У прыватнасці, на Каардынацыйным савеце нашых суайчыннікаў у Малдове, што днямі прайшоў у горадзе Бельцы, было прынята рашэнне пра актыўны ўдзел беларускіх суполак Малдовы, якія дзейнічаюць у розных гарадах краіны, у правядзенні літаратурна-музычных вечароў, дыспутаў, "круглых сталоў", тэматычных кніжных выставак ды іншых мерапрыемстваў, прысвечаных творчасці беларускіх Песняроў.
Да таго ж, нашы суайчыннікі ў Малдове плануюць адзначыць юбілейныя даты Максіма Танка, Алеся Адамовіча, Рыгора Шырмы, Браніслава Тарашкевіча, Марка Шагала, а таксама Вітольда Бялыніцкага-Бірулі і Міхаіла Савіцкага. Беларускія абшчыны Малдовы запланавалі правесці прэзентацыйныя ды іншыя мерапрыемствы, скіраваныя на папулярызацыю беларускай кнігі, падтрымліваць мерапрыемствы па арганізацыі нацыянальных экспазіцый "Кнігі Беларусі" на міжнародных і нацыянальных выстаўках.
Акрамя таго, з боку беларусаў Малдовы плануецца садзейнічаць у развіцці супрацоўніцтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі з Нацыянальным мастацкім музеем Малдовы. У прыватнасці, бліжэйшым часам будзе распрацавана магчымасць арганізацыі выставак беларускіх мастакоў у галерэях Малдовы, падтрымка айчынных творцаў пад час экспанавання іх работ у мастацкіх галерэях краіны.