У філіяле Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка - Музеі беларускага кнігадрукавання - да мерапрыемстваў Года кнігі падышлі з усёй адказнасцю. Сёлета тут чакаецца шэраг цікавых выставак. Тым больш, нагадаем, і сам горад адзначае 1150-годдзе з часу летапіснай згадкі.
Першая з падзей - экспазіцыя кніг лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі", вынікі якога былі падведзены на мінулым тыдні, а назавуць і ўзнагародзяць пераможцаў пад час Міжнароднай выстаўкі-кірмашу "Кнігі Беларусі-2012".
Як паведамілі "К" супрацоўнікі музея, па выніках творчага спаборніцтва фонды музея папоўнілі 470 выданняў. Лепшыя з іх будуць прадстаўлены на выстаўцы і ў віртуальнай прасторы - на сайце музея. Сярод іх - факсіміле знакамітага Слуцкага Евангелля, кніга-каталог партызанскіх плакатаў часоў Вялікай Айчыннай, кніга "Ніколі не забудзем", шмат новых дзіцячых выданняў і падручнікаў.
Добрая традыцыя перадачы кніг-лаўрэатаў у фонды музея склалася яшчэ на пачатку 1990-х гадоў. На цяперашні час Міністэрствам інфармацыі перададзена каля пяці тысяч выданняў.
Прадоўжыць святочны для ўстановы год выстаўка, прымеркаваная да Дня музеяў, - "Полацак - па старонках друку", дзе будзе прадстаўлена вялікая колькасць выданняў, прысвечаных гораду на Палаце. Таксама музей не абміне ўвагай і юбілеі з дня нараджэння беларускіх класікаў: экспазіцыя, прысвечаная Янку Купалу, будзе працаваць летам, а Якубу Коласу - восенню. Да Дня беларускага пісьменства запланавана выстаўка факсімільных і рэпрынтных выданняў.
На здымку: будынак Музея беларускага кнігадрукавання
ў Полацку.