А ў Сусветны дзень без тытуню, які адзначаўся 31 мая, у "Мінск-Арэне" адбыўся "круглы стол" па гэтай праблеме. Стала вядома, што, згодна са статыстыкай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, штогод з курэннем звязана каля 4,9 мільёна смярцей. Паводле даных 25-гадовага назірання за 4500 мужчынамі горада Мінска, інфаркт міякарда ў курцоў развіваўся ў 1,8 раза, а мазгавы інсульт у 1,4 раза часцей, чым у тых, хто не курыць.
Канвенцыя Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па барацьбе з тытунём з'яўляецца асноўным дакументам, які ўключае самыя важныя накірункі барацьбы супраць тытуню. Яна ўступіла ў сілу ў 2005 годзе, і сёння да яе далучыліся больш чым 170 краін. Беларусь сярод іх была адной з першых.
У рэспубліцы пры Міністэрстве аховы здароўя створаны Міжведамасны каардынацыйны савет па пытаннях фарміравання здаровага ладу жыцця, які аб'ядноўвае міністэрствы, рэспубліканскія органы, мясцовыя органы ўлады і грамадскія арганізацыі. Яго дзейнасць прыносіць плён: у параўнанні з 2001-м колькасць курцоў у 2010 годзе была на 11% меншай.
С.К.