На падрыхтоўку новага твора давалася два месяцы. Але ён павінен быў доўжыцца не больш за дзве хвіліны, а ягоная “смешнасць” — рэалізоўвацца на ўзроўні менавіта музычнай ідэі, а не перформансу. Ініцыятарам праекта выступіла кампазітар Галіна Гарэлава:
— Апошнім часам ўсе пішуць штосьці мудрагелістае, даволі змрочнае — быццам бы глыбакадумнае. А вы паспрабуйце пажартаваць! Напісаць штосьці “лёгкае” — ды не наўмысна спрошчанае, а, як кажуць, “улётнае” паводле самой музычнай ідэі…
Адгукнуліся сямнаццаць маладых аўтараў. Звярталіся не толькі да фартэпіяна — да флейты, фагота, скрыпкі, баяна, вакала (у вакальным творы — да паэзіі… Максіма Багдановіча). Шукалі інтанацыйныя, тэмбравыя, канструктыўныя “прыколы” — і выканаўцаў, якія данясуць гэты твор да журы (яго ўзначаліў загадчык кафедры кампазіцыі Уладзімір Дарохін) ды ўсіх зацікаўленых.
Пераможцам быў прызнаны Вячаслаў Пяцько, які адначасова навучаецца на двух аддзяленнях — як музыказнаўца і як кампазітар — у класе Віктара Войціка. Але граматы і прызы (кнігі, ноты, кампакт-дыскі…) атрымалі ўсе. Без жартачак не абышлося: адзін з прызоў называўся “За вернасць ля-мінору”.