Планаў на юбілейны сезон у тэатра шмат. Давялося нават адмовіцца ад гастролей у Англію, бо яны павінны былі захапіць самыя “рэпертуарныя” месяцы — кастрычнік, лістапад і снежань. У лістападзе ж нас чакае прэм’ера оперы-араторыі “Цар Эдзіп” І.Стравінскага ў канцэртным выкананні. У снежні— новы варыянт “Кававай кантаты” І.-С.Баха, у якой частка музыкі атрымае сучасную аранжыроўку. У канцэртнай версіі вернецца ў рэпертуар і “Барыс Гадуноў” М.Мусаргскага. Пачалі артысты працаваць і над “Кашчэем Бессмяротным” М.Рымскага-Корсакава, які будзе пастаўлены нашым рэжысёрам Галінай Галкоўскай.
У больш аддаленых планах таксама “Дон Жуан” і “Так паступаюць усе жанчыны” В.-А. Моцарта, якія былі замоўлены для гастролей замежнымі імпрэсарыо. А яшчэ пазней, ужо ў наступным сезоне, — “Макбэт” Дж.Вердзі. Ну, а першым спектаклем, які будзе паказаны ў адноўленым будынку, павінна стаць прэм’ера другой рэдакцыі оперы Дзмітрыя Смольскага “Сівая легенда” паводле аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча.
Мастацкі кіраўнік тэатра Маргарыта Ізворска-Елізар’ева і галоўны дырыжор Віктар Пласкіна намагаюцца дасягнуць таго, каб кожны спектакль Беларускай оперы быў на ўзроўні прэм’еры. Таму сачыце за афішай: ледзь не кожны чарговы паказ узбагачаецца ўводам творчай моладзі. А сярод маладых салістаў з’явілася папаўненне — лаўрэат пяці міжнародных конкурсаў барытон Станіслаў Трыфанаў.
Надзея БУНЦЭВІЧ