Сваю значную дату 2 лютага Барыс Уладзіміравіч вырашыў адзначыць раней за юбілей вялікай рэтраспектыўнай выстаўкай карцін, пейзажаў, нацюрмортаў, партрэтаў у Палацы мастацтва... Яму ёсць што паказаць гледачу: цягам больш чым паўстагоддзя створана шмат цудоўных палотнаў, некаторыя з якіх увайшлі ў "залаты фонд" беларускага жывапісу.
Прасочваць шлях мастака па прыступках творчасці заўсёды цікава: ты бачыш пры гэтым напружанасць ніці, што працягнута ад яго жыцця да палатна. Паглыбляешся ў свет, адноўлены яго пэндзлем, - жывы, аб'ёмны, шматаблічны, эмацыянальны. У мастака - асобыя прыёмы вобразна-пластычнай выразнасці і асаблівая "фактурная", корпусная экспрэсія, якая, аднак, ніколі не перарывае сувязі з рэальнасцю.
У палотнах Барыса Аракчэева - час і чалавечыя лёсы. Працаўнікі палёў. Жыхары гарадоў і вёсак. Салдаты і партызаны Вялікай Айчыннай. І свежасць пейзажаў - лірычных і эпічных. І плоць нацюрмортаў. І памяць малой радзімы - Яраслаўшчыны, у тым ліку мясцін, звязаных з гімназічнай вучобай і жыццём Максіма Багдановіча. І любімыя мясціны другой радзімы - Беларусі: зямля Заслаўская, Жыровічы, Маньковічы, Бярэзіна і Свіслач... І розныя поры года, калі адлятаюць птушкі, альбо "апускаецца ночы крыло"; гарачыя дні жніва на Віцебшчыне і цёплая зіма ў Мінску...
Асаблівасць пейзажных і фігуратыўных кампазіцый Аракчэева ў тым, што яны, як правіла, трывала пабудаваны, у іх дакладна вызначаны планы. Гэтыя творы напоўнены дынамікай, экспрэсіяй, жыццём. Адно з найлепшых палотнаў у гэтым шэрагу - "Вясновыя вятры". Гэта работа майстра з вялікім прафесійным вопытам, які здольны бачыць у жыцці нешта вельмі важнае, у простым, паўсядзённым адкрываць значнае. Палатно напоўнена промнямі вясновага святла, радасцю і чалавечай цеплынёй. Тут усё знаёма з дзяцінства: і паваленыя ветрам белыя вясковыя штыкеты, і аблокі ў небе, і пяшчотная нявеста-бярозка, і густая вада, што яшчэ не вызвалена ад лёду, і хата, якую талакой будуюць сяляне. Паўсюль- веснавое абуджэнне...
Грамадзянская страснасць і чалавечнасць, абагульненне і душэўная споведзь - такі дыяпазон эстэтычных адносін мастака да рэчаіснасці. Сучаснае жыццё і гісторыя краіны - ад гродзенскіх ліхіх гусараў да герояў Брэсцкай крэпасці - вось крыніца, якая наталяе яго талент, дае ягоным творам сілу і багацце зместу. У гэтым - сутнасць і пафас творчасці Барыса Уладзіміравіча, гэтым яна і жывіцца.