Разам з тым, па добрай традыцыі, цягам трох дзён — з 1 па 3 лістапада — у Мінску пройдуць чарговыя “Каласавіны”. Як адзначылі ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, у рамках свята адбудуцца сустрэча з кіраўнікамі арганізацый, якія носяць імя народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, падвядзенне вынікаў музейнай акцыі “130 прысвячэнняў Песняру”.
Прадстаўнічай чакаецца і XXVІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя “Якуб Колас. Чалавек. Эпоха. Час”. У ёй прымуць удзел даследчыкі гісторыі беларускай літаратуры ХІХ — ХХ стст., гісторыкі, архівісты, культуролагі, музейшчыкі. Сярод пытанняў, што будуць узнімацца на форуме, — творчая спадчына Якуба Коласа ва ўспрыняцці замежнага чытача, дабрачынная дапамога Песняра, творчыя і дзелавыя кантакты паэта перыяду 1941 — 1956 гг.
Акрамя таго, спецыялісты змогуць ацаніць інавацыі ў галіне інтэрпрэтацыі жыцця і творчасці Якуба Коласа ў экспазіцыйнай і навукова-асветніцкай дзейнасці музея, а таксама выказаць сваё бачанне праблемы фарміравання новых музейных брэндаў сродкамі IT-тэхналогій, у тым ліку ацаніць, наколькі поўна адлюстравана імя Якуба Коласа ў Інтэрнэце.
Завершацца святочныя мерапрыемствы ўрачыстай цырымоніяй ускладання кветак да помніка Якубу Коласу ў Мінску. Чакаецца, што па выніках працы канферэнцыі будзе выдадзены зборнік матэрыялаў “Каласавіны”.