- Паважаныя прысутныя!
Хачу падзякаваць за магчымасць паўдзельнічаць у рабоце выніковай калегіі Міністэрства культуры. Нашы сумесныя планы і намаганні па развіцці турызму на базе гісторыка-культурных каштоўнасцей замацаваны нарматыўнымі дакументамі, што ўжо прыняты Міністэрствам культуры і Міністэрствам спорту і турызму Беларусі. Таму я хацеў бы падзякаваць тым, хто прыняў удзел у развіцці турызму ў 2011-м годзе.
У гэтай дзейнасці, на шчасце, назіраюцца станоўчыя моманты. Спыняцца падрабязна на ўсіх аспектах не буду, а запрашаю наведаць пасяджэнне выніковай калегіі нашага Міністэрства, якое адбудзецца 16 лютага ва Універсітэце фізічнай культуры.
Хацелася б спыніцца вось на чым. Першае. Рашэннем калегіі Міністэрства спорту і турызму 2012-ы аб'яўлены Годам культурнага турызму - у сувязі з тым, што так паспяхова аднаўляюцца нашы помнікі гісторыка-культурнай спадчыны.
Таму я хацеў бы папрасіць уключыць у рашэнне калегіі некалькі пунктаў. І першы з іх такі: каб на ўсіх выстаўках, у якіх сёлета будзе ўдзельнічаць Міністэрства спорту і турызму, у тым ліку - і на міжнародным узроўні, былі арганізаваны прэзентацыі нашых значных культурных аб'ектаў: Мірскага замка, Нясвіжскага палацава-паркавага ансамбля ды іншых.
Другое. Сёлета мы выбралі дзве краіны, дзе будзем актыўна рэкламаваць наш турыстычны патэнцыял: гэта Федэратыўная Рэспубліка Германія і Расійская Федэрацыя. Так, з 7 па 11 лютага мы ўдзельнічаем сваім стэндам у берлінскай выстаўцы. Таму я прапаноўваю Міністэрству культуры разам распрацаваць план мерапрыемстваў, накіраваных на ўзмацненне прапаганды нашых магчымасцей у плане культурнага турызму ў названых краінах. Так мы зможам больш яскрава паказаць культурны і турыстычны патэнцыял Беларусі. У Германіі пражывае 90 мільёнаў жыхароў, і калі хаця б адзін мільён турыстаў з гэтай краіны зацікавіцца беларускай культурай і наведае Беларусь да 2015 года, дык я буду лічыць, што наша сумесная праца не прайшла дарма.
Таксама хацеў бы закрануць вось які аспект. Яшчэ ў 2009 годзе мы распачалі вельмі добры праект па ўключэнні ў турыстычны абарот родавых сядзіб. У спісе іх было 46. За два гады толькі 7 сядзіб перададзена прыватным уладальнікам і выкарыстоўваюцца як аб'екты аграэкатурызму, а 5 эксплуатуюцца як базы адпачынку і санаторыі. Мяркую, варта надаць новы імпульс гэтаму праекту. Магчыма, у рэгіёнах недаацэньваюць яго значнасць, таму варта больш актыўна весці тлумачальную работу. Не сумняваюся, што гэтыя сядзібы маглі б адыграць вялікую ролю ў развіцці турызму на Беларусі.
І апошняе. Цяпер у нашай краіне вельмі актыўна развіваецца экскурсійны турызм. Так, за мінулы год мы прыбавілі больш чым у тры разы па гэтым паказчыку. Дадам, што больш за 75 працэнтаў турыстычных паездак у Беларусі звязана з наведваннем аб'ектаў культурнай спадчыны. Але, на жаль, "трохкутнік" гэтай дзейнасці, які складаецца з мясцовых органаў улады, культурна-гістарычнага аб'екта (Мірскага замка, палаца ў Нясвіжы або нейкага іншага) і турфірмы, заснаваны, па вялікім рахунку, на асабістых адносінах. А трэба, каб гэтая праца была аформлена на адпаведным заканадаўчым узроўні. Магчыма, нам варта стварыць рабочую групу, правесці інвентарызацыю, паслухаць грамадскія аб'яднанні, удзельнікаў гэтага "трохкутніка" і распрацаваць дакумент, які змог бы даць права любому ахвотнаму паўдзельнічаць у фарміраванні і рэалізацыі турыстычных паслуг. Гэтым самым мы насыцім рынак, нададзім яму разнастайнасці, знойдзем баланс паміж цаной і якасцю турпаслуг, чаго ў нас сёння, бывае, і бракуе.
Дзякую за ўвагу і жадаю поспехаў у працы!