Веткаўшчына
Аўдыягіды -
на чатырох мовах
Каардынатар інфармацыйнай дзейнасці ААН у Беларусі Уладзіслаў Хількевіч паведаміў "К", што 19 красавіка ў Ветцы адбылася цырымонія ўрачыстага адкрыцця абноўленай экспазіцыі Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава.
У адпаведнасці з праектам "Развіццё міжнароднай даследчай і інфармацыйнай сеткі па Чарнобылі (ICRIN)" у практыку музея быў укаранёны шэраг сучасных інфармацыйных тэхналогій: створана сістэма аўдыягідаў на чатырох мовах (рускай, англійскай, нямецкай, італьянскай), распрацаваны вэб-сайт установы.
Таксама адбылася алічбоўка найбагацейшага этнаграфічнага матэрыялу, назапашанага за многія гады музейных экспедыцый. Устаноўлена і відэаапаратура.
Названая ініцыятыва стала 12-й і фінальнай у спісе праектаў малых грантаў, накіраваных на развіццё рэгіёнаў, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, і прафінансаваных праектам ICRIN. Агульны бюджэт ініцыятывы, паведамляе Уладзіслаў Хількевіч, склаў 17,5 тысячы долараў. 7 з іх - грант праекта, а 10,5 тысячы - мясцовы ўклад.
Краснапольшчына
Фінансаванне - праграмнае
Начальнік аддзела культуры Краснапольскага райвыканкама Алена Раманенка паведаміла "К", што неаспрэчнае дасягненне апошняга часу - доўгачаканае адкрыццё ў райцэнтры Дома рамёстваў.
Майстры-рамеснікі, якія спецыялізуюцца на саломкапляценні, дрэваапрацоўцы і рэдкім сёння роспісе па дрэве, паспелі заваяваць аўтарытэт не толькі ў раёне, але і на Магілёўшчыне. Да прыкладу, з поспехам "гастралявалі" ў Мсціславе.
Упэўнена нарошчвае "вытворчыя" абароты Маладзёжны цэнтр "Міраж", які прапаноўвае наведвальнікам не толькі культурныя, але і спартыўныя паслугі. План пазабюджэтнай дзейнасці ён з поспехам выконвае. Да прыкладу, днямі тут прайшоў конкурс "Міс Вясна".
Менавіта з надыходам вясны, як распавядае Алена Раманенка, у Краснаполлі вырашылі ўшчыльную падысці да вырашэння галоўнай культурнай праблемы райцэнтра, звязанай з неабходнасцю капітальнага рамонту мясцовага музея. Будынку - больш за сто гадоў, і ён патрабуе неадкладнага абнаўлення. У Дзяржаўнай праграме "Культура Беларусі" на 2012 - 2015 гг. для гэтых мэт на бягучы год прадугледжана 500 мільёнаў рублёў. Цяпер завяршаецца складанне праектна-каштарыснай дакументацыі. У аднаўленчых работах будзе прымаць удзел і гаспадарчая група аддзела культуры. У выніку рамонту кардынальна зменіцца і музейная экспазіцыя.
Брагіншчына
Дарогай
жывых вёсак
У Брагінскім раёне, па словах начальніка мясцовага аддзела культуры Ліны Пятніцкай, распачынаецца акцыя "Дарогай выселеных вёсак". У паселішчах Савічы, Гдзень, Сабалі ды іншых, насельнікі якіх не пажадалі ў свой час высяляцца ці зноў вярнуліся ў роднае жытло, аддзел культуры ладзіць вялікія канцэртныя праграмы.
Апрача работнікаў культуры, да вяскоўцаў едуць прадстаўнікі службы быту, гандлю. А жыхары паселішчаў, сярод якіх шмат таленавітых людзей, ладзяць у адказ выстаўкі ўласнай творчасці. У выніку атрымліваюцца маштабныя вясковыя святы...
Захавальніца фондаў Брагінскага гістарычнага музея з карціннай галерэяй Надзея Мялешка распавяла, што экспазіцыя "Згубленая зямля" карыстаецца нязменным поспехам: кожны год яе наведвае амаль чатыры тысячы чалавек. Нагадаем, экспазіцыя адкрылася з нагоды 20-годдзя чарнобыльскай бяды. Тры выставачныя залы дапамаглі аформіць брагінцам французы, а мастацкім кіраўніком праекта быў дызайнер Уладзімір Цэслер...
У карціннай галерэі гэтымі днямі экспануюцца работы мастака Віктара Шматава. На партрэтах - жыхары Брагіншчыны.
Нараўляншчына
Палюбіць
прыпяцкі край
У Нараўлянскім музеі, па словах начальніка мясцовага аддзела культуры Віктара Захаранкі, экспануецца калекцыя кандыдата сельскагаспадарчых навук з Гомеля Валерыя Рымашэвіча. Гэта - нацельныя крыжыкі XV - XVII стагоддзяў, а таксама - іконы... Справа ў тым, што гэты спецыяліст-аграрый пасля чарнобыльскай бяды чытаў у Нароўлі лекцыі па правільным ды бяспечным землекарыстанні і з таго часу палюбіў і нараўлянскі край, і яго насельнікаў.
Шэраг аб'ектаў культуры, па словах Віктара Захаранкі, гэтымі днямі якасна абнаўляецца дзякуючы Дзяржпраграме "Развіццё Прыпяцкага Палесся". Рамантуецца РДК (на бягучы і наступны гады выдаткавана 4 мільярды рублёў), мадэрнізуецца Нараўлянская ДШМ (3,5 мільярда), плануецца рэканструкцыя Канатопскага сельскага клуба.
Будынак музея летась адрамантавала гаспадарчая група аддзела культуры. Прыемныя змены адбыліся і ў Раённым доме рамёстваў, які распачаў выраб мастацкай керамікі.