Конкурс "Kaunas talent-2010" сабраў больш за сотню ўдзельнікаў з дванаццаці краін свету. Паралельна са спевакамі змагаліся вакальныя групы і танцавальныя калектывы. Беларусы, дарэчы, удзельнічалі ў гэтым творчым спаборніцтве не ўпершыню: летась Даша Надзіна, таксама выхаванка Цэнтра імя У.Мулявіна, заняла ІІ месца.
- Гэты конкурс настолькі моцны,- распавяла заслужаны дзеяч культуры Беларусі Святлана Стацэнка, - што параўнальны па сваім узроўні з дзіцячым конкурсам "Славянскага базару ў Віцебску". Я пераканалася ў гэтым яшчэ летась, калі ездзіла ў Каўнас як педагог. Там тры туры: трэба рыхтаваць тры рознахарактарныя песні, прычым адну- абавязкова на мове краіны, якую прадстаўляеш. У фінал трапляюць не больш за 40 працэнтаў канкурсантаў. Такія спаборніцтвы чарговы раз пераконваюць: часы вольнага спаборніцтва адораных ад прыроды, але непадрыхтаваных, "ненавучаных" дзяцей - у мінулым. Мы, можна сказаць, прысутнічаем пры нараджэнні новага напрамку нацыянальнай музычнай педагогікі, новай айчыннай выканальніцкай школы - дзіцячай эстраднай. Мэтанакіраваная падрыхтоўка юных эстрадных выканаўцаў у нас як сістэма навучання патрабуе дадатковай увагі і разумення.
- Сёлета ў Каўнасе вы былі членам журы...
- Так, на гэтым конкурсе - вельмі справядлівыя ўмовы галасавання, прынятыя ў Еўропе. Па-першае, адразу пасля выступлення канкурсанта кожны член журы выстаўляе свой бал, не ведаючы ні адзнак сваіх калег, ні агульных балаў іншых удзельнікаў. Па-другое, "празрыстасць" судзейства ўсё роўна захоўваецца: пасля заканчэння выступлення ўдзельнікаў балы кожнага члена журы становяцца агульнадаступнымі. Па-трэцяе ж (і гэта самае галоўнае!), член журы не мае права галасаваць за канкурсантаў ад сваёй краіны. Замест гэтага да агульнай колькасці балаў, набраных удзельнікам, яму прыплюсоўваецца сярэднеарыфметычны вынік.
- Што спявалі вашы дзяўчынкі?
- Да гэтага конкурсу мы падрыхтавалі некалькі новых кампазіцый. Для Лізы- песню "Пчолы" ў стылі фольк-мадэрн, словы і музыка Алены Жуковіч. А я напісала - "Хачу на Багамы!". Гэта песня пра ўсіх тых дзяцей, чыё дзяцінства праходзіць пад знакам сур'ёзных музычных заняткаў: маўляў, трэба граць гамы, а хочацца - на Багамы. Гэта разумелі і арганізатары: для тых, хто прайшоў на трэці тур, яны замовілі некалькі лімузінаў, на якіх везлі юных талентаў на выступленне ў Палац спорту і назад. Адметны рэпертуар быў і ў Златы з Алінай. Асабліва прыемна было чуць, што нашы беларусачкі скарылі не толькі вакальным майстэрствам і адметным іміджам, але і трапяткім стаўленнем да нацыянальных спеўных традыцый. Педагогі, кіраўнікі студый з розных краін- усе замаўлялі нашы песні! Атрымаў наш Цэнтр і запрашэнне на конкурс у Іспанію.