Штогод на "Ракуцёўскае лета", якое ладзяць Маладзечанскі райвыканкам і Літаратурны музей Максіма Багдановіча пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, прыязджаюць як знаныя мэтры, так і маладыя беларускія пісьменнікі, а таксама музыканты і мастакі.
Менавіта тут, у фальварку дробнага шляхціча Вацлава Лычкоўскага, роўна сто гадоў таму, летам 1911-га, адпачываў Максім Багдановіч - паэт, чыё 120-годдзе адзначаем сёлета. Гэты фальварак стаў сімвалічным месцам вяртання паэта на Бацькаўшчыну. І якраз роўна дваццаць гадоў таму пачалося стварэнне філіяла "Фальварак Ракуцёўшчына", які на сённяшні дзень уключае такія музейныя аб'екты, як Дом арандатара і Дом гаспадара, гумно, Максімава крыніца, помнік паэту і сад.
Сёлета ў межах Рэспубліканскага свята паэзіі і песні "Ракуцёўскае лета2011", што адбудзецца 24 ліпеня, па словах супрацоўніка музея Ірыны Мышкавец, запланавана паэтычна-музычная імпрэза каля памятных камянёў і ўскладанне кветак, знаёмства гасцей з філіялам музея "Фальварак Ракуцёўшчына", а таксама - літаратурна-музычная імпрэза.
На думку арганізатараў Рэспубліканскага свята паэзіі і песні, утульная атмасфера фальварка мае нагадаць усім удзельнікам свята пра "старонку лепшую ў штодзённіку жыцця" Максіма Багдановіча.
К.А.
На здымку: у Ракуцёўшчыне.