За восем гадоў працы ў галерэі ажыццёўлена шмат творчых праектаў: выставак, творчых вечароў, прэзентацый. З прычыны абмежаваных плошчаў адначасова са зменнай экспазіцыяй мы маглі дэманстраваць асноўную калекцыю толькі часткамі. Але ў любой справе надыходзіць момант, калі трэба вярнуцца да зыходнага пункта, азірнуцца назад, ацаніць пройдзены шлях, намеціць новыя перспектывы.
Для галерэі, паводле традыцыі, гэты момант надыходзіць кожныя тры гады, і мы адзначаем яго праглядам фондаў. Акрамя таго, калекцыя падорана гораду - яго жыхары і госці перыядычна павінны мець магчымасць бачыць падарунак цалкам. У калекцыі прадстаўлены работы Леаніда Шчамялёва розных гадоў. Прысутнічаюць усе характэрныя для яго творчасці жанры: гістарычная карціна, пейзаж, партрэт, нацюрморт...
Таццяна БЕМБЕЛЬ, дырэктар галерэі