Плённа працуе тэатр і над увасабленнем нацыянальнай драматургіі. Сёлетні сезон быў распачаты прэм’ернай пастаноўкай “Прымакоў” Янкі Купалы...
9 лістапада ў тэатры прайшлі юбілейныя мерапрыемствы. Натуральна, не абышлося без згадак пра аднаго з заснавальнікаў тэатра і яго першага мастацкага кіраўніка Мікалая Аляксандравіча Кавязіна. На працягу вечара перад гледачамі прайшла ўся гісторыя аблдрамтэатра. Гучалі віншаванні ад улад вобласці, творчых калектываў і прадпрыемстваў горада. Скончылася імпрэза вялікім святочным канцэртам.
Напярэдадні свята карэспандэнт “К” запытаўся ў дырэктара Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра Рыгора Маркаўца:
— З якім настроем, Рыгор Васільевіч, калектыў сустракае 60-годдзе?
— Са святочным і дзелавым адначасова. Шмат зроблена за гэтыя дзесяцігоддзі, шмат трэба яшчэ зрабіць. Адносна нядаўна ўдзельнічалі ў міжнародных фэстах тэатральнага мастацтва “Балтыйскі дом” і “Баспорскія агоны”. У канцы мінулага года, напрыклад, былі з гастролямі ў Беластоцкім драматычным тэатры, сёлета польскія сябры прыязджалі да нас. У перспектыве — сумесная пастаноўка “Дзядоў” Міцкевіча...Калі казаць пра персанальныя дасягненні, не магу не зазначыць тое, што вядучы майстар сцэны нашага тэатра Аляксандр Шэлкаплясаў атрымаў званне заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь.
— Як працуеце з маладымі?
— Увесь першы выпуск тэатральнага аддзялення Гродзенскага каледжа мастацтваў — 8 чалавек — працуе ў нас. Аляксандр Калагрыў паспеў паставіць монаспектакль “Планета” паводле Яўгена Грышкаўца...
— Некалькі слоў пра гастрольную дзейнасць.
— У месяц два разы абавязкова выязджаем на сяло. Спектаклі, у тым ліку і дзіцячыя, канцэрты ў вёсках і аграгарадках Гродзеншчыны заўжды праходзяць з нязменным поспехам. У бліжэйшай перспектыве — гастролі нашага тэатра ці ў Брэсцкую, ці ў Гомельскую вобласць. А ў сярэдзіне наступнага года мяркуем наведаць і Мінск.
Наш кар.