Гэта першы праект такога кшталту ў нашай краіне. Калі справа пойдзе, досвед будзе распаўсюджаны на іншыя музеі Беларусі.
Нацыянальны мастацкі музей разам з партнёрамі плануе ажыццяўляць сумесныя, пераважна — эксклюзіўныя, праекты з удзелам міжнародных экспертаў па маркетынгу ў сферы культуры і мастацтва, з прыцягненнем фінансавых рэсурсаў і далучэннем валанцёраў, ладзіць на базе НММ адкрытыя семінары, трэнінгі і канферэнцыі, маючы на мэце стварэнне нацыянальнай школы музейнага маркетынгу і менеджменту. Асабліва падкрэсліваецца, што праект мае сацыяльны і некамерцыйны характар.
Мяркуецца, што рэалізацыя праекта і пашырэнне яго на іншыя ўстановы дазволіць зрабіць беларускія музеі больш крэатыўнымі, адкрытымі для новых ідэй, новых партнёраў, больш даступнымі для ўсіх сацыяльных груп.
Уладзімір Пракапцоў, звяртаючыся да журналістаў, падкрэсліў: нягледзячы на падтрымку культуры дзяржавай, дапамога спонсараў ніколі не бывае залішняй. Такая дапамога — матэрыяльныя ці, як у дадзеным выпадку, інтэлектуальныя рэсурсы. Дырэктар НММ згадаў канкрэтныя прыклады, калі дзякуючы спонсарам установа паспяхова вырашала надзённыя праблемы. Спадар Пракапцоў спадзяецца, што падобная практыка займее працяг.
У сваю чаргу, спадарыня Грынюк запэўніла прысутных, што праграмы, скіраваныя на развіццё культуры, і надалей будуць у цэнтры ўвагі яе кампаніі.