У гэты ж вечар адкрылася выстаўка "Дарагі мой Міхасёк", дзе імяніннік самастойна праводзіў шчырыя і непасрэдныя экскурсіі для гасцей. З сёмага класа ён самастойна фатаграфуе, і ягоны стаж фотамастака налічвае ўжо 70 гадоў. Не дзіўна, што на вялікіх здымках мы бачым самых блізкіх яму людзей: Якуба Коласа, дзяцей, унукаў, сяброў, шчаслівыя моманты жыцця... Пад шклом ляжыць і дыплом Міхася Канстанцінавіча, узнагароды, іншыя важныя дакументы.
На выстаўцы прываблівае ўвагу стэнд з кнігамі беларускіх літаратараў, дзеячаў культуры, на кожнай з якіх ёсць дарчы надпіс Міхасю Міцкевічу. Самая каштоўная з іх - "Новая зямля", падораная Якубам Коласам любімаму сыну.
Дырэктар музея Зінаіда Камароўская зазначыла, што Міхась Міцкевіч да гэтай пары робіць значны ўклад у захаванне і папулярызацыю літаратурнай спадчыны бацькі. Ён не толькі ўзбагачае сваімі ўспамінамі і рэчамі Дом паэта ў Мінску, але і стварыў экспазіцыю ў Мастацкай галерэі Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея. "Я з задавальненнем прыязджаю ў гэтыя мясціны, дзе жыў з сям'ёй у перыяд свайго дзяцінства: яны хаваюць у сабе шмат успамінаў", - заўважае сын Якуба Коласа.
На вернісажы імяніннік дадаў: "Мне вельмі прыемна, што вядомыя паэты і празаікі мінулага пакінулі шмат "зерняў", з якіх "узышлі" выдатныя творцы". Адзін з іх, паэт, перакладчык Уладзімір Скарынкін, віншуючы Міхася Канстанцінавіча, узгадаў, што яны знаёмы з даўняй пары, і менавіта дзякуючы гэтаму сяброўству і твору Коласа "Міхасёвы прыгоды", які быў напісаны менавіта на Пухавіччыне, ён упадабаў беларускую мову. "Сам Міхась піша цудоўныя вершы і эпіграмы. Нас запрашаюць разам выступаць у школах, і я заўсёды з радасцю прымаю ўдзел у такіх сустрэчах".