьфільм”, на мой погляд, уваходзіць у пяцёрку лепшых студый Савецкага Саюза.
Яўген Ганкін належаў да тых мастакоў, якія імкнуліся перадаць у эскізе і дэкарацыі не толькі характар і эмацыянальную своеасаблівасць літаратурнага і рэжысёрскага сцэнарыяў, але і знайсці адэкватнае вырашэнне зместу будучага фільма ў цэлым.
Канешне, ад першых карцін Ганкіна да апошніх, як гаворыцца, вялікая адлегласць, але яго лепшыя мастакоўскія работы, нягледзячы на рознасць тэматыкі і сюжэтыкі карцін, аб’яднаны асаблівай “ганкінскай” вастрынёй кампазіцыйнага пачуцця, асаблівым, асобасным і ашчадным стаўленнем да рэжысёрскай задумы і яе ажыццяўлення.
На выстаўцы прадстаўлены эскізы дэкарацый амаль усіх “галоўных” фільмаў Яўгена Маркавіча — ад карцін “Гадзіннік спыніўся апоўначы”, “Чалавек не здаецца”, “Хлеб пахне порахам” да карцін “Кафедра”, “Яго батальён”, “Восеньскія сны”.
Асабіста мне надзвычай блізкія два ягоныя фільмы — “Я родам з дзяцінства” (рэжысёр — В.Тураў) і “Белыя Росы” (рэжысёр — Ю.Дабралюбаў). Павінен сказаць, што менавіта з гэтымі выдатнымі кінарэжысёрамі Ганкіну было асабліва лёгка працаваць, пра што мне неаднойчы Яўген Маркавіч распавядаў, калі я наведваў яго майстэрню на кінастудыі. З імі Я.Ганкін працаваў яшчэ і над шэрагам мастацкіх стужак, у тым ліку над дылогіяй “Партызаны” паводле А.Адамовіча (В.Тураў), “Восеньскія сны” паводле А.Дударава
Эскіз да фільма “Аз воздам...”. |
Добра вядомы фотаздымак — Я.Ганкін і У.Высоцкі, з нагоды з’яўлення якога Яўген Маркавіч у свой час расказваў: “У фільме “Я родам з дзяцінства” ёсць эпізод, калі франтавік, які вяртаецца дамоў (яго ролю выканаў Уладзімір Высоцкі), сустракае на вакзале свайго суседа-хлапчука Жэньку.
Здымалі мы гэты эпізод на Гродзенскім вакзале. На адзін з запасных шляхоў падалі спецыяльны чыгуначны састаў, які я ўпрыгожыў лозунгамі, партрэтамі, зялёнымі галінкамі, — так былі ўпрыгожаны цягнікі ў вясенне-летнія дні пераможнага 1945 года. З прыступак такога цягніка і павінен быў сысці герой Высоцкага. Уладзімір звярнуўся да мяне: пакажыце той вагон, з якога я буду сыходзіць. Мы пайшлі ўздоўж чыгункі. Вакол стаялі людзі з масоўкі, якія павінны былі сустракаць цягнік з салдатамі. Нам насустрач бег асістэнт аператара з фотаапаратам. Высоцкі спыніў яго: “Ну што, пстрыкнеш?”. Той “пстрыкнуў”, а праз некалькі дзён падарыў мне фатаграфію. На здымку бачна, з якой цікавасцю масоўка назірае за любімым артыстам”.
Эскіз да фільма “Белыя Росы”. |
20 лістапада ў 11.00 у Музеі гісторыі беларускага кіно адбудзецца Дзень памяці Яўгена Маркавіча. Плануецца паказ дакументальнага відэафільма пра мастака “Легендамі не карануйце нас” (рэжысёр — Ф.Кучар). З успамінамі выступяць сябры і калегі майстра, а таксама яго ўдава, вядомая пісьменніца Лідзія Арабей. Дарэчы, Лідзія Львоўна падарыла музею каля 90 работ (эскізы дэкарацый, эскізы касцюмаў) свайго мужа.
У дні работы выстаўкі дэманструюцца (па жаданні наведвальнікаў) і фільмы, на якіх працаваў Яўген Маркавіч: “Хто смяецца апошнім”, “Нашы суседзі”, “Гадзіннік спыніўся апоўначы”, “Я родам з дзяцінства”, “Вайна пад дахамі”, “Сыны сыходзяць у бой”, “Жывы зрэз”, “Белыя Росы”.
Барыс КРЭПАК