У горадзе над Заходняй Дзвіной створаны аргкамітэт па святкаванні гэтай даты з дня нараджэння знакавай для горада постаці.
Як адзначыў старшыня аргкамітэта, начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў, святочныя мерапрыемствы адбудуцца на розных пляцоўках вобласці. Тым больш, што ў склад аргкамітэта ўвайшлі вядомыя віцебскія дзеячы культуры і мастацтва, у тым ліку Людміла Хмяльніцкая - дырэктар Дома-музея Марка Шагала, які, безумоўна, стане адмысловым цэнтрам святкавання. Па словах старшага навуковага супрацоўніка ўстановы Юліі Сцепанец, у чэрвені гэтага года адбудуцца ўжо традыцыйныя Шагалаўскія чытанні, што сёлета збяруць даследчыкаў творчасці мастака як з Беларусі, так і з усяго свету. А 7 ліпеня ў Доме-музеі Марка Шагала па Пакроўскай вуліцы адбудуцца святочныя мерапрыемствы, аб'яднаныя пад агульнай назвай "У гасцях у Марка і Бэлы".
Як адзначыла Юлія Сцепанец, у рамках святкавання юбілею з дня нараджэння Марка Шагала ў Санкт-Пецярбургу запланавана выязная выстаўка ілюстрацый мастака да рамана М.Гогаля "Мёртвыя душы", якія віцебскаму музею падарылі ўнучкі творцы.