Згодна з вынікамі жараб’ёўкі, маладыя выканаўцы выступяць у наступнай паслядоўнасці: 1. Дзіяна Громава (Гомель); 2. Раман Валазнёў (Мінск); 3. Кірыла Ермакоў (Мінск); 4. Паліна Калафаці (Мінск); 5. Серафіма Кузняцова (Віцебск); 6. Аляксей Жыгалковіч (Мінск); 7. МікітаЖуровіч (Гомельская вобласць); 8. Паліна Верас (Мінск); 9. Антон Зямлянік (Гомельская вобласць); 10. Юлія Азаронак (Мінск).
З дзесяці песень дзве прагучаць па-беларуску, астатнія — на рускай мове.Большасць маладых талентаў ужо паспела добра зарэкамендаваць сябе на разнастайных міжнародных фестывалях, а некаторыя нават маюць узнагароды вакальных спаборніцтваў.
Пасля выступлення канкурсантаў адбудзецца бясплатнае тэлефоннае галасаванне, якое вырашыць, каго з юных выканаўцаў жыхары Беларусі лічаць вартымі абараняць гонар краіны на дзіцячым конкурсе “Еўрабачанне — 2007”. Балы, атрыманыя ад гледачоў (максімальны бал — 12), дададуцца да адзнак, якія выставіць удзельнікам канцэрта прафесійнае журы пад кіраўніцтвам В.Раінчыка.
Арганізатары імкнуліся максімальна наблізіць конкурс да фармату кантынентальнага шоу. Цяпер тэлегледачы змогуць даведацца, як размеркавала свае галасы кожная з шасці абласцей краіны. Па словах Ю.Азаронка, гэта павінна дадаць інтрыгі спаборніцтву, бо чакаецца, што рэгіёны ў першую чаргу будуць галасаваць за сваіх землякоў. Будуць наладжаны тэлемасты з абласнымі цэнтрамі. У прамым эфіры дзеці-вядучыя паведамяць вынікі рэгіянальнага галасавання.
У час галасавання на сцэне Амфітэатра для гледачоў будуць спяваць зоркі айчыннай эстрады і пераможцы мінулага еўраконкурсу сёстры Талмачовы з Расіі. Пасля абвяшчэння вынікаў выступіць галоўная запрошаная зорка — Верка Сярдзючка.
Пераможца нацыянальнага конкурсу трапіць на міжнароднае “Еўрабачанне”, якое адбудзецца 8 снежня ў галандскім Ратэрдаме. Варта адзначыць, што геаграфія конкурсу працягвае пашырацца. У параўнанні з мінулагоднім канцэртам, дададуцца прадстаўнікі Арменіі, Босніі і Герцагавіны, Балгарыі і Літвы. Такім чынам, колькасць удзельнікаў складзе 18 чалавек.
Ягор МАРЦІНОВІЧ