Гэты калектыў на чале з дырэктарам каледжа, заслужаным дзеячам культуры Беларусі Рыгорам Сарокам - часты госць і ў замежжы. Гэтым разам з аркестрам выступілі вакалісты, прычым усе яны - былыя выхаванцы каледжа: ужо добра вядомы ў многіх краінах свету лаўрэат міжнародных конкурсаў Анатоль Сіўко, Андрэй Саўчанка (абодва яны будуць спяваць у "Кармэн" партыю Эскамільё) і саліст Марыінскага тэатра Вячаслаў Сулімскі. Акрамя Ж.Бізэ, гучала найпапулярная музыка Дж.Вердзі, П.Чайкоўскага, С.Рахманінава і інш. Публіка ж адчувала не проста "пазнаванне" знаёмых мелодый, а спробу падкрэсліць у іх самае запатрабаванае сучаснымі слухачамі- эмацыйны ўзлёт, пругкасць рытмаў.
Літаральна праз некалькі дзён "маладзечанская школа" атрымала яшчэ адно прызнанне: Уладзімір Дзмітрук - колішні выпускнік каледжа па класе вакалу Маргарыты Васілевіч, Альфрэд у маладзечанскай пастаноўцы "Травіяты"- стаў уладальнікам першай прэміі на V Міжнародным конкурсе оперных спевакоў "Санкт-Пецярбург".
- Цяпер Уладзімір займаецца на 4м курсе Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі, - кажа Рыгор Сарока. - І хаця ён мінчанін, а ў нас толькі вучыўся, сувязей з маладзечанскімі аркестрам і тэатрам не губляе і дагэтуль. Менавіта ён, дарэчы, будзе спяваць у нашай "Кармэн" партыю Хазэ. А ў красавіку рушыць з нашым аркестрам на гастролі ў Эстонію.