Кансультант упраўлення выдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі нашай краіны Алена Шыцік адзначыла на сустрэчы з журналістамі, што Ганаровым госцем выстаўкі-кірмашу сёлета стане Германія. А цэлых пяць краін прэтэндуюць на тое, каб атрымаць гэты статус у 2014 годзе, і тое не можа не сведчыць пра высокі аўтарытэт беларускай экспазіцыі. "Удзельнікі ММКВК амаль заўсёды самі дэманструюць ініцыятыву стаць Ганаровым госцем. На наступны год гэтае права атрымала Венесуэла (спецыяльным госцем побач з ёю стане Арменія, што адсвяткуе 500-годдзе сваёй кнігавыдавецкай справы), а ў 2013-м прымем Іран. Пасля іх перавагу аддадуць той краіне, якая, па меркаванні арганізатараў, найбольш зацікавіць простых беларускіх гледачоў", - кажа суразмоўца "К".
Генеральны дырэктар выстаўкі-кірмашу Дзмітрый Макараў зазначыў: "Прадстаўнікі 20 краін будуць дэманстраваць свае дасягненні кнігавыдавецкай справы на сёлетняй выстаўцы. Больш за 600 выдавецтваў, прадстаўнікоў кніжнага гандлю і іншых арганізацый прэзентуюць навінкі мастацкай і навуковай літаратуры, паліграфічнай прадукцыі. Германія- прызнаны лідар у кнігавыдавецтве і вытворчасці паліграфічнага абсталявання, таму дырэкцыі вельмі прыемна прымаць яе ў такім статусе..."
Намеснік кіраўніка місіі Пасольства ФРГ Петэр Дэтмар зазначыў, што ўдзел Германіі ў ММКВК у якасці Ганаровага госця стане стымулам для ўзаемадзеяння з Беларуссю ў кнігавыдавецкай справе і перакладах літаратуры. "Варта падкрэсліць, што патэнцыял супрацоўніцтва Германіі і Беларусі ў гэтай галіне далёка не вычарпаны. Мы гатовы і пасля выстаўкі-кірмашу актыўна працаваць з кнігавыдаўцамі. Усе кнігі, якія прадставім на сваім стэндзе, застануцца ў многіх бібліятэках, і кожны беларус зможа з імі пазнаёміцца",- адзначыў ён.
Сярод вялікай колькасці прадстаўленых выданняў будуць падборкі альбомаў і кніг па мастацтве, дызайне, краіназнаўстве, а таксама нямецкая класічная літаратура. Больш за 700 кніг на самыя розныя тэмы, якія прэзентуе краіна, аб'яднаны дэвізам: "Германія: багацце колераў і фарбаў". Сярод іншага, адбудуцца сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі і абмен досведам у сферы сучасных тэхналогій кнігавыдання.